Грошы — направа і налева

Той, хто лічыць Беларусь беднай краінай, моцна памыляецца. Грошай у нас — заваліся. Трэба толькі ведаць, дзе іх шукаць. Улада звыкла шукае іх у кішэнях грамадзян: то «падатак на дармаедства» ўвядуць, то аўтазбор. Не там шукаюць!



81794214_dollarprinter_jpegjpeg1.gif

Шукаць грошы трэба ў скарачэнні дзяржаўных выдаткаў. На тыдні старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што два туры прэзідэнцкіх выбараў абыдуцца бюджэце Беларусі ў 260 мільярдаў рублёў, адзін тур — 181 мільярд. «Грошы будуць выдзелены ў поўным аб’ёме і цалкам забяспечаць у разумных рамках правядзенне ўсіх этапаў выбарчай кампаніі», — сказала Ярмошына.

Кажучы пра другі тур, яна адзначыла, што выдаткі на яго заўсёды закладаюцца ў бюджэт. «Другі тур прадугледжвае наяўнасць вострай альтэрнатыўнай барацьбы моцных кандыдатаў, якія супрацьстаяць адзін аднаму», — паведаміла Ярмошына прапісную ісціну, пра якую беларусы, мабыць, ужо забыліся. Другога туру прэзідэнцкіх выбараў у нас не было з часоў абрання Лукашэнкі ў 1994 годзе.

Што цікава ў гэтых лічбах? Тое, што напачатку снежня мінулага года кошт выбараў ацэньваўся ў 100 мільярдаў рублёў і, па тых валютных курсах, складаў 9,3 мільёна долараў. Зараз нам называюць кошт аднаго тура ўжо ў 181 мільярд. Можна было б спісаць гэта на студзеньскую «гібрыдную дэвальвацыю», але… У доларавым выражэнні па сённяшнім курсе адзін тур каштуе ўжо 11 мільёнаў 830 тысяч 65 долараў і 36 цэнтаў. То бок, нехта недзе паміжсобку «папілуе» два з паловай мільёны «зялёных». Някепская прыбаўка да пенсіі!

Між тым, па-першае, бюджэт краіны, у якім закладзеныя выдаткі на выбары, пакуль што не карэктаваўся, хаця пра такую магчымасць і заяўлялі адказныя чыноўнікі. То бок ў ім па-ранейшаму на выбары закладзена першасная сума — 100 мільярдаў рублёў. Адкуль возьмецца яшчэ 81 мільярд — невядома. Па-другое, і першая сума выглядала вельмі вялікай. Справа ў тым, што зараз выбары праходзяць па новых правілах. Прэтэндэнтам на галоўную пасаду краіны з бюджэту не перападае ані каліва — весці кампанію яны павінныя выключна на свае сродкі з адмыслова створаных выбарчых фондаў.

Варта зазначыць, што адзін тур парламенцкіх выбараў 2012 года каштаваў краіне прыкладна 76 мільярдаў рублёў. Мясцовыя выбары 2014 года абышліся ў тыя ж 100 мільярдаў. Працэдура фармавання выбарчых камісій не змянялася, метадычкі для сябраў выбарчых камісій — таксама, друк бюлетэняў для выбараў цэнтралізаваны… Ярмошына, праўда, парэкамендавала завесці на ўчастках празрыстыя скрыні для галасавання, але ж пры тым зазначыла, што «гэта толькі мода». І ў дадатак паставіла задачу «празрыстасці скрыняў» мясцовым уладам, — то бок, з выбарчага бюджэту на іх не марнуецца ні капейкі. Дык чаму ж кошт выбараў у рублёвым эквіваленце вырас амаль удвая, а ў доларавым — на два з паловай мільёны? Загадка.

Яшчэ адна цікавая навіна прыйшла з Камітэта дзяржкантролю. Паводле іх справаздачы, у 2014 годзе 1 031 арганізацыя, ці 47% ад тых, хто атрымаў дзяржпадтрымку, не выканала ўмовы гэтай дзяржпадтрымкі.

Усяго ў 2014 годзе з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў аказана дзяржпадтрымкі і прэферэнцый на 29,9 трыльёна рублёў, што на 10,8 трыльёна больш, чым у 2013 годзе.

Калі «невыканаўцаў дзяржпадтрымкі» пералічыць па «дагібрыдным» курсе долара (яны ж грошы атрымлівалі ў 2014-м годзе, праўда?), то атрымаеца, што дзяржава змарнавала на гэтую падтрымку больш за мільярд долараў! І, гледзячы па ўсім, гэты мільярд долараў быў проста «спісаны ў страты». Таму што ў тым жа паведамленні КДК зазначаецца, што «нягледзячы на складаныя знешнеэканамічныя ўмовы, у краіне забяспечаны эканамічны рост і сацыяльная стабільнасць».

Рост ВУП сінявокай за мінулы год склаў 1,6% замест прагназаваных 3,3%. Але што яшчэ для шчасця трэба? Добра, што не ў мінусе, а астатняе — абы не было вайны, пэўна, лічаць у КДК.

А грошы… Што грошы? Грошай можна надрукаваць, колькі заўгодна. Праўда, сам Аляксандр Рыгоравіч забараніў гэта рабіць. На тыдні ён яшчэ раз паўтарыў: заробкі перад выбарамі накручвацца не будуць. «Мы адкрыта і сумленна сказалі: мы не будзем пад выбары, друкуючы грошы ці адбіраючы з золатавалютных і іншых рэзерваў, накручваць заработныя платы. Але калі мы не маем такой магчымасці на павышэнне зарплаты, цэны павінны быць адпаведныя. Гэта ў нашых руках», — у чарговы раз прамовіў Лукашэнка.

Праўда, яго ніхто не слухаецца. Інфляцыя ў Беларусі за май гэтага года склала 0,7%. Увогуле, сінявокая — трэцяя ў краінах былога СССР па росце спажывецкіх цэнаў. Па выніках студзеня—мая 2015 года гэты рост склаў 6,5%. Наперадзе толькі ваюючыя краіны — Украіна (40,1%) і Расія (8,3%). А што тычыцца самога мая, то «крыштальны сасуд» апярэдзіў па росце цэнаў і Расію, заняўшы другое месца пасля Украіны, дзе кошты падраслі на 2,2%.

Дарэчы, з 1 ліпеня ў нас будуць усе шанцы заняць і першае месца па росту коштаў на постсавецкай прасторы. Гэта звязана з тым, што мы скажам «гуд бай» самай дробнай пакуль што беларускай купюры ў 50 рублёў. «Пяцідзесяцірублёўкамі» можна будзе разлічыцца ў крамах да 1 верасня 2015 года, аднак ужо з 1 ліпеня банкі і крамы спыняць выдачу 50-рублёвых банкнот фізічным асобам, у тым ліку ў якасці рэшты.

Фактычна гэта азначае акругленне ўсіх коштаў да соцень рублёў. А паколькі законы матэматыкі ніхто не адмяняў, то з 50 акругленне ідзе ў вышэйшы бок. Адпаведна, на 50 рублёў кошты ўзрастуць па ўсіх таварах, на якіх цэннік кратны 50-ці.

А наконт «друкавання грошай» крышачку агаломшылі ў Еўразійскім фондзе стабілізацыі і развіцця. Гэты фонд мае абмеркаваць 3 ліпеня заяўку Беларусі на атрыманне новага крэдыту. Таму эксперты гэтай установы шчыльна вывучаюць сітуацыю. Дык вось, яны ў першую чаргу выказалі занепакоенасць не чым-небудзь, а «павелічэннем грашовай масы ў беларускай эканоміцы». «Паскарэнне росту колькасці грошай у эканоміцы ў маі можа быць падставай для турботаў з пункту гледжання яго ўплыву на інфляцыю і плацежны баланс», — канстатуюць аналітыкі ЕФСР.

То бок, у маі станок для друку грошай, у адрозненне ад іншых шматлікіх вытворчых прадпрыемстваў, сваю працу не спыняў. Куды ж сыходзяць гэтыя грошы пры адсутнасці павелічэння заробку — загадка таксама.