Гарвыканкам забараняе
Сёння навіны ў СМІ пякуцца з такой жа хуткасцю, што і батоны на цалкам аўтаматызаваных хлебазаводах. Можна сказаць, што старажытны імператыў паспяховага ажыццяўлення ўлады над насельніцтвам цалкам рэалізаваны.
Сёння навіны ў СМІ пякуцца з такой жа хуткасцю, што і батоны на цалкам аўтаматызаваных хлебазаводах. Можна сказаць, што старажытны імператыў паспяховага ажыццяўлення ўлады над
насельніцтвам цалкам рэалізаваны.
Калі ж улічыць на самай справе татальную экспансію інтэрнэта, то прапанова відовішчаў нашмат перавысіла асартымент хлеба-булачных вырабаў для масавага спажывання. Сёння ў крамах амаль кожны дзень
можна набыць хлеб новага гатунку па новай цане. Мусіць, такое паднаўленне асартыменту робіцца менавіта для прыхоўвання падвышэння коштаў. Прыкладам, раней быў чорны, быў белы хлеб і быў батон. Апошні
вырабляўся для задавальнення патрэбаў устаноў грамадскага харчавання і той часткі публікі, якая лічыла сябе прасунутай у сэнсе здаровага і смачнага харчавання.
Зараз, прыкладам, бліноў не прадаюць, але прапануюць нешта да іх падобнае пад назвай «аснова для піцы». Таму шмат хто са свядомых ці змушаных халасцякоў купляе
«асновы», каб, кінуўшы на гарачую патэльню, з’есці нешта падобнае на «цешчыны бліны».
Блін, ён і ёсць блін
Тое ж самае і з навінамі. Калі дзе ў свеце здараюцца страйкі або іншыя сацыяльныя пературбацыі, беларускае тэлебачанне з раніцы пачынае лямант. Глядзіце да чаго дайшло: настаўнікі адмаўляюцца вучыць
дзяцей, урачы — лячыць хворых, а мытнікі — выкрываць кантрабандыстаў, бо лічаць, што ўрад не забяспечвае ім годныя заробкі. Любяць распавядаць, як дзесьці нейкія парламенцкія
фракцыі абураюцца палітыкай ці маральным абліччам прэзідэнтаў ды патрабуюць іх адстаўкі. А ў нас — парадак, звесткі з палёў і рэпартажы пра тое, як прэзідэнт націскае на кнопку, што запускае
канвеер новага забойнага цэха новай птушкафабрыкі.
Маўляў, людзі занятыя мірнай стваральнай працай і маюць на вячэру тлустага каплуна. Дык навошта і супраць каго страйкаваць? Няўжо супраць прэзідэнта, які толькі што даў ход гэтаму канвееру бройлернай
смерці? Супраць гэтага мужнага і добразычлівага чалавека? Быў бы ён чымсьці падобны да нічога не вартых іншых прэзідэнтаў, тады б была іншая справа.
Таму не гняві Бога, жыві і радуйся
Цікава, што такія інфармацыйныя праграмы абапіраюцца на факты, на падзеі, якія на самай справе здараюцца кожны дзень. Для дэмакратычных краін страйкі ды іншыя пратэстныя акцыі супраць уладаў
з’яўляюцца звыклым атрыбутам грамадскага жыцця. А ў нас прэзідэнт, калі не гуляе ў хакей або не бяжыць на лыжах, або не дамаўляецца з кімсьці з багатых людзей наконт пільнай пазыкі, сапраўды
цікавіцца рэальнымі праблемамі. Шчыруе для народа.
Усё на самай справе мае месца быць. І робіцца так, як умеецца. Лепшага не бывае, а горшага не можа быць. Той, хто гэтага не разумее, — вар’ят, хто не прымае — вораг. З імі
немагчыма ні размаўляць, ні дамаўляцца. Як некалі казала адна дзівачка, на тым стаяць і не паступацца прынцыпамі.
Як вядома, Беларусь штогод здабывае вялікі ўраджай зерневых культур. Але для патрэб хлебапякарнай галіны змушана купляць пшаніцу цвёрдых гатункаў за мяжой. Тое ж самае і з інфармацыяй. Афіцыйныя СМІ
не могуць абмежаваць сябе толькі ўнутранымі падзеямі, бо ў такім выпадку інфармацыйная прастора знікла б сама па сабе, бо дастаткова было б раз на тыдзень друкаваць расклад працы службовых асоб ды
дзяржаўных устаноў. У створанай сістэме каардынат загадзя вядома, хто з іх што скажа або зробіць. Нейкую інтрыгу стварае толькі пытанне — дзе? Дзе ён выступіць, дзе ён запусціць у дзеянне
той ці іншы аб’ект. Калі гэта папяровы завод — то гаворка пойдзе пра важнасць забеспячэння народа папяровымі сродкамі. Бо нельга больш завозіць туалетную паперу з замежжа —
гэта пагражае валютнай бяспецы краіны. Калі радзільны дом, то пра каханне мужчын да жанчын і дэмаграфію.
Карацей, толькі перамяшчэнне аб’екта па інфармацыйнай прасторы робіць яго суб’ектам вытворчасці інфармацыі. Астатняе не мае амаль ніякага значэння, з той нагоды, што не ўплывае на
змест паведамлення.
Раней казалі пра газетных качак. Зараз і яны не патрэбныя. Бо сітуацыя развіваецца цалкам прадказальна. Прыкладам, нейкі час таму грамадскія арганізацыі падалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне
вулічнага шэсця з нагоды юбілею першай спробы беларусаў стварыць уласную дзяржаву. Але ж дзе тут навіна? Самі ініцыятары, як і іх контрагенты, ведалі, якім будзе адказ. Так і здарылася:
Мінгарвыканкам забараніў шэсце. Зрабіў так, як і заўсёды.
Няма навіны і ў тым, што ў нашай краіне, насуперак Канстытуцыі, людзі і грамадскія арганізацыі не могуць скарыстацца сваім правам патрабаваць вызвалення праціўнікаў рэжыму, з якіх робяць крымінальных
злачынцаў.
Дзе ж тут навіна?