Можа адбыцца беларускі бунт, але тады нам усім мала не падасца

Прадпрымальнік, эканаміст і блогер Аляксандр Кныровіч лічыць, што Беларусь на сённяшнім этапе не паўторыць крызісу 1990-х і распаду СССР. Але зазначае, што «рыторыка вайны» ва ўладзе не спрыяе разумным рашэнням.

photo_2021_09_17_09_34_56_2_25wcw.jpg

— Быў калапс на пачатку 1990-х гадоў. Ён быў звязаны з разрывам усіх гаспадарчых сувязяў ва ўсёй эканоміцы былога СССР. Гэта было вельмі балюча, вельмі цяжка, гэта была вялікая перабудова, і гэта прывяло да мінус 40% падзення ВУП, — распавядае Аляксандр Кныровіч у інтэрв'ю «Звычайнаму ранку». — Гэта значыць, гэтыя адчуванні абсалютнага развалу і гэтыя жудасныя 1990-я — гэта мінус 40% эканомікі.

Паводле яго слоў, тое, што цяпер адбываецца ў беларускай эканоміцы, нашмат лягчэй пераносіцца, таму што сама эканоміка да гэтага гатовая нашмат больш, чым калі яна перабудоўвалася з сацыялістычнай мадэлі на капіталістычную.

— І дзякуй богу, што ўсходняя мяжа ўсё яшчэ адкрыта, а Расія кепска, але функцыянуе.

Таму прагназаваць падзеі пачатку 1990-х не прыходзіцца. І самы нізкі ўзровень, які можа быць — гэта мінус 20%, гэта значыць палова ад тых падзей.

Магчыма, некаторыя нашы палітыкі хацелі б бачыць разруху ў краіне і людзей на барыкадах, але гэтага не адбудзецца ні пры якім раскладзе, як мінімум, у бліжэйшыя год-паўтара. Калі толькі не здарыцца ядзерная вайна, таму што эканамічныя наступствы ядзернай вайны я прадказваць ніяк не бяруся, і няма нават такой навукі, як «эканоміка ядзернай вайны» — гэта навука пра замагільны свет.

А ў астатнім, так дрэнна, як было ў 1990-я, не будзе ў любым выпадку, — падкрэслівае Кныровіч.

Ён таксама разважае пра тое, ці дапаможа вывесці незадаволеных беларусаў на вуліцы паступовае збядненне насельніцтва.

— Па-першае, барыкады ў сэнсе народнага бунту (для гэтага трэба сапраўды, каб людзям на простых прафесіях стала дрэнна) не з'яўляюцца звычайна вынікам павальнага збяднення насельніцтва.

Рэвалюцыя лютага 1917 года, якая прывяла да эпахальных змен у свеце, не была звязана з тым, што сапраўды там стала зусім ужо дрэнна і зусім няма чаго было жэрці. Так, у Петраградзе было дрэнна з хлебам, але на пад'ездзе да яго хлеб быў. Там абламалі лагістыку, і гэта стала трыгерам.

А што можа стаць менавіта такім трыгерам, ніхто не можа прадказаць. Можа быць, якая-небудзь, не дай бог, аварыя на шахце ў Салігорску. А потым няўмелыя дзеянні улад, якія, замест таго, каб дапамагчы пацярпелым, пачнуць выкладваць пакаянныя відэа нейкіх «стрэлачнікаў».

Вось гэта можа стаць трыгерам на фоне рэальнай мабілізацыі і рэальнага ўступлення ў вайну, — канстатуе бізнесовец.

У цэлым ён адзначае, што ў Беларусі і ў праўладных рэсурсах сёння транслюецца «абстаноўка абсалютнага накручвання сітуацыі».

— І пры гэтым ёсць адчуванне, што ўся чэлядзь Лукашэнкі шчасна і спецыяльна яго накручвае. Церцелі, Хрэніны і ўсе астатнія спецыяльна яму капаюць на мозг пра тое, што Польшча збіраецца ўвайсці ў Гродзенскую вобласць. Ён ад гэтага не спіць, бегае па столі.

Таму гэтая нервовая абстаноўка можа прывесці да вельмі неразумных і вельмі няякасных рашэнняў. А ў выніку можа адбыцца беларускі бунт, але тады нам усім мала не падасца.