Іосуб: Адзіная рызыка — гэта дэфолт Беларусі як дзяржавы

Хто і на якіх умовах гатовы ўкладаць грошы ў беларускую эканоміку.

hroshyy.jpg

Аб’ём гадавых інвестыцый Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у Беларусі у 2019 годзе можа перавысіць рэкордныя 360 мiльёнаў еўра, дасягнутыя ў 2018 годзе, паведамляе прэс-служба Міністэрства эканомікі Беларусі
Хто яшчэ ў цяперашнія часы гатовы інвеставаць у Беларусь?
На думку старэйшага аналітыка Альпары Вадзіма Іосуба, інвестыцыі для Беларусі вельмі важныя.
— ЕББР, як і Сусветны банк, фінансуе, у першую чаргу, інфраструктурныя праекты, звязаныя з перспектыўнай энергетыкай, будаўніцтвам дарог, аховай здароўя, энергазберажэннем. Гэта не камерцыйныя праекты, якія даюць неадкладную эканамічную аддачу, а доўгатэрміновыя — імгненнага прыбытку яны не прыносяць, але важныя для доўгатэрміновага ўстойлівага росту эканомікі. Крэдыты Сусветнага банка і ЕБРР з’яўляюцца адной з асноўных крыніц фінансавання падобных праектаў.
— Але ж крэдыты ЕБРР — гэта не гранты, і іх трэба вяртаць. За колькі?
— Інфармацыя па кошце гэтых крэдытаў і працэнтных стаўках не раскрываецца, у адкрытых крыніцах яна не згадваецца. У рэшце рэшт, ЕБРР — гэта не дабрачынная арганізацыя. З аднаго боку, яна фінансуе падобныя інфраструктурныя праекты, з другога — нацэлена на зараблянне прыбытку. Гэтыя крэдыты прыйдзецца аддаваць.
Адзінае, што я магу выказаць здагадку: крэдытная стаўка можа быць вышэй, чым па крэдытах МВФ, і нават вышэй, чым па міждзяржкрэдытах з Расіяй, дзе дзейнічаюць асобныя палітычныя дамоўленасьці. З іншага боку, яна, верагодна, ніжэй, чым тая, па якой Беларусь магла б прыцягнуць сродкі на рынку у звычайных камерцыйных банкаў ці выпускаючы еўрааблігацыі.
Ды і не вельмі любяць звычайныя камерцыйныя банкі фінансаваць доўгатэрміновыя інфраструктурныя праекты. Менавіта гэтую нішу ЕБРР і займае.
— Ці ёсць рызыкі для ЕББР, калі ён ўкладвае грошы ў Беларусь?
— Асаблівых рызык няма. Падобныя крэдыты напэўна даюцца пад гарантыі ўрада. Адзіная рызыка — гэта дэфолт Беларусі як дзяржавы. Наша краіна, вядома, рэйтынгамі не бліскае, але па запазычанасцях на знешнім рынку за сваю гісторыю Беларусь дэфолту не дапускала.
— 360 мільёнаў еўра — гэта шмат ці мала для аднаго банка, няхай гэта і ЕБРР, і для Беларусі ў цэлым?
— З пункту гледжання гэтага банка, Беларусь наўрад ці ўваходзіць у лік вядучых пазычальнікаў. Але для Беларусі гэта вельмі сур’ёзныя грошы, і наўрад ці мы змаглі б знайсці іншую крыніцу фінансавання такіх доўгатэрміновых інфраструктурных праектаў. Трэба разумець, што гэтыя грошы адцягваюцца надоўга. Унутры краіны такіх крыніц няма. Магчымасць браць грошы на такія праекты вельмі важная менавіта для перспектыў развіцця беларускай эканомікі. Гэта ўплывае на доўгатэрміновую траекторыю эканомікі і ВУП.
— Хто яшчэ, акрамя ЕБРР, гатовы ў цяперашнія часы інвеставаць у Беларусь?
— Многія. Той жа Сусветны банк займаецца інвестыцыямі ў падобныя інфраструктурныя праекты. Ёсць у нас міждзяржаўныя крэдыты, хоць у апошні час узніклі праблемы з крэдытамі з боку Расіі. Ёсць крэдыты з боку Кітая. Тэарэтычна крэдыторам мог бы быць і МВФ, але для гэтага Беларусь павінна ісці на эканамічныя рэформы. Дарэчы, у ЕБРР такіх патрабаванняў няма. І заўсёды ёсць варыянт, што пад рынкавую стаўку можна знайсці грошы на рынку, размясціўшы так званыя еўрааблігацыі.
— Як ідуць справы з прамымі замежнымі інвестыцыямі ў Беларусь?
— Іх асабліва няма і не будзе, акрамя асобных прыватных выпадкаў там, дзе інвестар знайшоў агульную мову непасрэдна з кіраўніком дзяржавы. Для прамых замежных інвестыцый, пастаўленых на паток, вельмі важны інвестыцыйны клімат, які, акрамя ўсяго іншага, уключае ў сябе недатыкальнасць уласнасці, наяўнасць незалежнага суда, здольнага абараняць гэтую самую недатыкальнасць уласнасці. Беларусь гэтым пахваліцца не можа.
Паводле Заўтра тваёй краіны