Грошы Саюзнай дзяржавы: армія, чыноўнікі, міліцыя і праўладныя СМІ

Саюзная дзяржава мае бюджэт, які паспяхова асвойваецца. У 2021 годзе ён склаў 160,9 мільёна беларускіх рублёў. Даходы гэтага бюджэту — штогадовыя адлічэнні ад Беларусі (35%) і Расіі (65%). Праект «Кошт урада» паглядзеў, на што ідуць грошы Саюзнай дзяржавы.

1e48f8e96999ff0b84a7d.jpg

Насамрэч, гэта вельмі важны паказчык, які адлюстроўвае прыярытэты, якія ставяць перад сабой дзве краіны. Калі ў вас шмат часу, можна пачытаць вялікі артыкул у снежаньскім нумары часопіса Міністэрства фінансаў пра асаблівасці размеркавання сродкаў у Саюзнай дзяржаве, дзе падрабязна апісваецца, куды сыходзяць саюзныя грошы. Аналітыкі звяртаюць увагу толькі на важную цытату ў гэтай публікацыі: «Большасць праектаў рэалізуецца ў стратэгічна-важных навукаёмістых і высокатэхналагічных галінах».
Калі паглядзець на размеркаванне расходаў саюзнага бюджэту ў 2021 годзе, вы са здзіўленнем убачыце, што самымі навукаёмістымі і высокатэхналагічнымі галінамі аказаліся «праваахоўная дзейнасць і бяспека» на якую выдзяляецца 48 млн рублёў (каля 30% ад агульнай сумы) і СМІ — 29,2 млн рублёў ці 18% ад агульнага бюджэту.
Далейшыя прыярытэты размеркаваліся наступным чынам: «органы саюзнай дзяржавы» — 25,8 млн рублёў, або 16% ад агульнай сумы, «фундаментальныя даследаванні» — 20,4 млн рублёў або 13% ад агульнага бюджэту, «папярэджанне і ліквідацыя надзвычайнага здарэння» — 14 ,4 млн ці 9%, «вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва» — 9,4 млн рублёў ці 6%.
Шляхам нескладаных падлікаў, мы можам зрабіць выснову, што 70% бюджэту ідзе на войска, чыноўнікаў, міліцыю і праўладныя СМІ.
А як жа навука і інавацыі? Як мы бачым, больш за ўсё пашанцавала «фундаментальным даследаванням», усе астатнія артыкулы выдаткаў выглядаюць зусім нязначна. Адукацыя — 2,9 млн або 2%, транспарт, інфарматыка і сувязь — 3,4 млн або 2%, мастацтва, культура, кіно — 2,4 млн або 1%.
Прычым, калі мы паглядзім даныя ў дынаміцы, то ўбачым, як прыярытэты мяняліся. Так, напрыклад, праваахоўная дзейнасць у 2017 годзе «з'ядала» толькі 7% саюзнага бюджэту, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва 0,5%, выдаткі на чыноўнікаў займалі 13%. Затое раней каля 20% бюджэту займала прамысловасць — сёння яна наогул знікла з артыкулаў выдаткаў. Культура ў найлепшыя гады магла прэтэндаваць на 4%.
Вось вам і рэальныя прыярытэты супрацоўніцтва дзвюх мірных дзяржаў «для народа». Ніхто іх не хавае.