Актывістаў АГП судзяць за бел-чырвона-белы сцяг
У Маскоўскім раённым судзе Мінска пачаліся адміністрацыйныя працэсы над актывістамі АГП.
![Так сустракалі Дзмітрыя Кавалгіна і іншых актывістаў ля Акрэсціна Так сустракалі Дзмітрыя Кавалгіна і іншых актывістаў ля Акрэсціна](/img/v1/images/chiah.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Так сустракалі Дзмітрыя Кавалгіна і іншых актывістаў ля Акрэсціна
Прэсавага сакратара АГП Ганну Красуліну судзяць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — 30 сакавіка яна разам з іншымі актывістамі АГП сустракала каля ізалятара на Акрэсціна свайго аднапартыйца, Дзмітрыя Кавалгіна, які выходзіў з ізалятару пасля 5 сутак арышту за Дзень Волі. Тады актывісты разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг пад турэмнымі вокнамі.
![Ганна Красуліна Ганна Красуліна](/img/v1/images/krasulina.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ганна Красуліна
Ганна Красуліна выказала недавер суддзі Віктару Казаку:
«Вы асудзілі мяне ўлетку незаконна, да таго ж я сумняюся ў вашым прафесіяналізме», — заявіла суду актывістка. Суддзя Віктар Казак адвод Ганны Красулінай адпрэчыў, заявіўшы, што «няма падстаў задавальняць хадайніцтва».
Таксама ў Маскоўскім райсудзе судзяць намесніка старшыні мінскай гарадской арганізацыі АГП Дзмітрыя Кавалгіна. Ягоную справу разглядае суддзя Тацяна Матыль, вядомая шматлікімі працэсамі над апазыцыянерамі. Дзмітрый Кавалгін абвінавачаны ва ўдзеле ў сустрэчы самога сябе з турмы на Акрэсціна.
![Дзмітры Кавалгін Дзмітры Кавалгін](/img/v1/images/kavalhin.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзмітры Кавалгін
«Мяне судзяць за сустрэчу самога сябе? Смешна», — сказаў у судзе Дзьмітры Кавалгін.
Працэс над Ганнай Красулінай спынены, бо не з'явіліся сведкі-міліцыянты. Працяг прызначаны на пятніцу, 21 красавіка. Такое ж рашэнне і па справе Дзмітрыя Кавалгіна, бо ў яго тыя ж сведкі.
Паводле Радыё Свабода