Як яно не працуе
Я не перастаю здзіўляцца фінтам і вывертам нашай прапаганды. І не перастаю думаць, што, калі адбудзецца сацыяльны выбух, то найперш у гэтым працэсе трэба будзе вінаваціць не ўрад, не кіраўніка краіны, а прапагандыстаў усіх узроўняў, якія выдаюць жаданае за дзейснае. А можа, яны свядома падрываюць нашу стабільнасць?
Напрыклад, па ўсіх каналах праляцелі дадзеныя Белстата. Сярэдні заробак у Беларусі ўпершыню перавысіў планку ў тысячу рублёў! «Па пяццот» нарэшце дасягнутыя! У снежні сярэдні заробак склаў 1115 рублёў 30 капеек — 523 долара па курсе. Год таму, у снежні 2017-га, да тысячы ледзь не дацягнулі.
Але як цікава піша пра гэта, напрыклад, «Гродзенская праўда»! «Сярэдні заробак статыстыкі лічаць не для таго, каб мы з вамі параўноўвалі гэтыя дадзеныя са сваім гаманцом. Лічбы, найперш, разлічаны на ўрад, і выкарыстоўваюць іх для прагнозу сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, а таксама пры разліку пенсій і розных дапамог», — адзначае выданне.
То бок, калі вы не адчулі ў вашым гаманцы тысячу рублёў — не хвалюйцеся! Насамрэч, няма ніякага падвышэння! Гэта «статыстыкі лічаць для ўраду». Хіба не самае праўдзівае азначэнне нашай афіцыйнай статыстыкі!
А што ж не афіцыйна? А не афіцыйна тое, што насамрэч задачу давесці сярэдні заробак да 1000 рублёў мы не выканалі. Як адзначае фінансавы кансультант Жанна Кулакова, сярэдні заробак па выніках студзеня — снежня 2018 года складае каля 960 рублёў. «Снежаньскі рост заробку — звычайная з’ява, звязаная з тым, што ў гэтым месяцы ў многіх кампаніях выплачваюцца гадавыя прэміі, «трынаццатыя зарплаты» і да таго падобнае. Гэта паўтараецца з года на год. З упэўненасцю ў 100% можна казаць, што ў студзені адбудзецца істотны адкат», — адзначае яна.
Больш за тое: заробкі растуць занадта хутка і ў адрыве ад прадукцыйнасці працы. Гэта павялічвае рызыкі для цэнавай стабільнасці і валютнага рынку. Тое, што мінулы год прайшоў адносна спакойна, не азначае, што ў гэтым годзе мы не адчуем наўмыснага адміністрацыйнага росту заробкаў наступстваў.
З ускосным пацвярджэннем таго, што заробкі растуць адміністрацыйна, выступіў дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі. Ён чарговым разам апублікаваў пералік прадпрыемстваў, частку дзярждолі ў якіх плануецца прадаць у 2019 годзе. У спісе 23 адкрытых акцыянерных таварыствы, сярод якіх ёсць невялікія прадпрыемствы, але ёсць і флагманы прамысловасці — напрыклад, «Гомсельмаш», БАТЭ і «Гарызонт».
Выбачайце, як мы можам казаць, што заробкі растуць, калі нават такія прадпрыемствы — стратныя, і мы гатовыя іх прадаваць?
Праўда, прадаваць, як заўсёды, мы будзем іх спецыфічна — так, каб ніхто не набыў. Дзяржава гатовая саступіць патэнцыйнаму інвестару толькі да 49,9% акцый, што робіць перспектывы продажу гэтых актываў практычна нерэальнымі. То бок, дзяржава не саступае інвестару працэс кіравання. А патрабуе пры гэтым ад патэнцыйнага інвестара, напрыклад, у дачыненні да «Гомсельмаша», інвеставаць не менш за 500 мільёнаў долараў.
Палова мільярда долараў! У Дзяржкаммаёмасці альбо здзекуюцца, альбо, выбачайце, галавы не маюць. Бо за такія грошы можна «з нуля» пабудаваць прадпрыемства, роўнае «Гомсельмашу». І пры гэтым — не абцяжаранае пазыкамі і са 100% акцый ва ўладальніка. А не 49,9%, як прапануе дзяржава.
Для параўнання: «Штадлер», які робіць у Беларусі цягнікі, плануе ўдвая павялічыць вытворчасць у 2019 годзе. З гэтай мэтай будуюцца новыя вытворчыя памяшканні. І на падваенне вытворчасці швейцарская кампанія плануе выдаткаваць ад 25 да 35 мільёнаў еўра. Мільёнаў, а не паўмільярда, чаго патрабуюць для «Гомсельмаша»!
Адкуль бяруцца такія лічбы? Кіраўнік цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што ацэнка кошту прадпрыемстваў вызначаецца «з улікам усіх раней укладзеных сродкаў на мадэрнізацыю і іншых датацый».
Што ж, калі ўлічыць, што «Гомсельмаш» быў заснаваны ў 1930-м годзе, можа, за ўсе гэтыя часы яго вартасць і складае азначаную Дзяржкаммаёмасцю суму. Але пры гэтым таксама трэба ўлічваць і амартызацыю, і тое, што завод будаваў СССР, а не ўласна Рэспубліка Беларусь.
І, канешне ж, ва ўмовах, калі мы дасягнулі заробку большага за тысячу рублёў, цікавая статыстыка працаўладкавання. Паводле звестак Белстата, у мінулым годзе арганізацыі звольнілі амаль 715 з паловай тысяч работнікаў, а прынялі на працу на 42 тысячы чалавек менш. Работнікаў звальнялі ў такіх галінах, як будаўніцтва, фінансы і страхаванне, у сельскай, лясной, рыбнай гаспадарках, у навуковай і тэхнічнай дзейнасці, у прамысловасці і адукацыі. У снежні мінулага года ў эканоміцы было занята 4 мільёны 336 тысяч чалавек, годам раней — амаль на 10 тысяч больш.
Так і хочацца сказаць, як Станіслаўскі: «Не веру!». Калі мы дасягнулі такіх вяршыняў у аплаце працы, чаму людзі сыходзяць з працоўных месцаў?
А вось дзе мы істотна губляем грошы, замест таго, каб іх атрымліваць — дык гэта на ініцыятыве людзей. Днямі ў Пінску прадпрымальнікі на рынку паставілі рэкорд, варты занясення ў кнігу Гінэса. Даведаўшыся пра мажлівую праверку з боку кантралюючых органаў, 600 прадпрымальнікаў згарнулі сваю дзейнасць і зачынілі свае гандлёвыя кропкі… за дзве хвіліны!
Паводле меркавання прадстаўнікоў прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва», падзеі ў Пінску — першы званочак ураду, які кажа пра тое, што трэба сядаць з прадпрымальнікамі за стол перамоваў і вырашаць назапашаныя праблемы, якія ляжаць ужо даўно ў іх на стале. Па маім меркаванні, гэта азначае, што ўрад трэба адпраўляць у адстаўку цалкам, і новы не прызначаць увогуле. А разам з урадам выправіць у адстаўку ўсе кантралюючыя органы.
Бо высвятляецца, што не працуе «фундаментальны» дэкрэт №7 кіраўніка дзяржавы пра развіццё прадпрымальніцтва. Кантрольныя органы па-ранейшаму «чысцяць» рынкі, патрабуючы ад прадпрымальнікаў сертыфікаты на прадукцыю, набытую ў Расіі. А прадпрымальнікі па-ранейшаму пакутуюць, бо ў Расіі з іх смяюцца: «Якія сертыфікаты? У нас такога няма!» І ніякія Мытныя саюзы, ЕАЭС, ЕЭП і іншае — нішто не можа пераканаць нашых кантралёраў у тым, што іпэшнікі, насамрэч, нічога не парушаюць.
Але і кантралёраў можна зразумець. Што ім рабіць, калі ў іх — план па штрафах?