Хто спансуе беларускі цуд?

«Гандлявалі — весяліліся, падлічылі — праслязіліся». Гэтай прымаўкай можна акрэсліць увесь стан беларускай эканомікі. Іншым разам нават не разумееш, за кошт чаго гэтая дзяржава існуе?

nalohi.jpg

Нацыянальны статыстычны камітэт працягвае падбіваць вынікі мінулага года. Згодна з імі, адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў Беларусі за 2016 год склала 4 млрд 154,2 млн долараў, што значна горш за 2015-ы, калі мы былі «ў мінусе» на 3 млрд 631,1 млн долараў.

Гэта не дзіўна, паколькі ўвесь знешнегандлёвы абарот краіны за 2016 год склаў 50 млрд 985,2 млн долараў (да ўзроўню 2015 года ён знізіўся на 10,5% у бягучых цэнах). Прычым гэты знешнегандлёвы абарот з краінамі ЕАЭС склаў 26 млрд 618,7 млн долараў (з адмоўным сальда ў 4 млрд 112,3 млн). І, у дадатак — таваразварот з Расіяй, па дадзеных Белстата, за мінулы год склаў 26 млрд 114,2 млн долараў, адмоўнае «расійскае» сальда — 4 млрд 476,6 млн долараў.

Якія з гэтага высновы? Па-першае, не адбываецца ніякай дыверсіфікацыі рынкаў: палова знешняга гандлю Беларусі па ранейшаму прыпадае на Расію. Па-другое, хопіць ужо казаць, што «Расія спансуе Беларусь». Гэта мы, як сведчаць дадзеныя статыстыкі, кормім РФ, набываючы там на 4 мільярды больш, чым атрымліваем адтуль прыбытку.

Па-трэцяе, навошта нам ЕАЭС? Тэарэтычна, акрамя Беларусі і Расіі, у яго ўваходзяць яшчэ Казахстан, Кыргызстан і Арменія. У выніку на тры краіны ў нас прыпадае ўсяго паўмільярды (дакладней, 504,5 млн) долараў таваразвароту. Цікава, калі мы скароцім ЕАЭСаўскіх чыноўнікаў, ці не зэканомім мы тыя ж паўмільярды? Відавочна, што гэтая структура сябе не апраўдвае.

А вось куды нам сапраўды трэба глядзець, дык гэта ў Еўропу. Так, абарот з краінамі ЕС у нас менш за расійскі ўдвая: 11 млрд 175,7 млн долараў. Затое тут мы «ў плюсе» на 167,7 млн долараў, хоць наш экспарт туды і скараціўся на 33,7%. Можа, трэба больш намаганняў у гэтым кірунку? Тым больш, што ў еўрапейцаў не існуе такой структуры, як «Рассельгаснагляд», які не ў апошнюю чаргу і спрыяе нашаму «адмоўнаму сальда з Расіяй». Дый, у адрозненне ад ведамства Данкверта, ніякіх нараканняў па якасці нашыя прадукты ў Еўропе не выклікаюць.

Тым не менш, пра вынікі года рапартуе і Мінфін: прафіцыт рэспубліканскага бюджэту за студзень-снежань 2016 года склаў 0,98 млрд рублёў, або 1,0% да ВУП.

Такім чынам: па знешнім гандлі мы «ў мінусе» на 4 млрд, а бюджэт выкананы з прафіцытам.

«Як такое можа быць?» — запытаецеся вы. Я вам адкажу проста: гэта вы за ўсё заплацілі. Бо бюджэт фармуецца з падаткаў. Менавіта туды трапляе ПДВ (падатак на дададзеную вартасць), падаткі на прыбытак, акцызныя зборы, паступлення ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) і тыя самыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.

image_126.jpg

А зараз сачыце за рукамі. Самы вялікі напаўняльнік бюджэту — ФСАН, 10,7 млрд рублёў. Потым ідзе ПДВ — 7,7 млрд. Знешнеэканамічная дзейнасць — 3,1 млрд, акцызы — 2 млрд, 1,9 млрд — падатак на прыбытак.

Такім чынам, праз крамы (акцызы плюс ПДВ) народ заплаціў у бюджэт 9,7 млрд рублёў, што супастаўна з ФЗСН.

І нейкія асобы ва ўрадзе яшчэ маюць нахабства абвяшчаць беларусаў «дармаедамі»? Проста набываючы ў краме тавары народ праспансаваў каля 40% рэспубліканскага бюджэту! Дык хто тут не плаціць падаткі і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў? Як паказваюць лічбы, каб дасылаць у такіх варунках «лісты шчасця» з падаткамі на дармаедства — трэба зусім сумлення не мець.

Пры гэтым варта зазначыць, што народ падтрымлівае дзяржаву не ў самы лепшы час. І не агульны «не лепшы час», а асабісты. Партал tut.by вывучыў дадзеныя Белстата па продажы асобных харчовых тавараў арганізацыямі гандлю Рэспублікі Беларусь у 2016 годзе, каб даведацца, як змяніўся спажывецкі кошык беларусаў.

Для таго, каб падтрымаць дзяржаву, народ ахвяруе здароўем, ужываючы менш карыснай ежы. Прыкметней за ўсё скараціліся продажы рыбы і морапрадуктаў — амаль на 15%, а таксама на кансерваў, ікры і яе заменнікаў — амаль 13%. Варта зазначыць, што рыба і рыбныя прэсервы знаходзяцца ў топе самых падаражэлых за мінулы год прадуктаў (+23%).

Продаж мяса скараціўся нязначна (на 1,5%), але эканоміць мы пачалі менавіта на чыстым мясе і птушцы — продаж кансерваў і субпрадуктаў не на шмат, але павялічыўся. На 2–5% у 2016 годзе ўпалі продажы сыроў, сметанковага масла і яек. У мінулым годзе беларусы куплялі менш садавіны і арэхаў, чым у 2015 годзе, але больш (на 7%) гародніны і грыбоў. Амаль на 35% павялічылася спажыванне бульбы, значна выраслі продажы аўсянкі — амаль на 20% (грэчка «страціла» 3%). На тыя ж 3% вырас попыт на муку і амаль на 2% — на макаронныя вырабы.

Такім чынам, мы сталі есці менш мяса, рыбы і садавіны, але больш бульбы, крупаў і кансерваў. І, што насцярожвае, продажы сокаў таксама зменшыліся на чвэрць.

Наўрад ці такую «дыету» можна лічыць здаровай для краіны.

І не дзіва, што людзі абураюцца, калі дзяржава ставіцца да іх неналежным чынам. Супраць падатку на дармаедства толькі ў інтэрнэце на сайце zvarot.by падпісалася ўжо каля 23 000 чалавек (збор подпісаў працягваецца). «У першыя суткі, калі мы толькі ініцыявалі збор подпісаў, у нас «лёг» сайт. Гэта адбылося з-за велізарнай колькасці жадаючых падпісаць зварот — сайт проста не вытрымаў наплыву наведвальнікаў. У наступныя дні мы дадавалі па 1–1,5 тысячы подпісаў штодня. Гэта велізарная актыўнасць людзей, якія раней ніколі не фіксавалася», — канстатуе прадстаўнік Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Андрэй Стрыжак.

Па словах арганізатараў кампаніі, за два тыдні публікацыі, прысвечаныя праблеме «дармаедаў», на старонцы прафсаюза ў Фэйсбуку ўбачылі каля 420 тысяч чалавек, на сайты і пляцоўку, дзе праходзіць збор подпісаў, зайшлі яшчэ каля 120 тысяч.

Інтэрнэтная актыўнасць, праўда, пакуль не выліваецца на вуліцы, але посвісты буры ўжо чуваць і ў рэале. Адна са змен вагоннага дэпо «Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі» днямі правяла папераджальны страйк, перадае «Радыё Рацыя». Людзі незадаволеныя змяншэннем заробкаў, зарплату зрэзалі на 50 рублёў і не далі прэмію. І, да таго ж, працоўных прымушаюць пісаць заявы на адпачынак без аплаты. Пратэставалі таксама работнікі лакаматыўнага дэпо, калі іх прымушалі пісаць заявы за свой кошт на сацыяльны адпачынак.

За ўсё тое, што народ робіць для дзяржавы, улада павінна яго на руках насіць. Інакш уладзе той прыйдзецца несалодка.