Мінск «у мінусе». Што хаваецца за падзеннем заробкаў?

Белстат апублікаваў свежую статыстыку па рэальных заробках у Беларусі. Сярэдняя зарплата па краіне ўпала і склала 1637 рублёў у верасні (што на 29 рублёў менш, чым месяцам раней). Тэлеграм-канал «Нашы грошы» падрабязна разглядае, што адбываецца з заробкамі ў рэгіёнах, і, як заўсёды, робіць невідавочныя высновы.

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1_2.jpg

Такім чынам, мы бачым, што падаць у рэальным выражэнні заробкі сталі ад сакавіка: відавочна, гэта прамы вынік пачатку вайны, якую развязала Расія. Па сутнасці, падзеі пасля 24 лютага паставілі кропку на беларускім «экспартным цудзе», якое працягвалася ў першыя два месяцы 2022 года. Прычым важна, што рэальныя заробкі ў Мінску ў лютым раслі сапраўды ўражвальнымі тэмпамі, на 17,1%, гэта значыць, практычна ў два разы хутчэй, чым па ўсіх астатніх рэгіёнах.

Менш за ўсё ў лютым рэальныя заробкі раслі ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях (плюс 6,8% у кожнай), а найбольш высокія паказчыкі (акрамя Мінска) аказаліся ў Гомельскай (плюс 9,5%) і Гродзенскай вобласці (плюс 8,6%).

Але з сакавіка сітуацыя змянілася карэнным чынам. Замест росту пачалося падзенне. Адзінае выключэнне — Гродзенская вобласць, якая ў жніўні змагла на месяц паказаць плюс 1,4%, але пасля зноў сышла ніжэй за нуль. Мяркуем, што прычына жнівеньскага феномену — той набор прамысловасці, якая працуе ў рэгіёне (яны не так пацярпелі ад санкцый і не былі занадта шчыльна завязаны на экспарце і імпарце), адначасова з гэтым блізкасць да мяжы аказала станоўчае ўздзеянне, бо ў крызіс заўсёды ажывае дробны гандаль. Таксама можна, напрыклад, дадаць фактар Астравецкай АЭС, заробкі на якой не падалі.

Пры гэтым цікава, што дынаміка «адмоўнага росту», пачынаючы з сакавіка, у рэгіёнах размеркавалася з пэўнымі заканамернасцямі. Эканамічны крызіс, які пачаўся з канца лютага, прынцыпова адрозніваецца ад таго, які адбываўся падчас пандэміі СOVID. Сёння крызіс вельмі моцна б'е менавіта па «кропках росту», і мы бачым гэта на прыкладзе Мінска.

Мяркуючы па ўсім, калі вы, як кампанія, рабілі ўсё для таго, каб расці і развівацца, быць часткай сусветнай эканомікі, паспяхова канкурыраваць, цяперашні крызіс будзе вас дабіваць мацней за іншых. Менавіта для вас зачыняюцца экспартныя рынкі, ваш юрыдычны адрас становіцца максімальна «таксічным».

І наадварот. Калі прадпрыемства нікуды не імкнулася, працавала на дзяржаўных датацыях, не вылазіла з даўгоў, то ўзрушэнні, якія адбываюцца, тычацца яго менш за ўсё. Як сядзелі на шыі ў дзяржбюджэту, так і працягнуць сядзець. Змены, што адбываюцца цяпер, тычацца ў першую чаргу тых сфер, у якія гэткія кампаніі-паразіты нават носа ўсоўваць не жадалі.

Парадаксальную сітуацыю яскрава ілюструе тое, што Мінск цяпер больш за ўсіх прасеў па заработнай плаце. У траўні падзенне дасягала мінус 9,3%, пасля крыху адкацілася, але заставалася высокім (у ліпені і жніўні — мінус 7,9%, у верасні — мінус 6,8%).

photo_2022_10_28_19_55_55.jpg


Гэта адбываецца таму, што з Мінска з'язджаюць самыя кваліфікаваныя спецыялісты, у сталіцы гінуць высокааплатныя сэрвісы. Вялізныя цяжкасці адчуваюць прагрэсіўныя і навукаёмістыя прадпрыемствы, якія пакутуюць ад недахопу рэсурсаў і камплектуючых з-за мяжы і якія страчваюць рынкі збыту. Знікае сектар, які раней прыцягваў інвестыцыі, а пасля ствараў эфект перацякання капіталу ў іншыя галіны.

І наадварот. Магілёўская вобласць, дзе менш такіх прагрэсіўных прадпрыемстваў, дзе заробкі традыцыйна самыя нізкія ў краіне, прасядае значна менш: у траўні падзенне склала 4,3%, у жніўні і верасні па мінус 3%.

Што мы бачым яшчэ. Па сутнасці, толькі тое, што ўрад з той эканамічнай мадэллю, што ёсць сёння, з узніклай сістэмнай праблемай ніяк справіцца не можа. Усе намаганні, прыкладзеныя за апошнія месяцы, значнага выніку не прынеслі. Мы па-ранейшаму ў «мінусе» па заробках, сітуацыя — без перамен, наўрад ці глабальна зменіцца, а адставанне ад суседзяў будзе толькі расці.