Нацбанк не дае грошы пад нізкія стаўкі: гэта новы крызіс?

Як  патлумачыць тое, што Нацбанк выдзеліў банкам менш за 7% ад запытаных грошай падчас крэдытнага аўкцыёну? Гэта новы крызіс ліквіднасці? Чаму ўзровень попыту стаў нават вышэй за жнівеньскі? Ці варта асцерагацца жнівеньскага ўзлёту курсу?

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

На гэтыя пытанні Myfin.by адказаў старшы навуковы супрацоўнік «BEROC» Дзмітрый Крук.

Прычына — закрэдытаванасць дзяржсектара

— Нацбанк працягвае змагацца з інфляцыяй зацісканнем ліквіднасці, таму і даў толькі 250 мільёнаў рублёў, або менш за 7% ад усіх заявак. Менавіта гэтым можна растлумачыць, тое што адбылося.

А велізарны попыт тлумачыцца, у першую чаргу, падтрыманнем Нацбанкам узроўню ставак, што цяпер не адпавядае рынкаваму, які істотна вышэйшы.

Для чаго Нацыянальны банк гэта робіць? Адказ просты — для падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў. І вялікай розніцы няма, гэта ўласная ініцыятыва рэгулятара ці ж на яго аказваецца ціск, следствам якога з'яўляецца такое становішча.

Чаму Нацбанк падтрымлівае дзяржпрадпрыемствы, таксама зразумела: таму што многія выдадзеныя ім крэдыты наўпрост прывязаныя да стаўкі рэфінансавання. І яе павышэнне — гэта дадатковыя выдаткі на абслугоўванне даўгоў як саміх прадпрыемстваў, многія з якіх (БМЗ — свежы гучны прыклад) і з гэтай нагрузкай не спраўляюцца, так і для бюджэту, які часта перавышае адпаведны працэнт на выдаткі.

Менавіта гэта — ключавая прычына таго, што стаўка рэфінансавання не была павышаная і былі праігнараваныя інфляцыйныя паказчыкі апошніх месяцаў.

У выніку цяпер Нацбанк вымушаны заціскаць ліквіднасць, а банкі, што натуральна пры такім узроўні ставак, хочуць атрымаць больш грошай.

— Ці варта асцерагацца жнівеньскага развіцця падзей на валютным рынку?

— Тады рэгулятар змагаўся са спробамі банкаў спекуляваць на валютным рынку, сёння сітуацыя іншая. Нацбанк заціскае ліквіднасць, каб хоць неяк перашкодзіць росту інфляцыі. Гэта сам па сабе дастаткова архаічны механізм кіравання ліквіднасцю, але Нацбанк мае небагаты выбар — і прыйшоў да такога механізму, у якога (на яго думку) няма альтэрнатыў.

У выніку рэгулятар пры наяўных абмежаваннях хоць неяк спрабуе ўтрымаць разагнаную інфляцыю, узровень якой ён праігнараваў пры прыняцці нядаўняга рашэння па стаўцы рэфінансавання.

— Гэта значыць, банкі просяць грошай не таму, што іх мала?

— Справа ў тым, што банкі прымушаюць актыўна выдаваць крэдыты, па меншай меры, кампенсаваць тыя, што вяртаюцца, каб крэдытная запазычанасць не скарачалася. Пры гэтым рэзкі адток дэпазітаў з банкаўскай сістэмы быў для банкаў вельмі адчувальным, і ў выніку ва ўмовах, якія стварыліся, яны свае крэдытныя партфелі вымушаныя не тое што не нарошчваць, а заціскаць.

— Але ад іх патрабуюць іншага.

— А паколькі дзяржбанкі па-іншаму дзейнічаць не могуць — яны ў гэтай сітуацыі абсалютна лагічна звяртаюцца да Нацбанка за дадатковымі грашыма. З ліквіднасцю ў большасці банкаў на самой справе сітуацыя па-ранейшаму вельмі напружаная.