І Снапкоў у полі воін

Нарэшце нам расказалі хоць крыху, але праўду пра сітуацыю ў краіне. Хаця б адзін чыноўнік перастаў сцвярджаць, што санкцыі Захаду нясуць нам выключна карысць і працуюць на ўзмацненне нашай вытворчасці. Героем тыдня з-за гэтага можна лічыць віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова.

6d32691s_1920.jpg

Выступаючы на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі ён, канешне, казаў пра падступны Захад і пра тое, што нашыя ворагі імкнцуцца ўсяляк «нагнуць» Сінявокую. Але, калі адкінуць усё падобнае «бла-бла-бла», то мы даведаліся, напрыклад, што «20% беларускай эканомікі наўпрост пацярпела ад санкцый, ускосна пацярпела астатняя частка эканомікі». Праўда, якая гэтая «астатняя частка», віцэ-прэм’ер не ўдакладніў, але і першай, той, што пацярпела наўпрост, дастаткова.

Лічбы, агучаныя Снапковым, насамрэч уражваюць. Краіна рызыкуе недаатрымаць 14 млрд долараў экспартнай выручкі з-за санкцый і вайны ў Украіне. Экспарт можа знізіцца на 30%.Санкцыі, уведзеныя Еўрасаюзам у дачыненні да беларускіх і еўрапейскіх перавозчыкаў, пакінулі без працы каля 30% айчыннага аўтапарка. Літоўская чыгунка паінфармавала Беларускую чыгунку аб спыненні з 4 чэрвеня перавозак падсанкцыйных тавараў — прадукцыі дрэваапрацоўкі, вырабаў з гумы, чорных металаў. Таксама, паводле Снапкова, беларускі чыгуначны транспарт сёння працуе ва ўмовах поўнага спынення перавозак у зносінах з Украінай. Агульныя страты па гэтых двух напрамках складаюць 26 мільёнаў тон грузаў.

І гэта толькі тое, што прасачылася з Авальнай залі ў зводкі навінавых агенцтваў.

Прычым, санкцыі, якія Снапкоў назваў «задушлівымі», насамрэч, такімі і з’яўляюцца — яны пачынаюць дзейнічаць не адразу, а іх эфект выяўляецца толькі з часам. Праўда, ужо цяпер мы можам спрагназаваць іх уплыў, абапіраючыся на лічбы мінулага. І нездарма той самы Снапкоў так багата ўвагі надаў транспартнай галіне нашай эканомікі.

Глядзіце самі: у мінулым годзе за кошт транспартных паслуг мы зарабілі 4,4 млрд долараў. Пераважную частку выручкі ў валюце ад экспарту транспартных паслуг нам даў Еўрасаюз. У аўтамабільным транспарце на ЕС прыпадае 71% супраць 12%, якія адносяцца да Еўразійскага эканамічнага саюза. У чыгуначным транспарце Еўрасаюз займае 58%, у той час як ЕАЭС — толькі 22%. Мы даволі эфектыўна выкарыстоўвалі сваё геаграфічнае становішча, і няблага на гэтым зараблялі. Але ў выніку нягеглых палітычных рашэнняў нават плюскі ад геаграфіі мы губляем.

Безумоўна, Снапкоў казаў і пра «штабы», якія створаныя ва ўрадзе, каб «разруліць» гэтую праблему, і пра перамовы з Кітаем і краінамі Сярэдняй Азіі наконт інтэнсіфікацыі перавозак. Аднак 71% еўрапейскага экспарту транспартных паслуг імгненна не заменіш. Таму будзе толькі горш.

Спадзяванні на тое, што еўрапейцы не змогуць нас абмінуць, не спраўджваюцца. З разліку на гэта ўлада, напрыклад, на асобных памежных запраўках, замацаваных за пунктамі пропуску, паставіла «асобны кошт» на дызельнае паліва, які ў паўтара разы перавышае звычайны, але ўсё ж меншы, чым у Польшчы. Маўляў, нікуды не падзенуцца еўрапейскія кіроўцы, і будуць плаціць. Але, як звычайна, гэта было зроблена без вывучэння рынкавай кан’юнктуры і ўмоваў працы. І нашы запраўкі з іх падвышаным коштам засталіся без еўрапейскіх «дальнабояў».

Проста выявілася, што кіроўцам-міжнароднікам у Польшчы вяртаюць падатак на даданую вартасць, і яны рэзка сталі запраўляцца з таго боку мяжы. З вяртаннем ПДВ запраўка ў Польшчы выйшла танней.

Ну і, канешне, варта адразу ведаць, што такое транспартныя паслугі. Гэта ж не «рэч у сабе». Транспарт — гэта якасць дарог, якая з-за недахопу грошай ужо імкліва і прыкметна пагаршаецца. Гэта вельмі вялікая верагоднасць працягу «мастападу», які становіцца ў краіне звыклай з'явай. Гэта і якасць аўтапарку, бо ЕС надае вялікую ўвагу розным стандартам рухавікоў, кшталту «Еўра-5» «Еўра-6» і гэтак далей. Аўтапарк краіны будзе станавіцца ўсё горшым, а ўлічваючы дрэнную якасць дарог, аўтамабілі будуць прыходзіць у непрыдатнасць значна хутчэй… Такі «ланцужок праблем» прывядзе да таго, што нават калі праз год-другі санкцыі скончацца, і для беларускага аўтатранспарту адкрыюць межы ЕС, можа так стацца, што ехаць туды будзе проста няма на чым. І няма па чым.

1381246319_527553371.jpg

Вельмі прыкра, калі мары не спраўджваюцца. Гадоў з дзесяць таму на адной з «Вялікіх размоў» з журналістамі Лукашэнка казаў, што ў яго ёсць мара злучыць усе абласныя цэнтры добрымі аўтадарогамі. І ён гэтага амаль дамогся. А цяпер — усё пайшло ў кирунку рускага ваеннага карабля. Але што рабіць, санкцыі ж уводзяцца не проста так, а за нешта, правільна?

Дарэчы, пра Лукашэнку. На мінулым тыдні, перад сустрэчай з Пуціным, ён анансаваў, што паразмаўляе з расійскім кіраўніком пра «імпартазамяшчэнне». У панядзелак яны сустрэліся ў Сочы, але апроч пратакольных словаў пра карысць санкцый і звыклае «дайце грошай» («Грошы зусім невялікія, я не хачу публічна зараз называць, таму што яны прыкладныя — ну зусім смешныя грошы», — сказаў Лукашэнка) мы нічога не пачулі. Як канкрэтна прайшла размова кіраўнікоў сам-насам — не паведамлялася. Таму ці будзе ў нас гэтае «імпартазамяшчэнне», альбо сапраўды нам давядзецца ездзіць на «Масквічах» с рухавіком стандарту «Еўра-0», невядома.

Але беларускі бізнес не хоча ездзіць на «Масквічах». За красавік малы і сярэдні бізнес прадэманстраваў небывалае падзенне. Колькасць мікраарганізацый, дзе занята да 15 чалавек, скарацілася на 5116 штук! Колькасць малых прадпрыемстваў, ад 16 да 100 занятых, упала адразу на 830 штук. Індывідуальныя прадпрымальнікі страцілі ўсяго 138 «байцоў», але, напэўна, толькі таму, што іх у краіне ўсё менш і менш: «прасадкі» ў снежні склалі 1070 ІП, студзені — 1003, і сакавіку — 1171. Гэта азначае не толькі «ўцёкі бізнесу» з краіны, але і тое, што кола падаткаплатнікаў значна звужаецца.

Затое ці тое ўзрадаваў, ці тое паздзекаваўся наш родны Белстат. Паводле яго, заробак бюджэтнікаў за красавік вырас на цэлы рубель. Праўда, гэта тычыцца намінальнага налічанага заробку, то-бок да сплаты з яго падаткаў і збораў, але ўсё ж — цэлы рубель! Можна ні ў чым сабе не адмаўляць…

Сітуацыя, канешне, не фантан. Але ўсё ж такі ў сэрцы ёсць надзея. Калі Снапкоў аб’ектыўна ацэньвае сітуацыю, то гэта — першы крок да ўсведамлення праблем. І можна спадзявацца, што ва ўрадзе гэтыя праблемы асэнсуюць, і, можа быць, пачнуць вырашаць. Толькі каб зусім з гэтым вырашэннем не спазніліся…