За тыдзень да крадзяжу з будынка ГУБАЗіК такую ж суму канфіскавалі ў турфірмы
Ні МУС, ні СК не каментуюць інфармацыю аб крадзяжы 269 150 долараў з міліцэйскага сэйфа. У абодвух ведамствах адмаўляюцца паведаміць нават праўда гэта, альбо не.
«Без каментарыяў» ―, адказваюць і афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова, і кіраўнік Упраўлення інфармацыі МУС Канстанцін Шалькевіч.
Але ёсць Google. На запыт «269 150 долараў, Мінск» сярод іншага ён выдае навіну за 29 снежня 2016 года.
«Падчас правядзення мерапрыемстваў быў затрыманы дырэктар турфірмы. Агенцтва брала на сябе абавязацельства па афармленні ўсяго пакета дакументаў. Цалкам вырабляліся даведкі аб наяўнасці фінансавых сродкаў на рахунках, пра месца працы, у пашпартах прастаўляліся ліпавыя штампы аб рэгістрацыі. Калі грамадзяніна спынялі для праверкі дакументаў, то ў пашпарце стаяў штамп Мінскага раёна, вобласці або горада Мінска», ― каментуе абставіны крымінальнай справы старшы упаўнаважаны па асабліва важных справах Галоўнага упраўлення ГУБАЗіК Андрэй Уразаў. Тэкст размешчаны на сайце агенцтва «Спутнік», яно спасылаецца на сюжэт тэлеканала АНТ. Цымус сітуацыі ў тым, што сума канфіскаваных у турфірмы грошай дакладна супадае з той, якая праз тыдзень пасля выступлення Уразава ў СМІ нібыта была скрадзеная з міліцэйскага будынка ― роўна 269 150 долараў.
Скрыншот з сайта sputnik.by
Атрымаць каментарый старшага упаўнаважанага Андрэя Уразава пакуль не атрымалася. У Галоўным упраўленні ГУБАЗіК (адкуль нібыта скралі амаль 270 тысяч долараў) падцвердзілі, што такі супрацоўнік насамрэч існуе, але цяпер пагаварыць з ім «няма магчымасці праз тое, што ён на бальнічным».
На дапамогу зноў прыходзіць амерыканскі пашукавік. Аказваецца, пасля гісторыі з «цёмнай» турфірмай і канфіскацыяй 269 150 долараў старшы упаўнаважаны Андрэй Уразаў пачаў... шукаць новую працу. У кэшы сайта вакансій flagma.by захавалася інфармацыя пра тое, што 40-гадовы мінчанін Андрэй Уразаў, падпалкоўнік з вопытам працы старшым упаўнаважаным па асабліва важных справах ГУБАЗіК шукае працу на пасадзе кіраўніка службы бяспекі. Аб'ява размешчаная 17 лютага 2017 года, крыху больш чым праз месяц пасля меркаванага крадзяжу з будынка ГУБАЗіК, дзе акурат працаваў Уразаў.
Скрыншот з сайта flagma.by
Паводле Еўрарадыё