Захад дапаможа?

Частка апазіцыянераў, якія выступалі за байкот выбараў, нечакана звярнулася да Еўрасаюза з просьбай паспрыяць дыялогу з уладай. Але Лукашэнка не стане сядаць з імі ні за круглы, ні за квадратны стол. Для яго яны — «збітыя лётчыкі».



32b98910_d71d_4652_8dad_283fc8785cc7_mw800.jpg

Частка апазіцыянераў, якія выступалі за байкот выбараў, нечакана звярнулася да Еўрасаюза з просьбай паспрыяць дыялогу з уладай. Колькі высілкаў яны паклалі на тое, каб не дапусціць «легітымізацыі ўлады на Захадзе», і зараз сваёю заяваю фактычна перакрэслілі ўсю сёлетнюю барацьбу.

Як піша афіцыйны часопіс Еўрасаюза "Еuobserver", пяцёра беларускіх апазіцыйных лідараў звярнуліся з адкрытым лістом да ЕС з просьбай перазапусціць унутраныя перамовы аб дэмакратычных рэформах у Беларусі. Ліст з’явіўся 30 кастрычніка, калі стала зразумелым, што ЕС прыпыняе санкцыі супраць Лукашэнкі і яго атачэння.

Зварот падпісалі прадстаўнікі найперш «непрымірымай апазіцыі»: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Павел Севярынец, а таксама Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч. Да іх далучыўся лідар партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

Як гаворыцца ў лісце да кіраўнікоў інстытутаў ЕС, блок павінен выкарыстаць свой уплыў на Аляксандра Лукашэнку, каб перазагрузіць «круглы стол» паміж уладай і апазіцыяй пры пасярэдніцтве АБСЕ, закансерваваны ў 1999 годзе. Палітыкі лічаць, што «перамоўны працэс», які павінен уключаць пасрэднікаў ад АБСЕ і ад органаў ЕС, можа «пашырыць прастору свабоды» для рэфармістаў. Яны таксама заклікалі ЕС патрабаваць лепшых стандартаў у Беларусі падчас парламенцкіх выбараў у наступным годзе, напрыклад, шляхам прыняцця апазіцыянераў у выбарчыя камісіі і забеспячэння «адкрытага і празрыстага» падліку галасоў.

Адзін з падпісантаў гэтага ліста, Анатоль Лябедзька, патлумачыў неабходнасць такога звароту. «Гэта суверэннае права ЕС — прымаць кропкавыя абмежаванні ў дачыненні да чыноўнікаў, якія парушаюць унутранае права і міжнародныя абавязкі і замарожваць гэтыя абмежаванні ці наогул адмяняць. Замарозка санкцый адбылася, але не агучана, што мусіць зрабіць беларуская ўлада за гэтыя месяцы замарожвання. Тут пытанне правісае. І мы вырашылі ўзяць гэта на сябе і сфармулявалі «дарожную мапу» — што пажадана зрабіць для Беларусі за той час, пакуль кропкавыя абмежаванні знаходзяцца ў замарожаным стане», — сказаў палітык.

Першы крок, зазначыў палітык, гэта не «круглы стол», як падаецца ў СМІ, а змены ў выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку. «Мы так і называем гэты крок — вярнуць людзям права выбару», — падкрэсліў Лябедзька. А ўжо потым ідуць і перамовы з апазіцыяй, і сумленнае правядзенне парламенцкіх выбараў 2016 года.

У адказ на абвінавачванні ў тым, што, пасля ігнаравання выбараў і «недапушчэння легітымізацыі рэжыму» яны самі прынялі захады да гэтай легітымізацыі, палітык адказвае: «Тое, што мы рабілі па дэлегітымізацыі вынікаў выбарчай кампаніі — давайце назавем рэчы сваімі імёнамі, — яно і ўвайшло ў высновы, якія зрабілі міжнародныя наглядальнікі БДІПЧ АБСЕ. Мы справу выканалі добрасумленна: сабралі доказы, што няма свабодных і сумленных выбараў. А што далей? Далей я нічога не бачу, як рабіць прапанову мяняць выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку. Мы змушаны зрабіць гэта, каб не аддаваць перамоўную пляцоўку з Захадам на сто працэнтаў Лукашэнку».

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі наконт заявы палітыкаў да ЕС адзначыў, што «іронія сітуацыі сапраўды палягае ў тым, што калі гэтыя апазіцыянеры просяць Еўропу, каб яна зладзіла круглы стол з Лукашэнкам, то яны самі дэ-факта прызнаюць Лукашэнку за легітымнага кіраўніка ў краіне». «Бо іначай яны, згодна з іх жа парадыгмай, мусяць ставіць яго ў ігнор», — дадае эксперт.

Лукашэнка не стане сядаць з імі ні за круглы, ні за квадратны стол, упэўнены эксперт. Ён узгадаў, што перамовы ўлады і апазіцыі і ў 1999 годзе ні да чаго не прывялі, нягледзячы на некаторыя дасягнутыя дамоўленасці і нават на тое, што ў тыя часы апазіцыя была значна больш моцная і кансалідаваная, чым зараз. «А зараз хто прапануе перамовы? Двое з іх не здолелі сабраць сто тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты, астатнія не маюць зарэгістраваных у краіне структур. Для Лукашэнкі яны «збітыя лётчыкі», з якімі размаўляць не варта», — кажа Класкоўскі.

Ці ёсць заява палітыкаў «легітымізацыяй рэжыму»? На гэты конт можна шмат спрачацца, але ў Еўропе яе, падаецца, успрынялі менавіта так. Напрыклад, дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Петрас Аўштравічус ужо ўхваліў ідэю круглага стала. І дадаў: «Для мяне Беларусь з’яўляецца ўсходнім партнёрам ЕС — гэта вельмі складаны, з вялікай колькасцю недахопаў, але ўсё ж такі партнёр».

Варта зазначыць, што гэтую «дарожную мапу» не падпісала кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Таццяна Караткевіч, якую пад час прэзідэнцкіх выбараў якраз і абвінавачвалі ў спробах "легітымізацыі ўлады". Як высветлілася, гэтую "легітымізацыю" рыхтавалі зусім іншыя людзі.