Кірыл Руды ў ролі Мікалая Бухарына

У верасні 1928 года ў разгар вострага канфлікту ў кіраўніцтве ВКП(б) паміж Сталіным і «правымі» (Бухарын, Рыкаў, Томскі) наконт эканамічнай палітыкі Мікалай Бухарын у галоўным партыйным органе газеце «Правда», дзе ён быў рэдактарам, надрукаваў артыкул «Нататкі эканаміста».

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч


Артыкул быў прысвечаны крытыцы эканамічных поглядаў Льва Троцкага і ягоных прыхільнікаў. Бухарын рэзка негатыўна ацэньваў ідэі трацкістаў, якія патрабавалі адмовы ад НЭПу, заклікалі да фарсіраванай індустрыялізацыі за кошт звышэксплуатацыі сялянства, да ўзмацнення адміністратыўных метадаў кіравання гаспадаркай.

Здавалася б, нічога незвычайнага, у 1920-я гады Троцкага і трацкізм крытыкавалі ў партыйнай прэсе пастаянна і шмат. Пікантнасць сітуацыі была ў тым, што Леў Давыдавіч і ягоныя прыхільнікі ўжо год як былі пазбаўленыя сваіх пасадаў, выключаныя з партыі і накіраваныя ў ссылку. Троцкі быў сасланы ў Алма-Ату і ўжо даўно не меў ніякага ўплыву на палітыку СССР. Чаму раптам Бухарын вырашыў паквітацца з апальным палітыкам?

 

Мікалай Бухарын

Мікалай Бухарын


Усё становіцца на сваё месца, калі зразумець, што, крытыкуючы Троцкага, Бухарын насамрэч меў на ўвазе Сталіна. Бо да гэтага моманту генсек і будучы дыктатар, палітычна разграміўшы трацкістскую апазіцыю, узяў на ўзбраенне яе палітыку і ідэалогію. Сталін адкінуў НЭП і пачаў праводзіць курс на звышіндустрыялізацыю, гвалтоўную калектывізацыю, фармаванне камандна-адміністратыўнай сістэмы. Крытыкаваць Сталіна наўпрост Бухарын не мог, разумеючы суадносіны сіл. Таму зрабіў гэта завуалявана, схавана. Але ўся палітызаваная публіка, разумеючы палітычны кантэкст, правільна прачытала сапраўдныя сэнс і пафас Бухарына.

Гэты сюжэт узгадаўся, калі прачытаў выступ Кірыла Рудага на Кастрычніцкім эканамічным форуме. Даклад называўся «Чаму нам не патрэбныя эканамісты». Бо, крытыкуючы эканамістаў, насамрэч былы дарадца прэзідэнта меў на ўвазе зусім не іх. Пад гэтым словам завуалявана Руды крытыкаваў кіроўную намэнклятуру, урад, палітычнае кіраўніцтва.



Кірыл Руды

Кірыл Руды


Ну вось, напрыклад, Руды кажа: «Нашы эканамісты „заточаныя“ не на рост эканомікі, а на захаванне яе структуры. Але калі эканоміка не расце, не дае дадатковага прадукту, то за кошт чаго яе захоўваць? Адказ вельмі просты: за кошт пазык. Таму сёння нашы эканамісты — проста прадаўцы дзяржаблігацый». Але прычым тут эканамісты? Гэта ж чыноўнікі, урадоўцы, Лукашэнка імкнуцца захаваць статус-кво, бяруць усё новыя крэдыты.

Ці вось яшчэ: «Калі няма агульнага адчування крызісу, няма і палітычнай волі з яго выходзіць». Неяк дзіўна ў дачыненні да эканамістаў ужываць тэрмін «палітычная воля». Гэта закід у бок улады.

Наступны тэзіс: «Эканамісты ўносяць хаос, таму што спрабуюць заняцца не сваёй справай, а менавіта дзяржаўным бізнесам, і выступіць на баку прапановаў. Замест дырыгавання спрабуюць самі граць у аркестры, стараюцца здагадацца, што будзе запатрабавана, зыходзячы з уласнага здаровага глузду, і туды накіраваць бюджэтныя сродкі».

Але ж гэта не эканамісты, а ўрадаўцы спрабуюць заняцца дзяржаўным бізнэсам, размяркоўваюць дзяржаўныя сродкі. Менавіта вышэйшыя чыноўнікі выбіраюць «звыклае, камфортнае рашэнне для захавання статус-кво».

«Эканаміст на вышэйшай пасадзе мае менш стымулаў вырашаць праблемы бізнэсу, чым сам бізнэс», — кажа Руды. Хто ж гэта такі, эканаміст на вышэйшай пасадзе? Угадайце з трох разоў.

Што ж трэба рабіць? Руды лічыць, што замест эканамістаў краіне патрэбныя бізнэсоўцы. Але што яны могуць зрабіць, калі, як ён сам сведчыць, колькасць адміністратыўных спраў паводле эканамічных артыкулаў за 2015 год вырасла з 9 тысяч да 13 тысяч?

Нам патрэбныя юрысты, каб абараніць бізнэс ад сілавога ціску дзяржавы, кажа Руды. Але, як вядома, супраць лому няма прыёму.

Нам патрэбныя сацыёлагі, каб «раскадаваць» грамадства для змены мыслення, кажа дакладчык. Але ці пад сілу навукоўцам такая задача? Трэба мяняць фармат СМІ? Справядліва, але як гэта зрабіць, калі медыямі кіруюць тыя самыя нібыта «эканамісты»?

Здаецца, існуе толькі адзінае выйсце: памяняць «эканаміста на вышэйшай пасадзе».



www.svaboda.org