Як чыноўнікі нажываюцца на замежных выставах
Дзяржава манапалізавала выязны выставачны рынак, практычна прыбраўшы з яго прыватных канкурэнтаў. А эфект ад такіх паездак за мяжу аказаўся сумнеўным: Беларусь прадае зусім не тое, што экспануе.
Беларускія ўлады летась выдаткавалі амаль 600 тысяч долараў на правядзенне і ўдзел у некалькіх міжнародных выставах. Эфектыўнасць расходавання дзяржаўных сродкаў выклікае пытанні: некаторыя дамовы на арганізацыю выезду заключаюцца за лічаныя дні да адкрыцця экспазіцыі, аўкцыёны прызнаюць няздзейсненымі, пасля чаго кантракты атрымліваюць «роднасныя» структуры заказчыка. Эксперты лічаць, што самі стэнды, за якія штораз выплачваюцца 20-30 тысяч беларускіх рублёў, могуць быць запазычаны з беларускіх экспазіцый у іншых краінах. Дзяржава манапалізавала выязны выставачны рынак, практычна прыбраўшы з яго прыватных канкурэнтаў. А эфект ад такіх паездак за мяжу аказаўся сумнеўным: Беларусь прадае зусім не тое, што экспануе.
Буйным падрадчыкам у сферы арганізацыі выстаў сёння з'яўляецца «дачка» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) «Белінтэрэкспа». Яна атрымлівае вялікія кантракты на афармленне нацыянальных стэндаў на замежных экспазіцыйных пляцоўках. Фармальна БелГПП — гэта аб'яднанне прадпрымальнікаў і кампаній, але падпарадкоўваецца яно дзяржаве. У прыватнасці, у законе пра гандлёва-прамысловую палату гаворыцца, што «каардынацыю дзейнасці БелГПП .. ажыццяўляе Міністэрства замежных спраў».
З 2018 года выставачную працу за мяжой перахапіла «Белінтэрэкспа», расказаў адзін з удзельнікаў выставачнага рынку.
«Я апошні раз ездзіў у 2013-2014 гадах. Мы арганізоўвалі нацыянальныя выставы. Былі і арганізатарамі, і забудоўшчыкамі. «Палатка» (БелГПП. — Заўв. рэд.) нам садзейнічала. Мы будавалі (павільёны. — Заўв. рэд.) у Літве, Латвіі, Расіі, у Дзюсельдорфе (Германія), у Казахстане. Гэта рабіла наша прыватная кантора. Потым яны (БелГПП. — Заўв. рэд.) пачалі «цягнуць коўдру на сябе» і сталі гэтым займацца аднаасобна», — патлумачыў эксперт.
Можна зрабіць выснову, што дзяржава вырашыла знішчыць любую канкурэнцыю ў сферы арганізацыі нацыянальных экспазіцый за мяжой і прыцягнуць «правільных» арганізатараў.
«Тое, што дзяржкантора выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс, гэта як бы нармальна. Такая палата (БелГПП. — Заўв. рэд.) ва ўсіх краінах заклікана садзейнічаць развіццю бізнесу. Але яны ніх*ра не робяць, яны свой шкурны інтарэс лабіруюць», — сказаў удзельнік выставачнага рынку.
Падрадчыкам у арганізацыі нацыянальных стэндаў на замежных выставах выступае і прыватная кампанія. Гэта «Траст Аэра Турс» (раней прапісана ў афшоры Віргінскіх астравоў). Але яна атрымлівае так шмат дзяржаўных узнагарод і дзяржаўных кантрактаў, што лічыцца афіляванай з уладай.
Удзел Беларусі ў замежных выставах плануецца загадзя пастановай Савета Міністраў за подпісам прэм'ера. Пры параўнальным аналізе сайта дзяржзакупак і пастановы высвятляецца, што некаторыя экспазіцыі, на якія праводзіліся закупкі ў 2022 годзе, адсутнічаюць ва ўрадавым плане.
Чаму ўзялі некалькі выстаў для аналізу
Універсітэцкі стэнд
Напрыклад, XX Міжнародная выстава «Agro, Food, Drink, Tech EXPO», якая праходзіла з 18 па 20 лістапада 2022 года ў Тбілісі. Аказанне паслуг па браніраванні квіткоў і арганізацыі ўдзелу ўзяло на сябе «Белінтэрэкспа». Адна дамова (па браніраванні гатэля і авіяквіткоў) была заключана 3 лістапада — за 15 дзён да мерапрыемства, другая дамова (на «арганізацыю ўдзелу ў выставе») — за два (!) дні да мерапрыемства. Узнікае пытанне: як «Белінтэрэкспа» змагло ўсё падрыхтаваць за такі кароткі тэрмін?!
Іншым падрадчыкам на той жа выставе стала падраздзяленне Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ) — навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік». А заказчыкам выступіў сам універсітэт. Ён заключыў кантракт «па арганізацыі калектыўнага стэнда навукова-тэхнічных распрацовак Міністэрства адукацыі». Дамова была заключана за 18 дзён да выставы. За такі адносна кароткі тэрмін універсітэту трэба было падрыхтаваць прадстаўнічы стэнд у цэлым аб беларускіх навуковых дасягненнях. У чым жа сакрэт такой хуткай працы?
Той жа ўніверсітэцкі тэхнапарк «Палітэхнік», паводле сайта дзяржзакупак, па аналагічным заданні рыхтаваў стэнды Міністэрства адукацыі для яшчэ некалькіх мерапрыемстваў: для міжнароднай выставы сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці «Iran agrofood» у Тэгеране, якая прайшла 17-20 чэрвеня, для выставы «MUSIAD EXPO» ў Стамбуле, якая прайшла 2-5 лістапада, для V Кітайскай міжнароднай выставы імпарту ў Шанхаі, якая прайшла 5-10 лістапада.
Па іранскай, турэцкай, кітайскай экспазіцыях кантракты былі заключаны ў адзін дзень — 6 мая, да мерапрыемства ў Тэгеране тады заставалася недзе паўтара месяца, а да выставы ў Стамбуле і Шанхаі — амаль паўгода.
Склад удзельнікаў усюды быў адным і тым жа, але самі стэнды адрозніваюцца паміж сабой. Эксперт выставачнага рынку, які пажадаў застацца ананімным, лічыць, што гэта былі розныя стэнды, але, улічваючы кароткія тэрміны, канструкцыі маглі браць з іншых выстаў.
Для Тбілісі і Стамбула дамова была заключана на адну і тую ж суму — 19 тысяч беларускіх рублёў, для Кітая — на 31 тысячу беларускіх рублёў. Гэтыя выставы праводзіліся ў тым жа месяцы — у лістападзе 2022 года. Тэгеранская экспазіцыя, якую вазілі ў чэрвені, каштавала 25 тысяч беларускіх рублёў.
БНТУ штогод закупляе «паслугі па арганізацыі ўдзелу ў выставах», згодна з урадавым планам нацыянальных экспазіцый за мяжой. У 2022 годзе былі праведзены два аўкцыёны на арганізацыю некалькіх нацыянальных экспазіцый за мяжой. Абодва конкурсы былі прызнаны няздзейсненымі. Толькі на першым аўкцыёне ўсё-ткі былі заключаны тры дамовы: наконт выстаў у Расіі, Узбекістане і В'етнаме — усё з той жа «дачкой» БНТУ, тэхнапаркам «Палітэхнік». На другім аўкцыёне аніводная дзяржзакупка не прайшла.
Таргі па выставах у Тбілісі, Стамбуле, Тэгеране праводзіліся асобна.
Па тбіліскім стэндзе таргі прызналі несапраўднымі. Пасля чаго была праведзена закупка ў «свайго» падрадчыка — універсітэцкага тэхнапарка «Палітэхнік». Эксперт выставачнага рынку Беларусі, які пажадаў застацца ананімным, лічыць, што заказчык першапачаткова паставіў невыканальныя для іншых падрадчыкаў умовы.
«Вельмі падобна, што яны спрабавалі выканаць антыманапольныя правілы, правесці закупку, але зрабілі ўмовы па суадносінах кошту і аб'ёму работ такімі, каб ніхто не заявіўся. А пасля зрабілі закупку з адной крыніцы — у «свайго» падрадчыка», — патлумачыў спецыяліст.
Іншым заказчыкам на выставах у Стамбуле, Тэгеране, Тбілісі, а яшчэ ў Баку (Азербайджан) стаў Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы (БелІСА). Выставачны аператар кантраляваў калектыўны стэнд Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. На стэндзе былі прадстаўлены ўстановы Нацыянальнай акадэміі навук (НАН), Міністэрства адукацыі, а ў некаторых — і прадпрыемствы дзяржканцэрна харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам».
Мяркуючы па ўсім, «Белдзяржхарчпрам» ездзіць за свае ўласныя сродкі, бо на сайце дзяржзакупак адсутнічае інфармацыя пра ўдзел гэтага канцэрна ў таргах.
Беларускае прадстаўніцтва на выставах у Іране і Азербайджане ў цэлым было падобным: як па складзе ўдзельнікаў, так і па ўзорах прадукцыі. Гэта былі праекты Навукова-практычнага цэнтра НАН па жывёлагадоўлі (біяаналаг лактаферыну чалавека, модульныя рашэнні па стварэнні малочных ферм новага пакалення) і праекты Навукова-практычнага цэнтра НАН па харчаванні (нізкабялковыя харчовыя прадукты са зніжанай колькасцю фенілаланіну, новыя віды сухіх заквасак).
На іранскай агравыставе заказчыкамі выступалі БелІСА, БНТУ і БелГПП. Гандлёва-прамысловая палата, мяркуючы па інфармацыі ў заяўцы, перавяла грошы арганізатару выставы — нямецкай кампаніі «Fairtrade Messe GmbH & Co. KG». Паводле яе сайта, яна праводзіць агравыставы ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. На фоне агульнаеўрапейскай тэндэнцыі на абмежаванне супрацоўніцтва з беларускімі дзяржпрадпрыемствамі з боку еўрапейскіх партнёраў такое супрацоўніцтва беларускага і германскага бізнесу выглядае падазроным. Кампанія «Fairtrade Messe GmbH & Co. KG» на наш запыт не адказала.
У БелІСА за расходаваннем сродкаў сочыць спецыяльная камісія — па супрацьдзеянні карупцыі. Яна збіраецца некалькі разоў на год. У кастрычніку мінулага года камісія не ўбачыла парушэнняў, акрамя таго, што «бюджэтныя сродкі не былі асвоены ў поўным памеры». Па выніках года інфармацыі пра парушэнні не было зусім.
Выставы ў Беларусі
Пытанні ўзнікаюць не толькі да замежных выстаў, але і да тых, што праходзяць у самой Беларусі. Тут сумы ўжо буйнейшыя, а значыць і пытанняў больш.
Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш праводзіцца ў беларускай сталіцы на працягу многіх гадоў. Сумы, затрачаныя на яе, растуць штогод. У 2020 годзе — 133 513 беларускіх рублёў, у 2022 годзе — 196 416 беларускіх рублёў, а ў 2023 годзе — 248 807 беларускіх рублёў.
Наколькі гэта выстава міжнародная, можна меркаваць па тым, што яе ўдзельнікі ў 2023 годзе — гэта кампаніі з Расіі і самой Беларусі. Праўда, згодна з каталогам экспазіцыі, было яшчэ адно германскае выдавецтва — «GBV Dillenburg». Яно пазіцыянуе сябе як распаўсюднік хрысціянскай літаратуры і Бібліі. Мяркуючы па спісе ўдзельнікаў з каталога за 2023 год, іншыя краіны накіроўвалі на гэту выставу толькі сваіх паслоў, у тым ліку КНДР і Куба.
Амаль тое самае з выставай «Нацыянальная бяспека — 2022», якая праходзіла ў Мінску і мела статус міжнароднай. У якасці экспанентаў там таксама былі кампаніі толькі з Расіі і Беларусі.
Прычым у ліку ўдзельнікаў была папраўчая калонія №2 з Бабруйска. Паводле звестак «Dissidentby», у ёй утрымліваюцца 113 палітычных зняволеных. У вытворчых цэхах гэтай калоніі вырабляюцца, у прыватнасці, кабуры для пісталетаў Макарава і ТТ, рамяні для аўтаматаў АКС-74, а таксама міліцэйскія «дручкі» (палкі гумовыя ПР-73), якія сёння часцей прымяняюцца для рэпрэсій у дачыненні да нязгодных з уладамі. Але ці маюць яны дачыненне да нацыянальнай бяспекі?
Па Мінскай кніжнай выставе ў 2022 годзе адбыліся таргі на 197 тысяч беларускіх рублёў. Для арганізацыі выставы «Нацыянальная бяспека» тады ж спатрэбіліся два аўкцыёны: на 54 905,65 беларускіх рублёў і на 75 тысяч беларускіх рублёў. У выніку было выдаткавана 327 тысяч беларускіх рублёў (150 тысяч долараў). Ці прынеслі гэтыя дзве выставы ў бюджэт грошы і ці важныя такія мерапрыемствы для грамадзян Беларусі ў складанай эканамічнай сітуацыі?
Што ў выніку?
Прапануем ацаніць выніковасць удзелу беларускіх дэлегацый у замежных выставах.
У Грузіі быў падпісаны толькі адзін кантракт на пастаўку прадукцыі і тры дакументы аб намерах, у прыватнаснасці, з каледжам «Прэстыж» у ізраільскім горадзе Тэлаві (аб павышэнні кваліфікацыі педагогаў) і грузінскім фастфудам «Shaurma Mаtata» (аб распрацоўцы тэхналогіі вытворчасці соусаў і маянэзаў на аснове расліннай сыравіны).
Па выніках выставы ў Стамбуле таксама быў заключаны толькі адзін кантракт на пастаўку прадукцыі, а таксама два пагадненні аб супрацоўніцтве і дзевяць (!) дакументаў аб намерах.
У выніку выезду ў Іран няма аніводнай дамовы аб пастаўцы прадукцыі, але ёсць сем дакументаў аб намерах, восем аб супрацоўніцтве і 25 — аб сумесных навуковых даследаваннях, і зноў аб намерах (у галіне бяспекі харчовых прадуктаў, у сферы дыстрыбуцыі ветэрынарных прэпаратаў, распрацоўкі біяпестыцыдаў, рэалізацыі біялагічных прэпаратаў і стварэння сумеснага з Іранам Цэнтра біятэхналогій).
Вынікі выставы ў Азербайджане: тры дамовы на пастаўку прадукцыі, шэсць дакументаў аб супрацоўніцтве і адзін — аб намерах.
На ўсе чатыры выставы з бюджэту было выдаткавана каля 246 тысяч долараў. А вынікам сталі ў асноўным пагадненні аб намерах і дакументы аб супрацоўніцтве ў будучыні, а не рэальныя дамовы, якія спрыяюць павелічэнню таваразвароту і росту ВУП.
Магчыма, праз некалькі гадоў такія пратаколы аб намерах прынясуць бачныя вынікі, але колькі яшчэ сродкаў будзе выдаткавана на выезд у краіны, з якімі супрацоўніцтва не складзецца?
Тавары праз мяжу
Паводле звестак МЗС Беларусі, летась беларускі экспарт у Грузію павялічыўся ў 1,5 разы. Асноўнымі таварамі сталі малако, згушчаныя і сухія вяршкі, этылавы спірт, драўнянавалакністыя пліты, якія выкарыстоўваюцца ва ўладкаванні жылля, лесаматэрыялы, электрычныя драты, лекі, грузавая тэхніка, солад.
Пры гэтым арганізацыі, якія выдаткоўвалі дзяржаўныя сродкі на ўдзел у выставе ў Тбілісі (блізу 45 тысяч долараў), прадавалі грузінскім партнёрам зусім іншыя тавары: святлодыёдныя апрамяняльнікі, біяпрэпараты, нейкія «нізкабялковыя харчовыя прадукты». Удзел гэтых кампаній практычна не паўплываў на павелічэнне таваразвароту з Грузіяй.
Усяго на дзесяць выстаў, пералічаных у гэтым артыкуле, было выдаткавана 579 тысяч долараў.