Gazeta Wyborcza: энергетычная бяспека Еўропы — гэта фікцыя
«Газпром» падпісаў пагадненне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства з еўрапейскімі энергетычнымі гігантамі.
Фота zn.ua
«Gazeta Wyborcza» паведамляе, што вялікія энергетычныя канцэрны разам з «Газпромам» плануюць пракласці трубаправод Nord Stream-2 па дне Балтыйскага мора да 2019 года. Дзякуючы гэтаму Нямеччына стане галоўнай транзітнай краінай і цэнтрам гандлю расейскім газам.
Пры гэтым праект ударыць па інтарэсах Украіны і Польшчы, паведамляе газета і падкрэслівае, што лозунг пра энергетычную бяспеку Еўропы становіцца пустым словам.
Пасля анексіі Крыму Еўразвяз заявіў пра радыкальны паварот у галіне энергетычнай бяспекі. Было заяўлена, між іншым, пра дыверсіфікацыю паставак «блакітнага паліва», бо большасць газу ў Еўропу пастаўляецца з Расеі. Цяпер гэта галаслоўная і пустая дэкларацыя, падкрэслівае польскае выданне.
На пачатку верасня «Газпром» падпісаў пагадненне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства з еўрапейскімі энергетычнымі гігантамі. Падпісантамі з'яўляюцца нямецкія кампаніі BASF і E.ON, аўстрыйская OMV, брытанска-галандская Shell і французская Engi. Мэта падпісання дакументу — стварэнне Nord Stream-2 — газаправоду, які быў бы копіяй першай балтыйскай трубы, пракладзенай тры гады таму. Па кожным з газаправодаў можна прапампоўваць да 70 млрд кубаметраў газу штогод.
Калі інвестыцыя будзе рэалізаваная, то з Расеі ў Еўропу можна будзе пастаўляць 140 млрд кубаметраў газу ў год: гэта столькі, колькі ў гадавым маштабе прапампоўваецца праз тэрыторыю Польшчы і Украіны. А гэта азначае, што пасля здачы ў эксплуатацыю другой балтыйскай трубы значэнне Кіева і Варшавы ў якасці транзітных шляхоў падае амаль да нуля. Адначасова ўзрастае роля Нямеччыны, якая стане галоўным цэнтрам размеркавання газу.
Невялікія краіны Еўразвязу, перш за ўсё з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, не здаюцца. Нядаўна ў Еўрапарламенце прайшла дыскусія, прысвечаная трубаправоду Nord Stream-2, ініцыятарам правядзення якой выступілі дэпутаты ад Польшчы.
Падчас дэбатаў зазначалася, што ініцыятыва «Газпрому» і еўрапейскіх канцэрнаў уяўляе небяспеку для энергетычнай стабільнасці Еўропы і пярэчыць прынцыпам еўрапейскай салідарнасці. Паводле часткі еўрадэпутатаў, Еўракамісія павінна як мага найхутчэй высветліць, ці заключанае пагадненне не парушае законаў і правілаў ЕС, паведамляе «Gazeta Wyborcza».