Прафсаюз РЭП просіць Лукашэнку адмяніць кантрактную сістэму

Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адмяніць Дэкрэт №29 і кантрактную сістэму.



kontrakt.jpg

reseauinternational.net

“Гэты крок будзе справядлівым у адносінах да выбаршчыкаў, дазволіць матываваць высокавытворчую працу і значна аздаравіць мікраклімат на прадпрыемствах і ў калектывах”, — напісалі аўтары звароту.

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч дадае, што сённяшняя сітуацыя з кантрактнай сістэмай “на руку” толькі ўладзе.

— Кантрактная сістэма ў краіне дзейнічае не так, як патрэбна. Дэкрэт №29 з’явіўся на свет у далёкім 1999 годзе, калі востра паўстала пытанне, як стрымліваць высокакваліфікаваных спецыялістаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях. І тады прымяненне гэтага дакумента дало магчымасць пераводзіць работнікаў на кантракты з істотным павелічэннем заробку. І ў той жа час кадры ўдалося захаваць на многіх прадпрыемствах, — разважае Генадзь Фядыніч у інтэрв’ю Радыё Рацыя. —  А што адбываецца зараз? На кантракты перавялі ўсіх! Пры гэтым з многімі працоўныя пагадненні заключаюцца на зусім кароткі тэрмін — на год. Атрымліваецца, што чалавек кожны год павінен жыць у страху, што яго могуць зволіць ці не працягнуць кантракт.

Прафсаюз РЭП прапанаваў кіраўнітцву краіны, каб усе надбаўкі і выплаты, якія прадугледжаны кантрактам, былі пераведзены ў тарыфы і аклады.