Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» не жадаюць праводзіць акцыю днём

Цяпер заяўнікі патрабуюць ад уладаў дазволіць збор увечары, пагражаючы судом гарадскім уладам.

charnobilski_shlyah_v_minske_26_aprelya_19_1.jpg

Заяўнікі «Чарнобыльскага шляху-2017» 19 красавіка перадалі ў Мінгарвыканкам патрабаванне змяніць час правядзення акцыі 26 красавіка з 14.00 (прапанавана мінскімі ўладамі) на 18.00, як першапачаткова планавалі арганізатары.
Прадстаўнікі аргкамітэта мелі намер асабіста сустрэцца з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама. «Мы паўгадзіны спрабавалі датэлефанавацца, але нікога на месцы не было, — паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. — У выніку да нас выйшла начальнік аддзела дакументазвароту Іна Кавалеўская і прыняла заяву. Мы папярэдзілі яе, што калі да пятніцы (21 красавіка) не будзе адказу, гэта будзе азначаць, што Мінгарвыканкам сарваў «Чарнобыльскі шлях».
Калі Мінгарвыканкам адмовіцца змяніць час акцыі, аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» мае намер заклікаць людзей прыйсці на санкцыянаваны ўладамі мітынг з нагоды гадавіны аварыі на ЧАЭС, які арганізуе 26 красавіка ў Кіеўскім скверы Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. Час яго правядзення — з 18 да 20 гадзін.
Акрамя таго, аргкамітэт мае намер падаць у суд на Мінгарвыканкам, так як ён, лічыць Севярынец, парушыў беларускае заканадаўства. «Па законе аб масавых мерапрыемствах улады могуць мяняць месца і час правядзення акцыі толькі па ўзгадненні з заяўнікамі», — сказаў ён.
Заяўнікі прасілі дазволіць збор удзельнікаў акцыі каля тэатра оперы і балета і наступнае шэсце па вуліцы Максіма Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы ў раёне плошчы Бангалор. Аднак Мінгарвыканкам змяніў фармат акцыі, дазволіўшы збор удзельнікаў на пляцоўцы каля Акадэміі навук і шэсце да плошчы Бангалор. Пры гэтым быў зменены час пачатку мерапрыемства з заяўленых 18.00 на 14.00.
Сённяшняе патрабаванне ў Мінгарвыканкам падпісалі ўсе пяць заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху»: намеснікі старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, руху «За Свабоду» Юрась Меляшкевіч, а таксама прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні БХД Аляксандр Кавалькоў і кампаніі «Гавары праўду» Віталь Лакотка.
У аргкамітэт па правядзенні акцыі ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ і яе моладзевай структуры «Моладзь БНФ», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі «Зялёныя», аргкамітэта БХД, кампаніі «Гавары праўду», а таксама рухаў «За Свабоду» і «Разам».
Паводле naviny.by