Каму «па пяцьсот»?

Я разумею, чаму нашы грамадзяне глядзяць беларускае тэлебачанне. З яго можна дазнацца праўду. Але толькі ў тым выпадку, калі да ўсяго — літаральна да ўсяго, нават да мастацкіх фільмаў, — змяняць знакі.

19461071_15ca3f41538d63bcd157d4033c337a8e_800.jpg

Напрыклад, нам увесь год казалі: краіна больш не будзе ўлазіць у пазыкі. «Беларусь у 2017 годзе не плануе прыцягваць знешнія запазычанні для рэфінансавання знешняга дзярждоўгу», — казаў Аляксандр Лукашэнка напачатку года. Рэспубліка не плануе ў 2018-м звяртацца да буйных знешніх запазычанняў, працягваў у верасні гнуць гэтую лінію Дзмітрый Крутой — першы намеснік міністра эканомікі Беларусі.

А тут бац — Міністэрства фінансаў паведамляе, што знешні дзяржаўны доўг Беларусі па стане на 1 кастрычніка 2017 года склаў $16,3 млрд, павялічыўшыся з пачатку года на $2,7 млрд (з улікам курсавых розніц), або на 19,5%.

Аказваецца, за студзень-верасень бягучага года Беларусь прыцягнула знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму $3 млрд 417,2 млн, у тым ліку $1,4 млрд за кошт размяшчэння еўрааблігацый, $600 млн — крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), $1 млрд 96,2 млн — крэдытаў урада і банкаў Расійскай Федэрацыі, $194,5 млн — крэдытаў банкаў Кітая, $122,6 млн — Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР), $3,9 млн — Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР).

Сукупны дзярждоўг Беларусі вырас за студзень-верасень на Br4,4 млрд, або на 12%, і складае Br41,4 млрд. То бок, больш за $21 млрд.

Такім чынам, кожны грама­дзянін Беларусі (умоўна возьмем лічбу ў 9,5 млн насельніцтва), уключаючы немаўлят і пенсіянераў, вінен ці замежнікам, ці мясцовым больш за 2000 долараў. Як мы іх будзем аддаваць — ніхто не ведае. Думаю, што не ведаюць нават і тыя, хто падпісваў пагадненні на гэтыя пазыкі, адначасна заяўляючы: «Не-не-не, пазыкаў больш не будзе!».

Чаму абавязкова ўзнікне праблема з адданнем грошай? Папросту таму, што ініцыятыўных і працуючых з рынку вышчамляюць.

Паводле дадзеных Белстата, за 9 месяцаў гэтага года ў Беларусі спынілі дзейнасць амаль 27,8 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў і 6,8 тысячы арганізацый.

Больш за ўсё ІП у студзені-верасні знікла ў адносна багатым Мінску — 6450 (варта адзна­чыць, што за аналагічны перыяд мінулага года ў сталіцы «сышлі» 10107 ІП). Пры гэтым у сталіцы і Мінскай вобласці колькасць ІП, якія закрыліся, была меншай, чым тых, якія адкрыліся. Ва ўсіх рэгіёнах ІП больш актыўна згортвалі бізнес, чым адчынялі. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці ІП, якія закрыліся, было на 1025 больш, чым тых, хто распачаў бізнес.

Увогуле ж колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі скарачаецца трэці год запар.

Відавочна, што з тых, хто згарнуў сваю справу, больш падаткаў не атрымаеш. А таму і з'явяцца праблемы з выплатамі, і не толькі дзярждоўгу, але і іншымі.

Затое некаторыя групы насельніцтва ўжо дасягнулі абяцанага Аляксандрам Рыгоравічам заробку ў 1000 рублёў. Размова ідзе, канешне, пра чыноўнікаў, асабліва ў Мінску. Па паведамленні таго ж Белстату, у верасні 2017 года сярэдняя зарплата мінскіх чыноўнікаў вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года прыкладна на 30% і склала 1341 рубель.

Нам заўсёды кажуць, што адпаведны рост адбыўся за кошт «аптымізацыі» і «дэбюракратызацыі» дзяржаўнага апарату. Аднак дапытлівыя журналісты TUT.BY паспрабавалі зразумець сутнасць той самай аптымізацыі. Напрыклад, па якім прынцыпе скарачалі работнікаў дзяржорганаў, колькі іх сышло і куды.

Усе нюансы аптымізацыі рэгламентаваныя пастановай Саўміна, дзе ёсць пункты з паметкай «Для службовага карыстання». Таму на ўмовах ананімнасці яны распыталі пра гэты працэс некалькіх гарадскіх чыноўнікаў, каб зразумець, што адбылося, хаця б у агульных рысах.

І ў выніку высветлілася, што не адбылося амаль нічога. Нічога! Проста ў працэсе «аптымізацыі» 30% службоўцаў пазбавіліся статусу дзяржслужачых. Гэта тыя людзі, якія альбо не выконвалі дзяржаўна-ўладных паўнамоцтваў, альбо выконвалі дублюючыя функцыі. 15% адправілі на пенсію або паспрабавалі знайсці ім новую працу, калі чалавек у працаздольным узросце. Напрыклад, гэта можа быць месца ў якой-небудзь падпарадкаванай дзяржарганізацыі. Кажуць, што новую працу знайшлі шмат каму, але гэта ж у выніку — простае перасаджванне з крэсла ў крэсла!

А тыя 15%, што засталіся — проста працуюць у той жа ўстанове тымі ж чыноўнікамі. Але — ужо без статусу дзяржслужачага. Пры гэтым ім захавалі ранейшую зарплату. Напрыклад, калі раней такі спецыяліст атрымліваў пэўны заробак з улікам надбавак за клас дзяржслужачага, то цяпер надбаўкі як дзяржслужбоўца ён пазбавіўся. Але да той жа лічбы, якую ён атрымліваў дзяржслужбоўцам, яму заробак «дабілі» іншымі надбаўкамі. І заробак на 30% паднялі ўсім — у тым ліку і «скарочаным дзяржслужачым».

Такім чынам, па паперах колькасць «дзяржслужачых» скарацілася на 30%. Сапраўды, калі чалавек афіцыйна пазбаўлены статусу дзяржслужачага — ён жа па дакументах ужо не дзяржслужачы? А па факце скарачэнне закранула толькі пенсіянераў.

Цікавая схема, праўда? Так можна скараціць колькасць дзяржслужбоўцаў і на 100% — пры тым, што менш іх ад гэтай «аптымізацыі» не стане.

А народу гэтую процьму чыноўнікаў утрымліваць усё складаней. Паказальная ў гэтым плане гісторыя, якая адбылася ў Мінску 19 кастрычніка.

Ехаў па горадзе тралейбус. З-за аварыі на дарозе кіроўца вырашыў змяніць маршрут, пра што і паведаміў пасажырам. Але ж пасажыры ўжо прабілі свае талончыкі і аплацілі праезд. Таму двое з пасажыраў выйшлі з салона тралейбуса, зайшлі ў кабіну кіроўцы і запатрабавалі пакрыць аплачаны праезд. Яны забралі праязныя талоны, якія ляжалі на прыборнай панелі кіроўцы, узялі некалькі сабе, а астатнія раздалі іншым незадаволеным пасажырам.

Зараз міліцыя расшуквае гэтых робін гудаў, але справа не ў тым. Гэты выпадак паказвае, колькі працоўны люд, які не ездзіць на службовых аўто, зарабляе насамрэч. А насамрэч зарабляе ён настолькі мала, што нават вартасць квітка на адну паездку ў транспарце для яго — каштоўнасць.

Такіх выпадкаў будзе больш, бо з 1 лістапада ў Мінску на 5 капеек падаражэў праезд. Хаця яшчэ паўгода таму Мінсктранс абяцаў, што сёлета падаражання не будзе. І гэта зноў пра розніцу паміж рэальным жыццём і абяцаннямі чыноўнікаў. У якіх ужо ёсць «па пяцьсот».