Пакуль у Беларусі ловяць «дармаедаў», многія краіны ўводзяць безумоўны даход

Чаму безумоўны даход для грамадзян краіны — прывабная ідэя для эканомікі многіх сацыяльна арыентаваных дзяржаў?



Малюнак www.vestifinance.ru

Малюнак www.vestifinance.ru

Пра гэта ў артыкуле на сайце onliner.by піша эканамістка Кацярына Барнукова.

— У той момант, калі мы захоплена абмяркоўваем, ці варта караць дармаедаў рублём ці не, усё больш краін задумваецца пра тое, каб раздаваць грошы ўсім сваім грамадзянам без выключэння. Давайце сёння паглядзім, што гэта за канцэпцыя такіх плацяжоў, і чаму яна здаецца прывабнай для эканомікі многіх сацыяльна арыентаваных дзяржаў, асабліва ва ўжо агляднай будучыні.

Кацярына Барнукова — акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC і прафесар Кіеўскай школы эканомікі. Мае ступень PhD in Economics (кандыдата эканамічных навук) Мадрыдскага ўніверсітэта Карласа III

Кацярына Барнукова — акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC і прафесар Кіеўскай школы эканомікі. Мае ступень PhD in Economics (кандыдата эканамічных навук) Мадрыдскага ўніверсітэта Карласа III


Такім чынам, называецца ўсё гэта "безумоўны базавы даход" і прадугледжвае рэгулярную выплату дзяржавай пэўнай сумы грошай кожнаму грамадзяніну краіны. Як правіла — на рэгулярнай, штомесячнай аснове, з нараджэння і да смерці. Выплаты робяцца ўсім сямейнікам супольнасці незалежна ад узроўню даходу і без неабходнасці выканання работы.

Філасофія такога падыходу грунтуецца на некалькіх прынцыпах. Першы — ужо даведзены факт, што ў многіх людзей, якія атрымліваюць дапамогу з прычыны беспрацоўя, зніжаецца матывацыя шукаць сабе працу. Вядома, у беларускіх рэаліях гэта слаба працуе, але калі ўзяць, да прыкладу, такія развітыя краіны, як Германія ці ЗША, то мы ўбачым, што вельмі многія беспрацоўныя імкнуцца ўсімі сіламі захаваць свой статус, успрымаючы яго як прывабны. Бо калі чалавек знаходзіць працу, ён страчвае дапамогу з прычыны беспрацоўя. У выпадку ж калі адну і тую ж суму будуць атрымліваць аднолькава ўсе грамадзяне краіны, такая выплата страціць сваю прывабнасць, бо будзе ўспрымацца як норма. Мала таго, працоўныя людзі, якія атрымліваюць безумоўны даход, таксама не будуць адчуваць сябе абдзеленымі і дармаедамі.

Фактычна, увядзенне безумоўнага базавага даходу, хоць гэта і гучыць парадаксальна, прыбірае адну з істотных падстаў не працаваць, і гэта, несумненна, добра і для эканомікі, і для чалавека, які рэалізуецца сацыяльна.

Другі прынцып вам таксама напэўна спадабаецца. Ён палягае ў тым, што размеркаванне розных сацыяльных выплат — вельмі забюракратызаваная працэдура, прычым дакладна вызначыць справядлівасць той ці іншай пенсіі/дапамогі, як і іх суму, вельмі складана. Безумоўны базавы даход цалкам прыбірае гэтую праблему. Ён скасоўвае пенсіі, дзяржаўныя стыпендыі, дапамогі ў беспрацоўі, дэкрэтныя, льготы на аплату ЖКГ ды іншыя спецыфічныя выплаты. Усе яны замяняюцца адзіным, роўным для ўсіх штомесячным плацяжом. Велізарны штат чыноўнікаў становіцца папросту не патрэбны: грошы, якія раней выдаткоўваліся на бюракратычную машыну, цяпер можна выдаткаваць з большай карысцю — напрыклад размеркаваць па кішэнях сваіх грамадзян.

І нарэшце, калі пабыць трохі ідэалістамі, то можна ўспомніць, што, аддаючы наўпрост і ўскосна падаткамі значную частку сваіх даходаў дзяржаве, мы цалкам можам разлічваць, што яны не проста будуць выдаткаваныя, а ўкладзеныя з розумам. Напрыклад, у дзяржпрадпрыемствы, якія цалкам маглі б даваць прыбытак, адсотак ад якога мы, грамадзяне краіны, а значыць — уладальнікі гэтых прадпрыемстваў, маглі б атрымліваць. Але гэта — самы няўпэўнены аргумент, бо на сённяшні дзень агульнасусветная практыка паказвае, што дзяржава — вельмі слабы ўласнік, таму разлічваць на вялікія даходы ад яе складана. Сітуацыя ў нашай краіне гэта пацвярджае: мы хутчэй плацім (прычым нямала) за ўтрыманне дзяржпрадпрыемстваў, і разлічваць на даходы ад большасці з іх могуць, паўтаруся, толькі ідэалісты.

Калі вы чулі аб такім эксперыменце, то напэўна ведаеце, што яго рэалізавалі ў Фінляндыі. Сёння часта можна пачуць, што дзяржава там ужо даўно раздае грошы сваім грамадзянам. Напраўду гэта не зусім так. Эксперымент з безумоўным базавым прыбыткам праходзіў там у 2017–2018 гадах і распаўсюджваўся не на ўсю краіну, а толькі на 2 000 беспрацоўных шчасліўчыкаў. Галоўная мэта эксперыменту ў тым, каб даведацца, як паўплывае новая фінансавая парадыгма на паводзіны такіх людзей.

На жаль, вынікі эксперыменту невядомыя, бо апрацоўваюцца дагэтуль. Але ёсць звесткі аб падобных (хай і не такіх маштабных) эксперыментах у іншых краінах. Высветлілася, што з'яўленне безумоўнага базавага даходу ўсё ж крыху зніжае занятасць грамадзян, але ў асноўным гэта закранула альбо маладых людзей, якія выбралі магчымасць працягнуць вучобу, альбо маладых жанчын, якія дазволілі сабе больш часу праводзіць з маленькімі дзецьмі. Гэта значыць з сацыяльнага пункту гледжання змены адбыліся акурат не ў горшы, а ў лепшы бок, у будучыні яны напэўна станоўча паўплывалі б на якасць працаздольнага насельніцтва.

Таксама было адзначана, што ў людзей, якія жывуць у такіх умовах, значна палепшылася псіхічнае здароўе, выразна скарацілася колькасць дэпрэсій і звязаных з імі ускладненняў, што натуральна, калі чалавек упэўнены ў сваёй забяспечанай будучыні нягледзячы ні на што.

Безумоўны базавы даход у Фінляндыі складаў 560 еўраў. У прынцыпе, гэта была сума, якая кампенсавала мінімальныя выдаткі на пражыванне аднаго чалавека і складала ўсяго 20% ад сярэдняга заробку ў краіне. Пры гэтым сума новага тыпу выплат была ўсё ж крыху большая, чым сума дапамогі з прычыны беспрацоўя.

Зразумела, што ў ідэале сума безумоўнага базавага даходу, напрыклад, у Беларусі павінна складаць акурат суму, блізкую да пражытковага мінімуму. Сёння ён у нас у краіне дасягае амаль 220 рублёў. Вядома, выжыць на гэтыя грошы будзе цяжкавата, таму я б хутчэй прывязвалася да сумы сярэдняй пенсіі, якія фактычна дазваляе проста існаваць, прычым пры ўмове, што ў чалавека ёсць дзе жыць. Гэта значыць, што сума была б блізкая да 380 рублёў...

Не прэтэндуючы на высокую дакладнасць, я вельмі груба прыкінула, што такі безумоўны базавы даход "з'есць" блізу 35% нашага ВУП. Сёння праз ФСАН мы размяркоўваем прыкладна 12% ВУП. Гэта значыць, што для таго, каб дасягнуць такой сумы выплат на кожнага грамадзяніна краіны, нам давядзецца павялічыць ФСАН утрая. Давайце пры гэтым улічым значную эканомію на бюракратычным апараце, але ў кожным выпадку апынецца, што падаткі давядзецца падняць як мінімум удвая. У выніку найменш выгадна гэта будзе людзям, якія атрымліваюць высокі даход — ім давядзецца плаціць яшчэ больш высокія падаткі.

Дарэчы, менавіта таму, калі рэферэндум аб увядзенні безумоўнага базавага даходу праходзіў у Швейцарыі, грамадзяне краіны прагаласавалі супраць. Вобразна кажучы, швейцарцы не захацелі ўтрымліваць дармаедаў.

Атрымліваецца, ідэя аб тым, што кожны грамадзянін краіны можа разлічваць на роўныя штомесячныя выплаты, — прыгожая казка? Не зусім.

Цяпер трохі аб будучыні. Гісторыі пра тое, што робаты, нейрасеткі і іншыя дасягненні прагрэсу вельмі хутка заменяць на працоўным месцы немалую частку чалавецтва, гучаць як досыць блізкая перспектыва. У гэтым выпадку яшчэ большая частка даходу будзе акумулявацца ў яшчэ больш вузкага кола людзей. Пытанне аб тым, як зарабіць на хлеб астатнім (у даслоўным сэнсе гэтага слова), таксама будзе станавіцца ўсё больш актуальным.

Многія эканамісты ўпэўненыя, што пазітыўныя тэндэнцыі, звязаныя з увядзеннем безумоўнага базавага даходу, стануць бачныя ў аддаленай перспектыве — грамадства стане здаравейшым, больш адукаваным, самастойным, прадуктыўным. Але давесці гэта толькі трэба будзе. Як бы там ні было, цікавасць да гэтай тэмы вялікая, доўгатэрміновыя эксперыменты запускаюцца ў некалькіх краінах, сярод якіх не толькі забяспечаная Германія, але і шэраг афрыканскіх дзяржаў, а таксама Індыя. Некаторыя жыхары Кеніі ўжо атрымліваюць безумоўны базавы даход. Як гэта напраўду адаб'ецца на іх жыцці, мы даведаемся толькі гадоў праз дзесяць.

 Пераклад charter97.org