«Калі на вытворчасці няма каму працаваць, немагчыма нешта зрабіць»

Эканамістка Аліса Рыжычэнка лічыць, што санкцыі на Беларусь накладае не толькі Захад. Масавая эміграцыя беларусаў — гэта таксама своеасаблівая санкцыя. І яшчэ невядома, якая з санкцый больш балючая для рэжыму.

berlin_sankcii_3_logo.jpg.webp

— Санкцыі ЕС, якія прыняты ў дачыненні да беларускай эканомікі і нейкіх галін, б'юць па адной частцы эканомікі, а адток беларусаў і працаздольнага насельніцтва — па іншай, — тлумачыць эканамістка ў эфіры «Звычайнага ранку».

Калі мы гаворым пра санкцыі ЕС — гэта ў першую чаргу санкцыі, якія закранаюць экспарт: дрэваапрацоўку, калійныя ўгнаенні, нафтаперапрацоўку — тыя галіны, якія былі драйверамі прамысловасці эканомікі ў мінулым і давалі асноўны прыток замежнай валюты ў нашу краіну, што падтрымлівала курс долара і курс беларускага рубля. Цяпер мы ўсяго гэтага пазбаўлены і вымушаны шукаць абыходныя шляхі, што не заўсёды ўдала атрымліваецца.

Пастаўкі калійных угнаенняў летась знізіліся амаль у тры разы, адзначае Рыжычэнка. Беларускія ўлады гаварылі аб пераарыентацыі экспарту на Усход, Кітай, Афрыку, аднак гэта аказалася не так проста. Напрыклад, летам гэтага года Кітай заключыў кантракт з канадскай кампаніяй, у якой цана за тону калійных угнаенняў у два разы меншая, чым запрошвае Беларусь.

— Для Кітая больш выгадна супрацоўнічаць з Канадай, чым з Беларуссю, таму што такім чынам ён пазбягае рызыкі трапляння пад другасныя санкцыі. Тое ж самае тычыцца Афрыкі. Як бы нам ні здавалася, што афрыканскі кантынент запоўнены краінамі з дыктатарскімі рэжымамі і яны з задавальненнем супрацоўнічаюць з Расіяй і Беларуссю, гэта не так.

У 2021 годзе мы экспартавалі ў Афрыку больш за паўмільёна калійных угнаенняў, такім чынам Беларусь займала 40% долі ў пастаўках калійных угнаенняў у гэтыя краіны. Цяпер гэтая лічба знізілася ў шмат разоў — мы займаем толькі 2,8% на рынку Афрыкі.

Гэта велізарнае зніжэнне, якое паказвае: як бы ўладам ні хацелася пераарыентаваць экспартныя патокі, асабліва па калійных угнаеннях, зрабіць гэта не атрымліваецца.

Справа ў тым, што санкцый баяцца не толькі развітыя краіны, якія гандлююць з усім светам, але і тыя, якія толькі на шляху свайго развіцця і сваёй рынкавай эканомікі. Яны не хочуць сутыкацца з другаснымі санкцыямі, які б рэжым кіравання ў гэтай краіне не быў.

Падобная сітуацыя з экспартам драўніны. Летась паступала інфармацыя аб экспарце беларускай драўніны ў краіны ЕС праз Казахстан.

— Так, гэта сапраўды было. Нейкая частка падсанкцыйных патокаў была перапынена, але тут ёсць два важныя фактары. Па-першае, канкурэнт у выглядзе Расіі, якая такім жа чынам спрабуе прадаць сваю драўніну праз Казахстан і іншыя постсавецкія краіны ў ЕС.

І другі фактар — гэта цана, за якую мы прадаём драўніну ў Казахстан або нейкім падстаўным кампаніям. Гэта не тая цана, якую мы маглі б атрымліваць, прадаючы яе наўпрост у ЕС. І гэта самая галоўная праблема. Ад гэтага вельмі моцна пацярпелі прадпрыемствы, якія вырабляюць піламатэрыялы. А вось вытворцаў канчатковага прадукту, напрыклад, мэблі, санкцыі закранулі не моцна, — адзначае эканамістка.

Глядзіце таксама

Калі казаць пра санкцыі, якія самі ж беларусы накладваюць на рэжым з дапамогай адтоку з краіны, то тут сітуацыя наступная: адток спецыялістаў з IT, транспартнай галіны і іншых — гэта вялікі ўдар па эканоміцы Беларусі.

— Для параўнання: прамысловасць, якая займае 25% долі ў эканоміцы, яшчэ летам давала плюс 1,2% да ВУП, а IT-галіна, якая займала 8% долі ў эканоміцы, давала мінус 1,2%. Гэта значыць дзве галіны, настолькі розныя па долі ў эканоміцы, нівеліравалі адна адну паказчыкамі.

Сёння беларуская эканоміка становіцца менш эфектыўнай. Калі мы гаворым пра IT-галіну, гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты, якім неабходны Інтэрнэт і офіс, які яны самі аплачваюць.

Калі мы гаворым пра прамысловасць — гэта велізарны пералік неабходных рэсурсаў, без якіх немагчыма арганізаваць працэс вытворчасці: шматлікія будынкі, актывы, абсталяванне, высокакваліфікаваныя спецыялісты, сыравіна, матэрыялы, тэхналогіі і гэтак далей.

І тут трэба разумець, што калі ў нас была галіна, якая нічога не патрабавала і давала такі ж плюс, як прамысловасць, то проста самы дурны крок — знішчаць гэтую галіну. Але, на жаль, гэта адбываецца.

Адток спецыялістаў назіраецца таксама ў транспартнай галіне: калі яна пацярпела праз санкцыі, тыя ж дальнабойшчыкі з'ехалі працаваць у суседнія краіны, дадае эканамістка. І калі мы кажам, што ў Беларусі адбываецца адток занятага насельніцтва, мы кажам пра тое, што ўрад ставіць пад удар не толькі агульнае развіццё эканомікі.

— Сёння беларуская эканоміка развіваецца за кошт танных крэдытаў і за кошт старту імпартазамяшчальных праектаў. Гэтыя праекты неабходна ствараць, і грошы на іх ёсць, бо іх дае Расія. Але ў нас няма людзей. Калі на гэтай вытворчасці няма каму працаваць, немагчыма нешта вырабіць.

Ва ўсяго гэтага ёсць яшчэ і ўскосныя наступствы: калі ў нас скарачаецца колькасць занятых у эканоміцы, то скарачаюцца падатковыя паступленні, а значыць, пагаршаецца сацыяльная сфера. Зараз з'язджаюць не толькі IT-спецыялісты, але і настаўнікі, урачы. Гэта якраз тая сацыяльная сфера, якая тычыцца жыцця людзей. Гэта ўжо пытанне выжывання. І людзі пачнуць гэтым абурацца, не звяртаючы ўвагі на тое, якія за гэтым рушаць рэпрэсіі, — заключае Рыжычэнка.

Паводле «Салідарнасці»

Глядзіце таксама