Апазіцыя просіць Еўрасаюз арганізаваць круглы стол з Лукашэнкам

Беларуская апазіцыя звяртаецца да Еўрасаюза з просьбай арганізаваць круглы стол з Лукашэнкам унутры краіны. 



per.jpg

politobzor.net

У 1999 годзе гэты план пацярпеў паразу. Ці дапаможа Еўропа цяпер?

У адкрытым лісце да кіраўнікоў інстытуцыяў ЕС Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец і Мікола Статкевіч просяць ЕС быць пасярэднікам у арганізацыі перамоваў з Лукашэнкам наконт рэформаў і дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Выданне «Euobserver» піша, што ў першую чаргу палітыкі разлічваюць на празрысты падлік галасоў і дазвол апазіцыі ўвайсці ў выбаркамы.

З марнай прапановай падпісаць ліст апазіцыянеры звярнуліся да Аляксандра Мілінкевіча і Таццяны Караткевіч. Нядаўняя кандыдатка на прэзідэнта заявіла, што мае мэту «палепшыць узровень жыцця людзей, а не патрабаваць ад Лукашэнкі дэмакратычных рэформаў». Мілінкевіч адказаў, што сышоў з палітыкі.

«Euobserver» цытуе ананімнага беларускага актывіста, які не верыць у дэмакратычная змены пры сённяшняй уладзе: «Еўропа не можа пагрукацца да прэзідэнта, даць яму пісталет і папрасіць застрэліцца ў імя дэмакратыі. Змены ў Беларусі наступяць пасля Лукашэнкі».

Ліст быў напісаны 30 кастрычніка, і да сёння ЕС пакуль афіцыйна не адрэагаваў на яго. Аднак, літоўскі палітык Петрас Аустрэвічус ужо заявіў, што варта прыслухацца да ідэі беларускіх апазіцыянераў, адзначае Белсат.