Марскі бой як гульня на выжыванне. Так працуюць санкцыі

Можна рабіць выгляд, што іх не існуе, можна загадваць падначаленым не гаварыць пра гэта, але санкцыі былі, ёсць і нікуды не знікнуць, піша Вольга Лойка на «Plan B».

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg

Санкцыі можна абыходзіць, ігнараваць, гаварыць, што яны не працуюць. Можна нават адмяніць іх рашэннем вярхоўнага галоўнакамандуючага. Але яны ёсць. Быццам неэфектыўныя, не заўсёды абгрунтаваныя. Яны ўваходзяць у ваша жыццё і душаць — павольна, метадычна і абыякава.

І яшчэ ўчора вы спрытна абыходзілі быццам няўмела расстаўленыя Захадам пасткі, а сёння вашы абыходныя шляхі заваленыя і застаецца марыць аб імпартазамяшчэнні, якое лепш за ўсё працуе ў тэлевізары. У жыцці ўсё складана, доўга і дорага.

Жыццё — гульня

Пра тое, што санкцыі — гэта гульня ў «марскі бой», аўтарка гэтых радкоў напісала яшчэ ў снежні 2020-га. Іронія лёсу: менавіта гэты тэкст аказаўся адным з «доказаў» па артыкуле аб «распальванні варожасці» ў справе партала TUT.BY. Улады яго прачыталі — і цяпер не кажыце, што вас не папярэджвалі.

Тады тыя, хто не трапіў у першыя тры пакеты санкцый, не расслабіліся, а напружыліся: павольны заходні падыход дэманстраваў відавочныя перавагі.

Яны пачулі папераджальны стрэл у паветра, а потым — і пад ногі. Улада і яе «кашалькі» пераканаліся, што праціўнік страляе. Кагосьці адразу рыкашэтам зачапіла. Але вырашаць праблему спакойна і лагічна — не наш метад. Улада да гэтага не гатовая. І думаць ёй няма калі — яна «каханую не аддае».

З тых часоў кожны снарад, які прасвісцеў міма, не прыносіў палёгкі. Але быццам і не забіваў. Пакеты санкцый ішлі за пакетамі. Шляхі абыходу знаходзіліся. Нібыта ўсім відавочна: пакуль праблемы (сфальсіфікаваныя выбары, гвалт, рэпрэсіі, палітвязні) не вырашацца, рызыка страціць рэпутацыю і бізнэс будзе толькі нарастаць.


Глядзіце таксама

Але дастукацца да ўладаў нават тым, хто некалі ўваходзіў у высокія кабінеты, станавілася ўсё больш складана. Уладкаваліся неяк самі. Тым больш вайна вызваліла ад канкурэнтаў выгадны расійскі рынак.

А потым нешта пайшло не так.

Перакрыць кісларод

Асноўны ўдар (можна было б напісаць падступны — але не, усіх папярэджвалі) нанеслі другасныя санкцыі ЗША. І вунь ужо на пачатку гэтага года пачалося. То банкі ААЭ не проста абмяжоўваюць разлікі з агрэсарамі, але і закрываюць рахункі кліентаў. То турэцкія банкі масава блакуюць аплатныя аперацыі. А там і кітайскія банкі закапрызнічалі.

Але дзе наша не прападала. Яшчэ зімой крыніцы «Ведомостей» былі бадзёрыя — маўляў, праблема па-ранейшаму вырашальная: важна, каб фундатары і ўладальнікі бізнэсу не былі звязаныя з санкцыямі супраць Расіі ці мелі сувязі з мясцовай элітай. Прарвемся.

Беларусы таксама не гублялі аптымізму. Лукашэнка нават цэлую нараду правёў пра тое, як у нас зусім няма праблем з разлікамі. А заможныя людзі вярталіся да звыклага ладу жыцця.

Гэта шараговыя беларусы з цяжкасцю здабываюць візы і суткамі пакутуюць у аўтобусах на мяжы. Заможыя людзі выбіраюцца з Сінявокай праз Стамбул — на шчасце, турэцкая (ці не) «Southwind Airlines» пачала лётаць, як раней, над ЕС. А гэта — тры гадзіны палёту. А не ў абыход, як вымушана дабіраюцца барты падсанкцыйнай «Белавія» — за шэсць гадзін, доўга і дорага.


Глядзіце таксама

Схема выдатна запрацавала, у Мінску ўжо прыкідвалі, хто б яшчэ мог вазіць пасажыраў, абыходзячы забарону. Але нечакана «Southwind Airlines» забаранілі лётаць над ЕС.

Прычына празаічная. Пра яе расійскія і беларускія СМІ пісалі яшчэ напрыканцы мінулага года, калі анансавалі новы рэйс. Маладая і на паперы турэцкая авіякампанія «Southwind Airlines» звязаная з расійскім «Pegas Touristic».

За ёй стаіць уладальнік расійскага тураператара «Pegas Touristik» Рамазан Акпынар, а сам флот авіякампаніі першапачаткова складаўся з самалётаў расійскай авіякампаніі «Nordwind Airlines» (падрабязнасці ёсць у «Матолька help»).

І ніякіх «новых» санкцый не спатрэбілася — старых хапіла. Не спяшаючыся, намацалі дзірку — і прыкрылі.

Імпартазамяшчэнне даўжынёю ў жыццё

Пра шматлікія санкцыйныя «пабочныя эфекты» вядома не вельмі шырока. Лукашэнка вырашыў пытанне цалкам у сваім стылі: проста забараніў ураду і чыноўнікам скардзіцца на санкцыі.

«Я зыходзіў з простай логікі: калі начальніку, чыноўніку, дырэктару прадпрыемства даць магчымасць адкруціцца ад таго, каб напружвацца і працаваць, ён гэтым скарыстаецца. Таму я адразу сказаў: санкцый няма. Забудзьцеся, для вас санкцый няма, — аргументаваў ён. — Якая розніца нашым людзям, ёсць санкцыі ці іх няма. Яны хочуць жыць, яны хочуць працаваць».

Вось і быццам ёсць праблемы са зламанымі апаратамі МРТ («Калі выправяць? Хутка! Вось санкцыі адменяць і адразу выправяць») або згарэлымі МАЗамі. А быццам і няма. Гаварыць жа забаронена. Гаварыць можна толькі пра поспехі імпартазамяшчэння.

Але нават размовы пра поспехі часам праліваюць святло на рэальную карціну. Гэта значыць, мы і так, канешне, ведалі, што выпускаць трактарны рухавік і рухавік для 200-тоннага «БелАЗа» — зусім не адно і тое ж. І вось з рэпартажу дзяржпрапаганды можна даведацца, што стварэнне такога імпартазамяняльніка амерыканскага «Cummins» зойме не менш за пяць гадоў. І ўжо літаральна ў 2025-м нам абяцаюць, не, не серыйную вытворчасць, — сабраны гатовы ўзор. А там выпрабаванні, дапрацоўкі. Увогуле, чакайце. Ужо хутка.


Глядзіце таксама

І калі раней быў «план А» — стварыць кшталту зборачную вытворчасць у сяброўскай краіне, якая магла б купляць звыклыя германскія і амерыканскія рухавікі, то цяпер, глядзіш, сапраўды давядзецца чакаць айчыннага.

Сяброўства сяброўствам, а другасныя санкцыі — штука непрыемная. Сварыцца з англасаксамі — сабе даражэй. Ці жарт, ужо нават нацыянальная плацежная сістэма Кыргызстана абвясціла, што спыняе абслугоўванне расійскіх карт «Мір». Вельмі ўжо клапотна выходзіць сябраваць з агрэсарамі.

Зрэшты, камусьці і Паўночная Карэя — сяброўка.

Увогуле, гульня яшчэ працягваецца, але галоўныя сілы ўжо патоплены. І гульнявое поле настолькі прастралянае, што размяшчэнне тваіх апошніх караблёў суперніку відавочна. Дагульвай, ды трымай добрую міну пры прайгранай гульні.