Глыбоцкая ці Рагачоўская? Беларуская згушчонка зменіць дызайн па патрабаванні Расіі
Згушчонка вытворчасці Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната ўслед за Рагачоўскай пройдзе рэбрэндынг. Знакамітую бела-сінюю этыкетку на банках прыйшлося памяняць па патрабаванні расійскіх вытворцаў гэтага ж прадукту.
Як напісаў тэлеграм-канал «Гідкі Какабай», расійскія вытворцы праз «Распатэнт» запатэнтавалі цэласны вобраз савецкай згушчонкі і цяпер высылаюць усім вытворцам згушчанага малака прэтэнзіі за выкарыстанне пры вырабе прадукту «савецкага» выгляду.
Вынікам стане страта глыбоцкай згушчонкай вядомага на прасторах экс-СССР выгляду тары. Праўда, Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат мяняе этыкетку свайго згушчанага малака ў бляшаных банках не кардынальна — прынамсі, колеравая гама застанецца той жа.
Адзначым, што прадпрыемству з Глыбокага прыйдзецца памяняць знешні выгляд не толькі знаёмай беларускім і не толькі спажыўцам банкі: Глыбоцкі МКК сёння вырабляе каля 60 найменняў натуральнай малочнай прадукцыі. Уся яна па ўказцы з Масквы павінна будзе памяняць «адзёжку».
Новы дызайн бляшаных банак класічнага ўзору стане адной з апошніх змен — многія віды ўпакоўкі зазналі трансфармацыю раней (да прыкладу, згушчонка ў дой-паку).
Нягледзячы на змены беларусы яшчэ некалькі месяцаў змогуць атрымліваць згушчанае малако ў звыклым выглядзе — прадаваць ужо вырабленую згушчонку ў Беларусі ГМКК можа, тым больш што ў гандлёвых сетак на складах ёсць запас згушчонкі на некалькі месяцаў.
Глыбоцкі камбінат з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў малочных прадуктаў як у Беларусі, так і ў краінах былога СССР. І згушчанае малако — яго візітная картка. Больш за палову беларускай малочнай прадукцыі адпраўляецца на экспарт — у асноўным у Расію. Беларуская згушчонка займае ў гэтым экспарце долю ў 14%. А для Расіі гэта — каля 90% імпарту ўсёй згушчонкі.