У Казахстане затрыманыя ўдзельніцы пратэсту з карункавымі майткамі на галаве
У Казахстане ранкам 16 лютага аднавіліся выступы супраць дэвальвацыі тэнге. Паліцыя зноў затрымлівала людзей, але ўжо не за палітычныя лозунгі.
Як паведамляюць блогеры з Алматы, большасць актыўных удзельнікаў акцыі пратэсту былі затрыманыя яшчэ напярэдадні, таму на мітынгу ў цэнтры горада яго ўдзельнікі вылучалі зусім іншыя
патрабаванні. Некалькі жанчын апранулі на галаву карункавыя майткі, выступаючы супраць забароны гэтага элемента адзення.
Мясцовая паліцыя, сцягнутая ў цэнтр Алматы, не стала разганяць мітынг, колькасць якога дасягнула 50 чалавек, але пры гэтым затрымала жанчын з майткамі на галаве. Пры гэтым супрацоўнікі
правапарадку не патлумачылі сваіх дзеянняў.
Карункавыя майткі будуць забароненыя да ўвозу на тэрыторыю Казахстана ўжо гэтым летам, паколькі яны не адпавядаюць тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза.
Напярэдадні некалькі соцень чалавек выйшлі ў цэнтр Алматы, выступаючы супраць дэвальвацыі тэнге (за адзін дзень курс казахстанскай валюты ў адносінах да даляра знізіўся на 20%). Мітынгоўцы
дайшлі да будынка гарадской адміністрацыі, дзе іх заблакавалі паліцэйскія і байцы СОБРу . Пасля гэтага некалькі дзесяткаў найбольш актыўных удзельнікаў акцыі пратэсту былі затрыманыя.
Урад Казахстана патлумачыў дэвальвацыю складанай сітуацыяй на сусветных фінансавых рынках і няўстойлівым курсам расейскага рубля.