На мінскім заводзе ўвялі 48-хвілінны працоўны дзень
На адным мінскім заводзе са 110 супрацоўнікамі працадаўца вызначыў працоўны дзень роўным 48 хвілінам.
Такі прыклад таго, як праз размытасць фармулёвак у працоўным заканадаўстве «сваволяць» некаторыя працадаўцы распавёў у інтэрв'ю «Советской Белоруссии» прадстаўнік дзяржаўнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда.
Праца на заводзе з 8:00 да 8:48 прыносіла, адпаведна, вельмі малыя заробкі — такім чынам працадаўца штурхаў «непажаданых» работнікаў да звальнення. Ці скасавалі такі «скарочаны» працоўны дзень і ці пакаралі працадаўцу, не паведамляецца.
Гэта законна?
Старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч на просьбу Свабоды пракамэнтаваць законнасць 48-хвіліннага працоўнага дня здзівіўся: пра такі выпадак ня чуў. Але падкрэсліў, што гэта незаконна і што існуюць законныя шляхі, як змагацца супраць такога. Маўляў, калі б знайшліся работнікі заводу, што пагадзіліся б напісаць заяву, РЭП мог бы дапамагчы і на рашэнне праблемы не пайшло б шмат часу.
«Навошта кожны дзень хадзіць на працу, калі працы няма? — здзіўляецца Фядыніч. — Я ведаю, што, наадварот, прадпрыемствы, якія маюць хоць нейкую рэалізацыю, прапануюць людзям захопліваць першую і другую змену, каб працавалі па 10 гадзін. Такія выпадкі я ведаю, а што Орда агучыў, я ня маю такой інфармацыі.
Бывала, што заводы пераходзілі на 4-дзённы працоўны дзень, на „трохдзёнку“, на Гомельшчыне на „двухдзёнку“. Але гэта было раней. Цяпер толькі на пачатку ліпеня будзем ведаць, што там робіцца з прадпрыемствамі, хто як працуе. Але сёння такіх выпадкаў ня ведаю. Што там думае дырэктар і як гэта людзі прыходзяць і праз гадзіну сыходзяць?!
Гэта незаконна, ёсць жа кантракт. Бываюць хіба выключныя сітуацыі, калі, напрыклад, няма дэталяў. Але тады чалавеку павінны аплочваць прастой: па віне наймальніка ён ня ходзіць на працу, трэба плаціць грошы, хай і невялікія, але чалавек не павінен з'яўляцца на працу, калі яе няма.
Але ж мы ня ведаем, якія на тым заводзе стасункі. Мабыць, наймальнік гаворыць: „Вы ж пачакайце“. А нашых людзей умеюць „абуваць“, і яны падманваюцца гэтымі байкамі. Ніхто ж ня думае, як чалавеку карміць сям’ю і камуналку плаціць — знікае інтарэс у наймальніка».
Аднагадовыя кантракты: адрэгуляваць ці скасаваць?
Орда таксама крытыкаваў раптоўныя змены ўмоваў працы пад пагрозай звальнення, згадваў праблему аднагадовых кантрактаў. Сістэма кантрактаў, на яго думку, патрабуе ўдасканалення, каб «пры складанай эканамічнай сітуацыі кіраўнік ня меў магчымасці вырашаць праблемы за кошт работніка».
Ён прапанаваў «даць людзям больш гарантыяў стабільнасці»: калі чалавек адпрацаваў год без прэтэнзій і заўваг, абавязаць заключаць наступны кантракт ня менш як на тры гады.
Фядыніч мае іншую ідэю: адмовіцца ад кантрактнай сыстэмы.
«Сістэма ў першую чаргу дзейнічае на тых людзей, хто сёння адстойвае свае правы, свае законныя інтарэсы. Гэтых людзей, як кантракт сканчаецца, звальняюць — і ніхто ім не тлумачыць, з якой прычыны. Орда ж ніколі не працаваў на прадпрыемстве і ня ведае, што гэта такое!
Кантракты павінны быць скасаваныя, трэба пераходзіць да бестэрміновай працоўнай дамовы, як было раней. Калі чалавек не спраўляецца, то ў Працоўным кодэксе хапае артыкулаў, паводле якіх яго можна звольніць. Але гэта трэба рабіць законна. А цяпер перазаключэнне кантрактаў — гэта ж не абавязак наймальніка, а ягонае права.
У ФБП ні пры Ордзе, ні пры Козіку — ніколі — не было мэтаў скасаваць кантрактную сістэму, хоць гэта, безумоўна, здзек зь людзей. А тое, што нехта гаворыць, што вось дамагаемся кантрактаў на два гады, на тры... Ну, ёсць такія выпадкі. Але ж усё роўна ніхто не палічыў, калі кантракт канчаецца, колькі чалавек маральных сілаў траціць ваганні, ці працягнуць кантракт, ці не працягнуць. Трэба ж пра чалавека думаць, а не пра кантракт, тады гэта будзе Фэдэрацыя».
svaboda.org