Колькі адсоткаў ад кожнай сваёй пакупкі вы аддаеце Лукашэнку?

У тэлеграм-каналах з'яўляюцца чорныя спісы кампаній, якія падтрымліваюць афіцыйную палітыку «улады». ІТ-распрацоўшчык Аляксандр Атаман патлумачыў, што ў канчатковым выніку кожны з нас — па-за залежнасці ад сваёй грамадзянскай арыентацыі — трапляе ў гэтыя спісы, таму што падтрымлівае так званага прэзідэнта рублём.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Хто корміць рэжым? Некаторыя думаюць, што іх падтрымка рэжыма абмяжоўваецца падаходным падаткам, пакупкамі ў кампаніях «прыкарытных алігархаў» і прызнаннем «законаў» рэжыму законамі. Але давайце трохі палічым. Спойлер: больш за 70% заробку вы аддаеце Лукашэнку.
Галоўны падатак — гэта зусім не падаходны, а ПДВ — падатак на даданую вартасць. Гэта значыць з кожнай вашай пакупкі 20% ад яе кошту вы аддаеце Лукашэнку. Усё роўна, п'еце вы каву ці купляеце мэблю. Менавіта гэта і ёсць асноўная крыніца даходаў так званага прэзідэнта. Гэта афіцыйная інфармацыя.
ПДВ — дастаткова хітры падатак, які быў прыдуманы як раз для таго, каб спаганяць вялікія падаткі з людзей так, каб яны гэтага не заўважалі.
Напрыклад, у Францыі ПДВ забяспечвае каля 50% даходаў дзяржавы. Але гэтага падатку няма, напрыклад, у ЗША, Канадзе і Аўстраліі. Там замест ПДВ дзейнічае падатак з продажаў па стаўцы ад 2 да 11%. А ў Японіі дзейнічае прыкладны аналаг ПДВ — так званы спажывецкі падатак, стаўка якога роўная ўсяго толькі 5%.
Кожны пакупнік у кавярні ЗША ведае, што акрамя кошту на каву ён павінен будзе таксама заплаціць на касе чаявыя дзяржаве — у памеры каля 9% зверху да цаны на цэнніку. Дакладны памер падатку залежыць ад законаў канкрэтнага штата ЗША. А ці ведае беларус, колькі ён дае на гарбату Лукашэнку, купляючы каву?
Важнейшы нават не памер падатку, а сам факт таго, што амерыканец кожны дзень адчувае, што ўладу ўтрымлівае ён.
Што ён тут гаспадар, а не нейкія прэзідэнты, сенатары, губернатары, etc. Беларус жа пазбаўлены такой магчымасці. Лукашэнка кіруе ім утойліва. А, як кажа Славой Жыжэк: «Любое вызваленне пачынаецца з таго, што механізмы таемнай улады становяцца відавочнымі».
Агульная эканамічная ідэя заключаецца ў тым, што калі падаткі з продажаў дастаткова высокія, людзі пачынаюць займацца шырока распаўсюджанай дзейнасцю па ўхіленні ад выплаты падаткаў. Напрыклад, купляць праз інтэрнэт, выдаваць сябе за бізнес, купляць оптам, купляць прадукты праз працадаўцу і г. д. З іншага боку, агульная стаўка ПДВ можа падняцца вышэй за 10% без паўсюднага ўхілення з-за новага механізму спагнання.
«Кожны месяц беларусы бачаць у сваіх разліковых адны і тыя ж працэнты: 13% — у падаходны падатак, і 1% — адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, які выплачвае нам пенсіі, дапамогі і бальнічныя. На самай жа справе ФСАН атрымлівае значна больш грошай ад кожнага працуючага беларуса, проста выплочваюць іх наймальнікі за свой кошт. Кожны месяц яны пералічваюць у фонд суму, роўную 34% заробкаў усіх сваіх супрацоўнікаў. Разам на рахунку дзяржавы аказваецца амаль палова ад кожнай зарплаты — 48%». Цытата ўзята тут.
Гэта значыць з грошай, якія працадаўца выдзеліў вам на зарплату, значная частка адразу ж ідзе Лукашэнку. Нататка для дапытлівых: калі мы на выбарах прагаласуем за зніжэнне падаткаў, то заробкі могуць адразу ж істотна падняцца. Але, як я тлумачыў, галоўны даход Лукашэнкі — гэта ўсё ж такі ПДВ. Калі лічыць, што мы патрацілі ўвесь заробак, то гэта яшчэ 20%. Разам: 48% + 20% = 68%.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Адной з найважнейшых крыніц даходу Лукашэнкі з'яўляюцца акцызы. Гэта 9,8% даходаў бюджэту па афіцыйных дадзеных за студзень-ліпень 2020 года. То бок, калі вы купляеце алкаголь, тытунь, запраўляеце транспарт бензінам, дызелем, газам, судовым палівам, карыстаецеся машыннай алівай — то вы зноў плаціце Лукашэнку. І гэта не лічачы аплаты ПДВ.
Колькі падаткаў у нашым паліве? 35,18% — доля падаткаў у бензіне Аі-95.
P.S. Спадзяюся, вы разумееце, што 70% — гэта далёка не ўсе падаткі, якія мы плацім. Напрыклад, падатак на прыбытак складае яшчэ 9,2% даходаў Лукашэнкі. Так, аплачвае яго бізнес. Як і ПДВ. І як і з ПДВ — кошт гэтага падатку ўключаны ў кошт тавараў і паслуг, якія вы купляеце. Не будзе ж бізнес працаваць сабе ў страту. Усе падаткі ў канчатковым рахунку заўсёды плаціць спажывец.
Паводле kyky.org