«Гомсельмаш» сыходзіць у Кітай?
Аб’яднанне «Гомсельмаш» заявіла аб стварэнні ў Кітаі двух новых заводаў па вытворчасці камбайнаў. У Гомелі ж асноўныя прадпрыемствы аб’яднання даўно працуюць у скарочаным рэжыме.

«Гомсельмаш» збіраецца выпускаць камбайны сумесна з кітайскай карпарацыяй «Цзуншэн». Пра гэта распавёў прадстаўнік гомельскага акцыянернага таварыства: «У нас сумесны праект — гэта будуць два зборачныя заводы. У перспектыве будзе і яшчэ адзін — трэці. Маем выпускаць сярэднія збожжаўборачныя камбайны, — магутнасьць абмалоту 8 кілаграмаў збожжа ў секунду. Гэта камбайны для ўборкі пшаніцы, а таксама кукурузы ў пачатках на зерне. У больш аддаленай перспектыве, мабыць, будуць яшчэ бульба- і кормаўборачныя камбайны».
Сумесныя прадпрыемствы з карпарацыяй «Цзуншэн» будуць адкрыты ў двух кітайскіх правінцыях:
«Пакуль гэта ў правінцыях Ганьсу і Хэбэй. Там ёсць прамысловыя зоны, прамысловыя паркі. Кітайская дзяржава вылучыла там па 20 гектараў — для «Гомсельмаша» і Мінскага трактарнага завода, каб вырабляць камбайны і трактары. Нам вылучаюць плошчы на ільготных умовах».
У сельмашаўцаў ёсць досвед працы на кітайскім рынку. З 2009 года ў правінцыі Хэйлунцзян існуе сумеснае прадпрыемства «Харбін Дун Цзін Гомель», дзе сабрана каля двух з паловай тысяч сельскагаспадарчых машын, распрацаваных гомельскімі камбайнабудаўнікамі.
Іншая справа, што на самім аб’яднанні ў Гомелі сітуацыя склалася не лепшым чынам. Прадпрыемства ўжо больш за год працуе ў скарочаным рэжыме — чатыры і нават тры дні ў тыдзень. Рабочых рэгулярна адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі. У красавіку камбайнабудаўнікоў дадаткова адпачывалі чатыры дні — 3, 10, 17 і 25 красавіка.
Праблемы на «Гомсельмашы» пачаліся, калі ён страціў дзяржаўныя прэферэнцыі на выпуск сельскагаспадарчай тэхнікі. У мінулым годзе сітуацыя яшчэ пагоршылася, бо Расія, на якую ў асноўным арыентаваліся камбайнабудаўнікі, трапіла ў фінансавы крызіс і перастала купляць у ранейшых аб’ёмах гомельскія камбайны.
Не разлічваліся належным чынам за тэхніку і беларускія спажыўцы. Кампенсаваць частку доўгу павінны ў гэтым годзе ўрад.
З пачатку года з «Гомсельмаша» звольнілі больш за сто чалавек. Для прадпрыемства, на якім працуюць 9.500 супрацоўнікаў, сітуацыя не крытычная. Іншая справа, што звальненні маюць ўстойлівы характар. Працоўных не тое каб адразу выкідваюць на вуліцу — проста з часткай з іх не працягваюць кантрактаў.
Не так даўно сельмашевцы пэўныя надзеі звязвалі з пашырэннем паставак сваёй тэхнікі ва Украіну праз сумеснае прадпрыемства ў Харкаве. Аднак месяц таму Харкаўскі трактарны завод адмовіўся вырабляць збожжавыя камбайны сумесна з «Гомсельмашам» і пераарыентаваўся на фінскую кампанію Sampo Rosenlew, каб будаваць больш сучасныя машыны і прадаваць іх не толькі ў сябе, але і ў іншыя краіны.