Галоўчанка пракаментаваў рост цэн: калі б ведалі, то ўкладваліся б не ў золата, а ў сталь
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка лічыць, што на фоне іншых краін інфляцыя ў Беларусі выглядае прыстойна.
Беларускі прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка звязвае рост цэн з падаражаннем сыравіны, змяненнем лагістыкі праз санкцыі. Паводле яго слоў, урад не выкарыстоўвае ўсе інструменты, каб замарозіць цэны, таму што не можа.
«У многіх краінах Еўрапейскага саюза яна пабіла ўсе рэкорды, якія трымаліся 40 або 50 гадоў. Таму на гэтым фоне мы выглядаем вельмі прыстойна», — сказаў Галоўчанка на суботніку. Відэазапіс размовы з журналістамі апублікавала прэс-служба ўрада.
У Беларусі ў сакавіку інфляцыя склала 6,1%. Быў пабіты рэкорд, які трымаўся 11 гадоў. Такія або больш высокія тэмпы росту цэн адзначаліся падчас валютнага крызісу 2011 года, калі за лета беларускі рубель абваліўся да долара ў тры разы. Прэм'ер адзначыў, што, нягледзячы на тое, што беларуская інфляцыя выглядае на фоне іншых краін «прыстойна», яна застаецца галаўным болем «эканамічнага штаба».
«Іншае пытанне, што мы не ўсе інструменты можам прымяняць для таго, каб стрымаць ці замарозіць рост цэн. Мы іх стрымліваем, вядома ж. Калі б не ўжываліся меры, то сітуацыя з інфляцыяй была б значна больш складанай. Але пакуль, яшчэ раз падкрэсліваю, што на фоне тых краін, якія не падвяргаюцца шокам санкцыйным, мы выглядаем цалкам прыстойна», — дадаў ён.
Галоўчанка адзначыў, што меры па стрымліванні маюць сістэмны характар і не падабаюцца гандлю і вытворцам.
«Не ўсім яны падабаюцца, асабліва гандлю, вытворцам, але на першае месца мы ставім інтарэсы беларускіх грамадзян. Нягледзячы на тое, што рост цэн адбываецца, мы стараемся і рэалізоўваем праграму росту рэальных даходаў насельніцтва для таго, каб ён ўраўнаважваў рост цэн», — сказаў Галоўчанка.
Ён таксама патлумачыў рост інфляцыі.
«Вядома ж, галоўным чынам гэта ўсё звязана з падаражаннем тавараў, якія мы выкарыстоўваем у вытворчай дзейнасці, так званага прамежкавага імпарту, больш складанымі схемы паставак становяцца, сыравіна б'е рэкорды па ўсіх напрамках. Як цяпер жартуюць, калі б год таму ведалі, то ўкладваліся б не ў золата, а ў сталь, якая цяпер расце вялікімі тэмпамі», — апісаў сітуацыю прэм'ер.
Прэм'ер таксама анансаваў дадатковыя меры падтрымкі эканомікі. Яны абмяркоўваліся на пасяджэнні прэзідыума Саўміна ў канцы тыдня.
Паводле reform.by.