Лукашэнка ўзмацняе кітайскі вектар?
Прызначаючы Кірыла Рудога на пасаду, Аляксандар Лукашэнка патлумачыў, што ён «цудоўна ведае сферу эканомікі, дзейнасць і дзяржаўнага, і прыватнага сектару, а таксама мае вопыт працы ў КНР».
Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў КНР
Паводле Лукашэнкі, Беларусь цікавяць працэсы, якія адбываюцца ў КНР, і кітайскі досвед.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка сказаў карэспандэнту «Радыё Свабода», што не ведае такога прафесійнага эканаміста:
«Я ніколі нічога пра яго не чуў, то бок гэта прафесійны серадняк. Ён не вядомы. Хутчэй за ўсё, гэта нейкая фігура для заняцця такой пасады. Паколькі ён займаўся крэдытнымі і фінансавымі пытаннямі ў Кітаі, то логіка — наблізіць да сябе эканаміста, які жыў у Кітаі, — можа, і мае сэнс. Але на прэзідэнцкім роўні павінен быць не нейкі расказчык пра нейкае жыццё ў нейкай краіне, а павінен быць прафесійны эканаміст. Але я такога прафесійнага эканаміста не ведаю».
У той жа час ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч ахарактарызаваў яго ў размове з «Нашай Нівай» як «талковага, граматнага, сучаснага, падрыхтаванага, працавітага».
Кірыл Руды абараніў кандыдацкую ў 2001 годзе ў «Наргасе». Тэма — «Механізм выбару рэжыму абменнага курсу». Навуковым кіраўніком быў прарэктар БГЭУ Мікалай Заяц. Апанентам пры абароне быў прафесар Станіслаў Багданкевіч.
«Моцны студэнт, паспяхова абараніў кандыдацкую. Талковы, граматны, сучасны, падрыхтаваны, працавіты. Калі да яго будуць прыслухоўвацца, то гэта вельмі добра. Такіх людзей і трэба ўцягваць ва ўладу. Разам з тым, трэба мяняць сістэму. Інакш нават такія людзі, як Руды, будуць увесь час заставацца "на пабягушках". У Лукашэнкі не было паўгода памочніка па эканоміцы? А Мясніковіч хіба не памочнік?» — іранізуе сп. Багданкевіч.
«Наша Ніва» нагадвае, што некалькі апошніх гадоў Кірыл Руды працаваў эканамічным дарадцам у пасольстве Беларусі ў Кітаі. У сваіх навуковых працах Руды пісаў пра «ўзмацненне ўплыву КНР у свеце». «Нягледзячы на складанасць кітайскай мовы, у апошнія гады яе папулярнасць у свеце расце, што найперш звязана з ростам і неабходнасцю эканамічнага супрацоўніцтва з Кітаем».
Вядома, што Кірыл Руды вёў з кітайскім Дзяржбанкам перамовы аб супрацоўніцтве з Беларуссю. Браў удзел у распрацоўцы праекта кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, што мае паўстаць пад Смалявічамі.
Перад прызначэннем у Адміністрацыю Руды крыху папрацаваў у бізнэсе. Апошнім часам ён з’яўляўся намеснікам гендырэктара беларуска-кітайскага прадпрыемства «Бел Хуавэй Техноладжыс». Прынамсі, сёлета ў сакавіку агучваў ідэю стварэння смартфонаў, якія будуць прадавацца пад брэндам «Гарызонта».
Цалкам імаверна, што прыход 35-гадовага эканаміста ў вышэйшыя эшалоны ўлады азначае не столькі патрэбу ў «новай крыві», ідэях і рашэннях, колькі ўзмацненне кітайскага вектара ў знешняй палітыцы. На які Аляксандр Лукашэнка даўно ўскладае вялікія надзеі.
Паводлеsvaboda.org і nn.by