На кожнай беларускай сям’і вісіць доўг: у сярэднім 13 тысяч долараў
2013 для Беларусі – год найбуйнейшых выплатаў вонкавых крэдытаў. Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, доўг краіны складае сёння каля $ 12 млрд, а калі дадаць да гэтага пазыкі банкаў і прадпрыемстваў, ён вырасце да $ 32–34 млрд.
Лічыльнік шчоўкае
«Скажы каму, што на сям’ю з чатырох асобаў прыкладна $ 13 тыс. пазыкі за апошнія 5 гадоў набралі. Урад гэта хавае. Мала хто ведае, што толькі летась мы заплацілі больш за
$ 900 млн. адсоткаў за абслугоўванне пазыкаў», — зазначае Леанід Заіка. Сёлета Беларусь мусіць выплаціць мінімум $ 3,5 млрд. Галоўная крыніца, адкуль можна
ўзяць грошы, — гэта гандаль: больш прадаваць, меней набываць. Аднак сёлета экспарт знізіўся на 17 %.
Таму ўраду патрэбны іншы механізм здабычы грошай: у краіне арганізуецца інфляцыя. «Калі УВП — 60 млрд, дык 10-адсоткавая інфляцыя дае ўжо 6, то бок мы незаўважна забіраем у насельніцтва 6 млрд. Калі інфляцыя складае 20 %, а сёлета меншаю яна не будзе, мы забіраем 12 млрд. Насельніцтва гэтага не ўсведамляе — яно бачыць толькі, што кошты растуць», — тлумачыць Леанід Заіка.
У Беларусі інфляцыя — гэта метад пераразмеркавання даходаў паміж людзьмі, прыдумвання розных праграмаў і аплочвання розных мерапрыемстваў, дажынак. Для параўнання: у краінах СНД
інфляцыя складае 3–7 %.
Паводле Леаніда Заікі, галоўнае, чаго дамаглося кіраўніцтва краіны за апошнія 20 гадоў, – танная працоўная сіла. У снежні 2012 года заробак у Расіі склаў $ 1215, у
Казахстане — $ 847, а ў Беларусі — $ 550. Аднак танная працоўная сіла не ў стане прыцягнуць інвестараў з прычыны адсутнасці нармальных умоваў для вядзення
бізнэсу. Вынік — міграцыя.
«Вы прывялі да таго, — звяртаецца Леанід Заіка да кіраўніцтва краіны, — што эліта краіну пакідае, кваліфікаваная працоўная сіла таксама будзе з’язджаць у Расію або на Захад, і вось вы застаняцеся са сваімі 933 тыс. пенсіянераў ва ўзросце 70 гадоў і старэй. Ім падабаецца сённяшняя сітуацыя. І ў выніку Беларусь не адбудзецца як дзяржава».
«Размова Мацкевіча», belsat.eu