Суд над аператарам «Белсата» перанесены

Працэс над аператарам, які мае афіцыйную акрэдытацыю МЗС Беларусі, распачаўся ў Першамайскім судзе Мінска. Разглядае справу неаднаразова заўважаны ў палітычных працэсах суддзя Юрый Гарбатоўскі.

bs3103ofis_9_2_660x440.jpg


У судзе абвешчаны перапынак да заўтра да 15:00 у сувязі з няяўкай сведак з боку міліцыі.

"Я неаднаразова казаў міліцыянтам, што патрабую, каб пры складанні пратакола і іншых дзеянях прысутнічаў мой адвакат. Міліцыянты мне ў гэтым адмовілі. Пасля гэтага мяне пасадзілі ў камеру і збіраліся везці на Акрэсціна. Але праз нейкі час адпусцілі" — сказаў Алесь у судзе.

Ён адзначыў, што 31 сакавіка незаконна быў дастаўлены ў Першамайскі РУУС пасля ператрусу на офісе Белсата. Цэлы дзень даваў тлумачэнні па спрабе аб парушэнні права на гандлёвы знак. У нейкі час у кабінет зайшоў супрацоўнік у форме, які склаў пратакол за нібыта дробную лаянку.

"Я патрабаваў у міліцыі прадаставіць магчымасць звязацца з адвакатам альбо роднымі. Міліцыянты не дазволілі мне гэта зрабіць. Некаторыя супрацоўнікі міліцыі наогул адмаўляліся прадставіцца", — адзначыў Алесь.

Падтрымаць аператара Алеся Любянчука прыйшлі каля дзесяці чалавек. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтру "Вясна" Таццяна Рэвяка, Сяргей Сыс. Прыйшоў у суд і вядомы журналіст Максім Жбанкоў.

***

Нагадаем, у Мінску 31 сакавіка адбыліся ператрусы ў двух офісах "Белсата". У адным з офісаў на момант прыходу міліцыянтаў знаходзіўся журналіст Алесь Любянчук, яго завезлі ў Першамайскі РУУС.

У Першамайскім РУУСе Мінска на Алеся Любенчука склалі пратакол за нецэнзурную лаянку. Міліцыянты заявілі, што Любянчук нібыта брудна лаяўся непасрэдна ў аддзяленні міліцыі (дробнае хуліганства, артыкул 17.1 КаАП). У той дзень Алеся ўжо збіраліся везці на Акрэсціна, але а 19 гадзіне раптоўна вызвалілі з міліцыі.

Пасля гэтага міліцэйскі пратакол усё ж быў накіраваны ў суд. Зараз Любенчуку пагражае штраф альбо арышт да 15 сутак.

Паводле baj.by