Апублікаваны спіс асоб і прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх прыпынены санкцыі ЕС

У Афіцыйным журнале Еўрасаюза апублікаваны спіс беларускіх фізічных асоб і прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх прыпынена дзеянне санкцый. У спісе 171 прозвішча і 10 прадпрыемстваў.



rb_eu_1_245.jpg

Фота з сайта belapan.by
Дзеянне санкцый прыпыненае ў тым ліку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшых сыноў Віктара і Дзмітрыя, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і яго папярэдніка Сцяпана Сухарэнкі.
У спісе прадпрыемстваў значацца "Белтэхэкспарт", "Белтэх Холдынг", "Спецпрыборсэрвіс", кампаніі "Трайпл" і "Ракаўскі бровар", футбольны клуб "Дынама", "Прастор-Трэйд", "АкваТрайпл", "КварцМелПрам", "Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў".
Згодна з рашэннем, пад санкцыямі застаюцца чатыры чалавекі, якіх ЕС лічыць маючымі дачыненне да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999—2000 гадах. Размова ідзе пра Уладзіміра Навумава (былы міністр унутраных спраў), Віктара Шэймана (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрыя Сівакова (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрыі Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).
Працягвае таксама дзейнічаць эмбарга на пастаўку ўзбраенняў.
Рашэнне Савета ЕС набывае моц 31 кастрычніка.
Між тым МЗС Беларусі неаднаразова заяўляла, што беларускі бок разлічвае на поўную адмену санкцый ЕС. "Разлічваем, што гэтае рашэнне прывядзе да хутчэйшай непасрэднай адмены ўсіх санкцый і нармалізацыі адносінаў паміж Беларуссю і ЕС. Гэта адпавядае інтарэсам усіх бакоў", — заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык, каментуючы рашэнне Савета ЕС.
Эксперты не чакаюць эканамічнага прарыву ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС з-за прыпынення санкцый. "Наўрад ці варта чакаць, што будзе нейкі залады дождж, — зазначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў. — Можна гаварыць пра тое, што ў сярэднетэрміновай перспектыве, у 5–8 гадоў, заходнія інвестары прывыкнуць да думкі, што Беларусь — гэта не краіна-ізгой, што яна не знаходзіцца пад нейкімі абмежаваннямі іх нацыянальных дзяржаў, адпаведна, можна ў гэтую краіну ўкладваць". Аналітык не выключае, што зацікаўленасць інвестараў будз расці, калі ў Беларусі "ўсё будзе больш-менш у парадку з эканомікай і палітыкай".
У сваю чаргу палітолаг Андрэй Елісееў адзначае: адмена санкцый можа быць карысная ў тым выпадку, калі з`явяцца дадатковыя інструменты і фінансаванне з боку ЕС, доступ да крэдытных ліній або праграм тэхнічнай дапамогі, якія раней не былі магчымыя". "А так санкцыі, якія дзейнічалі ў дачыненні да фізічных асоб і пэўнай колькасці кампаній, нават мінімальнага ўплыву на эканоміку не мелі", — дадаў эксперт. 
Елісееў не выключае, што адразу пасля прыпынення санкцый Беларусь і ЕС могуць пачаць абмеркаванне пытанняў тэхнічнай дапамогі і крэдытаў. Больш за тое, кажа палітолаг, калі працэс працягнецца, то на працягу найбліжэйшых месяцаў можа паўстаць і пытанне аб заключэнні нейкага асноўнага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Мінскам і Бруселем.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН