На тэрыторыі Мытныга саюзу забаранілі вытворчасць, увоз і продаж карункавых майткоў

На тэрыторыі краін Мытнага саюза (Расія, Беларусь, Казахстан) уведзена забарона на вытворчасць, увоз і продаж карункавых майткоў. Забарона была выкліканая тым, што дадзеная прадукцыя не адпавядае тэхрэгламенту Мытнага саюза.



kruzhevnyje_trusiki.jpg

Пра забарону на вытворчасць і продаж карункавых майткоў у Мытным саюзе паведаміў міністр па пытаннях тэхнічнага рэгулявання Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Валерый Карашкоў.
Тлумачачы, як узнікла такая сітуацыя, Карашкоў распавёў, што патрабаванні па гіграскапічнасці тканін, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці майткоў, утрымліваліся ў Адзіных санітарна-эпідэміялагічных і гігіенічных патрабаваннях да тавараў. Яны былі прынятыя ў 2010 годзе і дзейнічалі да з'яўлення галіновых тэхрэгламентаў. Гэтыя ж патрабаванні былі аўтаматычна перанесены ў тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці», які ўступіў у сілу 1 ліпеня 2012 года.

Гэты тэхрэгламент утрымлівае патрабаванне да гіграскапічнасці вырабаў пад назвай «майткі» на ўзроўні 6 % (іншых прадметаў ніжняй бялізны тэхрэгламент па гэтым параметры не датычыць). Гіграскапічнасць жа самых папулярных сінтэтычных тканін для пашыву майткоў (88 % поліаміду плюс 12 % спандэкс; 85 % нейлону плюс 15 % эластычнага валакна; 90 % поліэстэру плюс 10 % эластычнага валакна) складае каля 3-3,6 %. Гэта азначала, што ільвіная доля ніжняй бялізны, якая вырабляецца і прадаецца ў Мытным саюзе, новым нормам не адпавядае.


Тэхрэгламент уступіў у дзеянне з 1 ліпеня 2012 года, але да 1 ліпеня 2014 года дапушчалася вытворчасць і выпуск у абарачэнне прадукцыі па раней выдадзеных сертыфікатах адпаведнасці, у тым ліку і на майткі.
Да пары да часу ні вытворцы, ні імпарцёры, ні прадаўцы ніжняй бялізны, мабыць, не тлумілі сабе галаву чытаннем новага тэхрэгламенту, ці проста не ўспрымалі яго нормы усур'ёз і ўсё ішло па накатанай каляіне.
Але ў лістападзе 2013 старшыня савета дырэктараў буйной расійскай кампаніі па вытворчасці адзення і бялізны InCity Аляксандр Папоў накіраваў у Мінпромторг ліст аб тым, што пасля 1 ліпеня 2014 года вытворцы жаночых майткоў з самых папулярных відаў сінтэтычных карункаў не змогуць падоўжыць сертыфікаты на сваю прадукцыю, а такім чынам, страцяць магчымасць падобны тавар выпускаць і прадаваць. Ён папрасіў неяк вырашыць гэтую праблему. Напрыклад, знізіць да 3% патрабаванні да гіграскапічнасці для майткоў.
У адказ грымнуў гром.
Па выніках разгляду звароту кампаніі InCity міністр па пытаннях тэхрэгулявання Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Валерый Карашкоў заявіў, што прадукцыя, якая не адпавядае тэхрэгламенту, павінна быць забароненая да вытворчасці і продажу ў Мытным саюзе.

Карашкоў адзначыў: «Усе патрабаванні не новыя, яны ўжо існавалі. Калегі павінны былі згодна з імі ўвозіць прадукцыю. А яны зрабілі выгляд, што для іх яны новыя. Трэба, значыць, разабрацца, як раней яны ўвозілі прадукцыю». Гэтак Валерый Карашкоў пракаментаваў сцвярджэнні вытворцаў, што гэты від вырабаў можа знікнуць з прылаўкаў магазінаў з 1 ліпеня 2014 года, калі не будуць унесены змены ў тэхрэгламент Мытнага саюза.


Асноўныя прадаўцы і вытворцы ніжняй бялізны з Расіі і Беларусі пакуль не змаглі выразна выказаць сваю пазіцыю па гэтым пытанні. Адзін з іх на ўмовах ананімнасьці сказаў: «Мы не думалі пра гэта, ніхто не патрабаваў выканання гэтых правілаў».
Дырэктар дэпартамента тэхнічнага рэгулявання і акрэдытацыі ЕЭК Васіль Байцоў пагадзіўся, што новых патрабаванняў у тэхрэгламенце няма, але дадаў: «Гэтыя пытанні, нават у дачыненні да карункавай бялізны, могуць вырашацца па-рознаму, у тым ліку і канструктыўна».
На думку спецыялізаванага часопіса Intima, у студзені 2013 года памер рынку ніжняй бялізны ў адной толькі Расіі ацэньваўся ў 4 млрд. У гэтай суме 60% прыпадае на продажы майткоў. Каля 80% прадукцыі паступае з-за мяжы.
Паводле расійскіх СМІ