Як перажыць крызіс

Амаль праз два месяцы пасля валютнага абвалу чыноўнікі прызналіся, што крызіс у Беларусі мае месца быць. Але яны маюць планы дзейнасці і ў гэтай сітуацыі.



crisis468.jpg

Як паведаміў першы намеснік міністра эканомікі краіны Аляксандр Забароўскі (адзін з суаўтараў снежаньскага «падатку на валюту»), урад Беларусі мае тры сцэнары рэагавання на сітуацыю ў свеце і ў эканоміцы Расіі. Два сцэнары можна аднесці да вясёлкава-аптымістычных, трэці больш блізкі да рэальнасці. Першы сцэнар грунтуецца на прагнозе сярэднегадавога кошту нафты ў $60 за барэль і сярэднегадавога курсу расійскага рубля на ўзроўні 60 расійскіх рублёў за $1, другі, адпаведна — $50 за барэль і 62 расійскіх рубля за $1, трэці — $40 за барэль і 80 расійскіх рублёў за долар.

Забароўскі не ўдакладняў, у чым заключаюцца гэтыя сцэнары. Прынамсі, якім будзе курс беларускага рубля, узровень інфляцыі на канец года, ВУП краіны, рост або падзенне рэальных даходаў і г.д. Але, зыходзячы з таго, што наш урад робіць менавіта зараз, нічога прыемнага нас не чакае. Нас зноў папросяць «зацягнуць паясы», і гэтае «зацягванне» будзе ўжо ўсур’ёз.

Наколькі гэтая зацяжка сур’ёзная, сведчыць той факт, што дзяржава вырашыла ўрэзаць выдаткі на самае святое — на праграмы і мерапрыемствы, якім ужо была абяцаная дзяржпадтрымка. Пра гэта паведаміў сам прэм’ер Андрэй Кабякоў. Агульны зрэз фінансавання даволі істотны, эканомія складзе Br 25,5 трыльёна. Як сказаў Кабякоў, у бягучым годзе будуць дабудаваныя толькі аб’екты з гатоўнасцю не менш за 80%, што дазволіць завяршыць ключавыя інвестыцыйныя праекты. Тым, у каго гатоўнасць 75%, фінансаванне, пэўна, будзе закрытае да лепшых часоў.

Кабякоў адзначыў, што «незалежна ад таго, які сцэнар будзе мець месца ў жыцці, яго рэалізацыя немагчымая без выканання двух асноўных умоў: жыць па сродках і эфектыўнасць работы айчынных прадпрыемстваў павінна быць істотна павышана». «І гэта сёння не проста лозунгі», — дадаў ён.

Аб сур’ёзнасці сітуацыі сведчыць яшчэ і той факт, што сінявокая заклапацілася пра спагнанне пазыкаў. Зазвычай, пра такое не клапоцішся, пакуль самога не прыцісне. А зараз Генпракуратура Беларусі дамовілася з Генпракуратурай Расіі пра тое, што апошняя дапаможа беларускім калегам вярнуць валютную выручку беларускіх прадпрыемстваў, якую ім запазычылі расійскія партнёры.

Канешне, эфектыўнасць выкарыстання Генпракуратуры для вяртання валютнай выручкі ў краіну выклікае вялікія пытанні. Але тое, што гэта крок у правільным кірунку, ніхто не сумняваецца.

Нічога светлага гэтыя меры надзвычайнай эканоміі не нясуць і простым беларускім працоўным, бо галоўны чыннік эканоміі на дзяржпрадпрыемствах зараз — скарачэнне працоўных месцаў. Як было агучана падчас нядаўняга прэзідыума Беларускага прафсаюза работнікаў прамысловасці, за год з беларускіх прадпрыемстваў звольнілі каля 10 тысяч чалавек. Прычым, найбольшыя страты зазналі буйныя арганізацыі: больш за 2 тысячы чалавек было звольнена з ААТ «МАЗ», больш за 700 чалавек — з ЗАТ «Атлант», на 420 працоўных скараціўся персанал у ААТ «Мінскі маторны завод», ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік» недалічыўся каля 480 чалавек.

Прычым у гэтай сітуацыі ўлады за што змагаліся, на тое і нарваліся. Як паведаміў галоўны прававы інспектар працы Беларускага прафсаюза работнікаў прамысловасці Іван Цыпко, для прамысловых прадпрыемстваў характэрная практыка заключаць кантракты толькі на год. «Людзі працуюць ад года да года і не ведаюць, што будзе далей. Гэта не садзейнічае стабілізацыі калектыву, работнікі чакаюць, што праз год, магчыма, будзе скарачэнне штата», — адзначыў Цыпко.

Такім чынам, кантрактная сістэма грае на баку эканамічнага крызісу. Калі людзі не ведаюць, што з імі будзе праз год, і ці застануцца яны праз такі кароткі тэрмін на працоўным месцы, у іх няма ніякага стымулу працаваць якасна. І ні пра якое «істотнае павышэнне эфектыўнасці працы айчынных прадпрыемстваў», што патрабуе Кабякоў, не можа ісці размовы. А між тым, самі дзяржаўныя прафсаюзы прыклалі руку да стварэння той сітуацыі, якую зараз разглядаюць як пагрозу. Нагадаем, што былы кіраўнік ФПБ Леанід Козік падчас «кантрактызацыі» працоўных быў віцэ-прэм’ерам.

А зараз той жа Цыпко як вялікае дасягненне прыводзіць факт, што з 10 000 звольненых ягонаму прафсаюзу ўдалося аднавіць на працы аднаго (!) чалавека ў ААТ «Мінскі завод аўтаматычных ліній».

Дарэчы, у гэтай сітуацыі варта задумацца і пра маючы быць прынятым указ «пра дармаедства і лайдацтва». Улады ўжо паціраюць рукі: ён яшчэ не прыняты, але ўжо дае плён. А органы працаўладкавання і СМІ ў паніцы: паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на 1 лютага 2015 года ў краіне налічвалася 30,7 тысячы беспрацоўных. Гэта на 35,2% больш, чым год таму. Толькі за студзень колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у службах занятасці, павялічылася на 6,5 тысячы чалавек. Як вынік, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў цэлым па Беларусі павысіўся да 0,7% з ранейшых 0,5%.

Кажуць, «дармаеды і лайдакі» ў паніцы? Не верце. 10 000 афіцыйна звольнена адных сябраў прафсаюза прамысловасці. А на ўлік сталі толькі 6,5 тысячы чалавек увогуле па краіне. І гэта мы яшчэ не дачакаліся ў шэрагах беспрацоўных прадпрымальнікаў, якім з 1 сакавіка давядзецца закрывацца. Так што «лайдакі і дармаеды» не вельмі спадзяюцца на афіцыйную занятасць.

Да таго ж дзяржава і не можа забяспечыць працай усіх, хто па яе звяртаецца. Напачатку 2014 года для беспрацоўных было дзве вакансіі на аднаго чалавека (пра заробак гэтых вакансій памаўчым). А зараз ужо, высветліла радыё «Свабода», чатыры прэтэндэнты на адну вакансію.

У такіх варунках прымаць нейкія карныя ўказы пра дармаедства — падобна смерці. Калі ўсе «лайдакі» сапраўды рынуцца рэгістравацца ў цэнтрах занятасці, хаця б для таго, каб пазбегнуць карных санкцыяў, то, баюся, колькасць беспрацоўных можа перавысіць колькасць працуючых.