«Гарант» абяцае народу грошы. Але народ не дачакаецца

Як звычайна, перад выбарамі трэба залагодзіць электарат — даць трохі грошай бюджэтнікам і пенсіянерам. Але ні даць, ні ўзяць іх аднекуль не атрымаецца, бо нават «старэйшы брат» зацягвае паясы.

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Электаральная кампанія ў Беларусі пачалася і патрабуе бюджэту. Прычым чым складаней кампанія, тым больш важна своечасова і ў поўным аб'ёме паабяцаць і раздаць плюшкі. Але гэтым разам унутраныя і знешнія фактары складваюцца так, што падмацаваць абяцанні будзе складана. У бюджэце дэфіцыт, а адзінаму крэдытору самому даводзіцца займаць, прычым вельмі дорага.

Электарат чакае

Аднымі з першых свежую порцыю абяцанняў атрымалі настаўнікі на нядаўнім рэспубліканскім педсавеце. Лукашэнка асабіста паабяцаў (дакладней, пацвердзіў абяцанне) да 2025 года выраўнаваць заробкі работнікаў адукацыі з сярэднім па краіне, піша «Plan B».


Глядзіце таксама

«Пытанні сацыяльнай падтрымкі настаўнікаў, умацавання станоўчага іміджу педагога і школы — прыярытэтны напрамак нашай палітыкі. І праца ў гэтай сферы будзе працягнутая. Да 2025 года мы выраўняем заработную плату работнікаў адукацыі з сярэдняй па краіне», — заявіў ён.

А даганяць яшчэ шмат. Ліпеньскія заробкі ў адукацыі больш чым на траціну адставалі ад сярэдняга па краіне заробка ў 2,4 тысячы рублёў «бруднымі».

Пры гэтым бюджэт 2025 года — не гумовы.

А што ў тумбачцы?

Галоўную бюджэтную традыцыю ў будучым годзе вырашана захаваць. Даўгі плаціць Беларусь не плануе. Мінфін плануе рэфінансаваць тры чвэрці выплат па сваім доўгу. Гэта значыць, пазычыць зноў, перанесці тэрміны выплат або проста не плаціць.

Гэтую даўгавую арыфметыку «Plan B» разбіраў падрабязна, але яна такая прыгожая, што асноўныя тэзісы можна і паўтарыць.

На гэты год выплаты па доўгу разам з працэнтамі чакаліся на ўзроўні 3,9 мільярдаў долараў. На будучы год адны толькі выплаты, без працэнтаў, былі запланаваны ў 2,3 мільярда.

Але гэта калі лічыць па спецыяльных методыках падліку беларускага Мінфіна. Таму што беларускі Мінфін дагэтуль лічыць, што, напрыклад, з пакупнікамі еўрабондаў ён разлічыўся. Толькі выплаты былі не ў валюце, як належыць па дамове, а ў беларускіх рублях. І пералічыў іх Мінфін не крэдыторам, а на рахункі дзяржаўнага «Беларусбанка». Так што пераважная большасць трымальнікаў беларускіх папер выплат пакуль не дачакаліся.


Глядзіце таксама

Уласных грошай на вяртанне даўгоў у Беларусі няма. Дэфіцыт бюджэту 2025 года запланаваны на ўзроўні 4,5 мільярда рублёў. Іх урад збіраецца ўзяць у пазыку на ўнутраным або знешнім рынку. З унутраным усё зразумела. Тым, у каго праз турбулентнасць апошніх гадоў утварыліся лішкі, пара падрыхтавацца.

Саюзнік, дай грошай

А як там пажывае наш галоўны саюзнік і крэдытор?

Мала таго, што ён пачаў псаваць нам знешнегандлёвую карціну, не ў час вырашыўшы астуджаць сваю эканоміку, якую ліхаманіць. У яго, падобна, у самога грошай няма: нафта танная і падсанкцыйная, газ бяруць дрэнна, калій патаннеў, а бамбіць Украіну ўсё яшчэ выключна дорага. І ўсе хаўруснікі, гатовыя падзяліцца з Расіяй апошняй ракетай і «Шахедам», як на падбор нерэсурсныя.


Глядзіце таксама

Вось і даводзіцца расійскаму Мінфіну браць у доўг самому, ды яшчэ наракаць, што так дорага не займаў больш за 20 гадоў. Як піша «Коммерсант», даходнасць доўгатэрміновага выпуску дзяржаблігацый з пастаянным купонам па выніках аўкцыёну ўпершыню з 2002 года перавысіла ўзровень 16% гадавых у рублях. І давялося браць — рынкавыя ўмовы пагаршаюцца, стаўкі растуць, у верасні чакаюць новага ўздыму ключавой стаўкі Цэнтрабанка.

Малодшаму саюзніку, падобна, давядзецца зацягваць паясы і з сумам згадваць тыя часы, калі краіна займала на сусветных рынках пад 7% і разлічвала, што стаўка будзе падаць па меры абзавядзення годнай крэдытнай гісторыяй. Але нешта пайшло не так. Прыкладна ўсё.