Як прадаць кітайцам беларускія тавары

Калі Кітай вырабляе ўжо амаль усё.

made_in_china.jpg

Беларусь занепакоена незбалансаванасцю двухбаковага гандлю з Кітаем, заявіў кіраўнік Беларусі.
Паводле звестак Белстата, у 2016 годзе беларускі экспарт у Кітай склаў 468 млн даляраў, а кітайскі імпарт у нашу краіну — 2 млрд. 119 млн даляраў.

Эканамісты патлумачылі, як мы прыйшлі да вялізнага адмоўнага сальда і ці можна выправіць сітуацыю.

Дзве прычыны росту імпарту з Кітая

Эканаміст Барыс Жаліба адзначае, што беларускі імпарт у Кітай у асноўным трымаецца на пастаўках калійных угнаенняў. А імпарт у нашу краіну Кітай нарасціў шмат у чым дзякуючы звязаным крэдытам, калі грошы вылучаюцца з умовай пастаўкі абсталявання і спецыялістаў з Кітая.
Другая прычына вялізнага адмоўнага сальда гандлю заключаецца ў тым, што беларускія тавары прайграюць канкурэнцыю кітайскім, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.
Як ні дзіўна, добрыя адносіны паміж Беларуссю і Кітаем спрыяюць таму, што танныя кітайскія тавары выцясняюць беларускія.
 Кітай з'яўляецца для нас стратэгічным партнёрам (мы спрабуем знізіць залежнасць ад Расіі), і ў такіх умовах адміністрацыйна зачыніць дарогу для гэтых тавараў няпроста, — лічыць Леанід Злотнікаў. — Мы трапілі ў пастку сярэдняга па сусветных мерках ўзроўню даходаў. Тавары, якія мы ўмеем вырабляць (прама скажам, не самыя тэхналагічныя) танней рабіць у Паўднёва-Усходняй Азіі. Хоць бы таму, што там ніжэй зарплаты работнікаў.

Як Беларусі збалансаваць двухбаковы гандаль?

Барыс Жаліба мяркуе, што нашай краіне трэба перагледзець гандлёвыя адносіны з Кітаем.
— Яго эканоміка развіваецца сямімільнымі крокамі і ўжо дасягнула дастаткова высокага ўзроўню. Настаў час падумаць: а што яны ад нас хочуць і ці можам мы ім нешта прапанаваць? Кітай вырабляе ўжо амаль усё. І выйсці на яго рынак хутка стане гэтак жа цяжка, як на еўрапейскі, — лічыць Барыс Жаліба.
Эканаміст кажа, што для павышэння канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў патрэбныя новыя тэхналогіі, а яны «у асноўным на Захадзе, а не на Усходзе».
— Можна ўспомніць непралічаны праект мадэрнізацыі кітайцамі нашых цэментных заводаў. Па факце аказалася, што там былі выкарыстаныя не самыя сучасныя тэхналогіі. У выніку цэментная галіна апынулася ў цяжкім стане. Ці не лепш супрацоўнічаць з перадавымі краінамі? Але для гэтага трэба быць інвестыцыйна прывабнымі, — адзначае Барыс Жаліба.
У кароткатэрміновай перспектыве эканаміст раіць арыентавацца на іншыя рынкі збыту.
 Напэўна, нам пакуль трэба арыентавацца на краіны з больш нізкім узроўнем эканомікі, чым Кітай. На краіны тыпу Пакістана, Ірана, Афрыкі. Пры цяперашняй мадэлі наша эканоміка наўрад ці зробіць якасны скачок, — лічыць Барыс Жаліба.
Леанід Злотнікаў таксама кажа, што збалансаваць знешні гандаль Беларусь зможа толькі пры змене эканамічных умоў унутры краіны.
— Я часам сам дзіўлюся: мы купляем у Кітая элементарныя дэталі, якія могуць рабіць нашы рабочыя. Мабыць, прычына ў тым, што ў нас не развіваўся малы бізнес у галіне вытворчасці. Каб прыватныя невялікія прадпрыемствы змаглі канкураваць з кітайскімі, трэба паляпшаць для іх умовы працы, — адзначае Леанід Злотнікаў.
Паводле Заўтра тваёй краіны