На 30-годдзе ЕРАМ IT-сектар вылецеў з топа самых рэнтабельных галін у Беларусі
«Інфармацыя і сувязь» апошнія гады знаходзіліся ў топ-3 самых рэнтабельных галін айчыннай эканомікі. Аднак сёлета яе эфектыўнасць стала змяншацца. За восем месяцаў сярэдняя рэнтабельнасць продажу ў IT-сектары знізілася на 0,9 працэнтныя пункты, склаўшы 17,9%.
Выцесніў айцішнікаў з топа сектар кіравання нерухомай маёмасцю, чыя рэнтабельнасць за той жа перыяд вырасла на 1,6 працэнтныя пункты, піша thinktanks.by.
Нечакана новым лідарам у 2023 годзе таксама стаў навуковы сектар, дадаўшы ў рэнтабельнасці за восем месяцаў 4,2 п.п.
Узначальвае рэйтынг самых рэнтабельных галін фінансавая і страхавая дзейнасць.
А вось няўдалым сёлетні год стаў для ляснога сектара, чыя рэнтабельнасць за восем месяцаў абвалілася на 9,4 п.п., а таксама для гандлю (мінус 4,5 п.п.), горназдабыўной прамысловасці (мінус 4,5 п.п.) і сельскай гаспадаркі (мінус 3,0 п.п.).
Антырэйтынг самых нізкарэнтабельных галін узначальвае гандаль, дзе ўрад адміністрацыйна трымае цэны:
- рознічны гандаль (1,0%),
- аптовы гандаль (1,4%),
- горназдабыўная прамысловасць (2,7%).
У цэлым па эканоміцы за восем месяцаў сярэдняя рэнтабельнасць продажу ў кампаній склала 7,4%. У 2022 годзе паказчык быў вышэйшым — 8,9%.
А тым часам, як звярнуў увагу на канале «Эканоміка Беларусі» бізнесмен і блогер Аляксандр Кныровіч, кіраўнік кампаніі ЕРАМ Аркадзь Добкін апублікаваў у адной з сацыяльных сетак першы дакумент — партнёрскае пагадненне з сузаснавальнікам Леанідам Лознерам аб стварэнні EPAM у далёкім 1993-м.
Статутны фонд — 2$, па баксе з кожнага.
Сёння рынкавы кошт EPAM перавышае $13 млрд., прагнозная выручка — крыху меншая за $4 млрд, прыбытак — вышэйшы за $400 млн.
Для параўнання — кошт усяго нашага «фамільнага золата» ў аўтамабільнай прамысловасці, усіх гэтых МАЗаў, МТЗ, БелАЗаў праз 30 гадоў эфектыўнага кіравання не перавышае $2 млрд.
Можна з некаторай доляй умоўнасці казаць пра кошт, вымераны ў мільярдах долараў некаторых прыватных гігантаў — «Савушкаў прадукт» або «Еўраопт», але ў дзяржавы такіх поспехаў няма і блізка.
У EPAM сёння працуюць больш за 55 тысяч супрацоўнікаў. З іх у Беларусі 5 тысяч. Было значна больш, але...
Самы буйны офіс — ва Украіне, там 10,5 тысяч работнікаў. У Польшчы — 7 тысяч, у Індыі — 5 тысяч, кампанія сышла з расійскага рынку, актывы прададзены.
Для параўнання, найбуйнейшы працадаўца ў Беларусі — «Еўраопт» — мае блізу 35 тысяч супрацоўнікаў.
У іншай сітуацыі, у іншай краіне Аркадзь і Леанід былі б сталымі героямі перадавіц, іх бы насілі на руках і бацькі казалі б дзецям: «Вучыцеся добра, будзеце такімі, як яны...»
Але! У краіне іншыя героі, тыя самыя, якія не ствараюць працоўныя месцы, не плацяць падаткі і не клапоцяцца пра супрацоўнікаў. Хутчэй, здзяйсняюць прама супрацьлеглыя дзеянні...