На падрыхтоўку да дэнамінацыі беларускія банкі патрацілі мільёны долараў

Выдаткі кожнага банка на падрыхтоўку да дэнамінацыі вар'іраваліся ад паўмільёна да мільёна долараў, паведамілі БелаПАН прадстаўнікі банкаўскага сектара.

Фота з сайта belta.by

Фота з сайта belta.by


"Выдаткі на "жалеза" (расходы на абнаўленне банкаўскага абсталявання. — БелаПАН.) былі не вельмі вялікімі, да 100 тысяч долараў. Нашмат большых выдаткаў каштавала абнаўленне праграмнага забеспячэння. Аказалася, што гэта патрабуе кардынальных змен — з-за таго, што ў абарачэнні з'явяцца капейкі", — расказаў суразмоўца агенцтва.
Паводле слоў удзельнікаў фінансавага рынку, нават адносна новыя аўтаматызаваныя сістэмы, якімі карыстаюцца банкі, не прадугледжвалі ўліку аперацый з капейкамі.

 "Беларускія банкі даўно працавалі толькі з круглымі лікамі. Аўтаматызаваная банкаўская сістэма, аперацыі, якія тычацца міжбанкаўскага ўзаемадзеяння, даўно былі настроеныя такім чынам, што любую коску ўспрымалі як памылку", — адзначыў прадстаўнік аднаго з банкаў.


Такім чынам, прамыя выдаткі банкаў, звязаныя з падрыхтоўкай да дэнамінацыі, паводле ацэнкі спецыялістаў, склалі ад паўмільёна да мільёна долараў: выдаткі кожнага банка вар'іраваліся ад памеру бізнесу, стану праграмнага забеспячэння і інфраструктуры.
Акрамя прамых затрат, звязаных з дэнамінацыяй, банкам прыйшлося панесці і іншыя выдаткі. "Расходы аказаліся ў тым, што апошнія паўгода да дэнамінацыі банкі не маглі ўкараняць новыя прадукты. Выводзіць новыя прадукты і адначасова з гэтым рыхтаваць іх да дэнамінацыі праблематычна, таму дэ-факта прыйшлося замарозіць планы па развіцці бізнесу ў пераддэнамінацыйны перыяд", — адзначыў банкаўскі эксперт.
У сваю чаргу кіраўнікі беларускіх бізнес-саюзаў адзначаюць, што суб'ектам гаспадарання прыйшлося змірыцца з выдаткамі, якія спатрэбілася панесці ў сувязі з дэнамінацыяй.
"Кожнай кампаніі прыйшлося панесці грашовыя і працазатраты, каб падрыхтавацца да дэнамінацыі. Іншая справа — бізнес прагматычны, і раз прынята ў дзяржаве рашэнне праводзіць дэнамінацыю, то ўсе будуць несці звязаныя з гэтым выдаткі", — адзначыў у каментарыі старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.
Пры гэтым ён лічыць, што вострай патрэбы ў дэнамінацыі беларускі бізнес не бачыць. "Сказаць, што ў бізнесу існуе вялікая патрэба адсякаць нулі, нельга. Тым больш поўнай упэўненасці ў тым, што наша эканоміка зжыла эмісійныя напампоўванні, якія цягнуць за сабой інфляцыю, у бізнесу таксама няма".
На думку ганаровага старшыні Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгія Бадзея, у выніку таго, што нулёў на банкнотах стане менш, узровень даверу да беларускага рубля не падымецца. "Які можа быць давер да нацыянальнай валюты, калі мы за апошняе дваццацігоддзе вымушаныя сем нулёў здымаць?!" — сказаў ён.
Прадстаўнікі дзелавой супольнасці лічаць увядзенне капеек у грашовае абарачэнне заўчасным крокам. "Дзякуючы капейкам павысіць давер да нацыянальнай валюты не атрымаецца. Капейкі можна ўводзіць тады, калі краіне ўдалося забяспечыць макраэканамічную стабільнасць на працягу мінімум трох гадоў", — адзначыў Аляксандр Швец.

Трэцяя па ліку дэнамінацыя адбудзецца ў Беларусі 1 ліпеня ў суадносінах 10.000 да 1. На момант дэнамінацыі ў абарачэнні будзе знаходзіцца каля 600 млн. экзэмпляраў банкнот старога намінальнага шэрагу.


Паводле ацэнкі Нацбанка, для іх замены спатрэбіцца 80 млн. экзэмпляраў банкнот новага намінальнага шэрагу і 400 млн. экзэмпляраў манет. Старыя і новыя грашовыя знакі будуць знаходзіцца паралельна ў абарачэнні да канца 2016 года.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН