Над усёй Беларуссю дарагое неба

Адпачынак для многіх беларусаў стаў бы больш танным і зручным, каб з Нацыянальнага аэрапорту «Мінск» ці з якога-небудзь рэгіянальнага можна было б лятаць лаўкостамі. Аднак чыноўнікі з айчыннай авіяперавозчыцкай галіны кажуць, што нізкабюджэтныя авіякампаніі не надта імкнуцца ў Беларусь. А тыя, у сваю чаргу, заяўляюць: іх папросту не пускаюць.

Фота Ryanair.com

Фота Ryanair.com

Лаўкосты ў Беларусі лятаюць, але транзітам або выконваючы зрэдчас чартарныя рэйсы. Напрыклад, летась на таварыскі матч са зборнай Беларусі авіякампанія «Wizz Air», штаб-кватэра якой базуецца ў Будапешце, прывозіла ў Брэст венгерскіх футбалістаў і тамтэйшага прэм’ер-міністра Віктара Орбана. А вось прагнозы на арганізацыю сталых лаўкоставых рэйсаў да нашых аэрапортаў і з іх па Еўропе — несуцяшальныя. Выглядае, што ў бліжэйшыя гады беларусам давядзецца па-ранейшаму шукаць танныя авіяпералёты з Кіева, Варшавы, а перадусім з зусім блізкай Вільні, чый аэрапорт многія жартоўна здаўна называюць «Мінск–3».


Авіяпрагнозы

Еўрапейская арганізацыя па бяспецы аэранавігацыі (Еўракантроль) гэтай зімой зрабіла прагноз да 2025 года што да долі на рынку авіяперавозак лаўкоставых рэйсаў у розных краінах. Найбольшым гэты паказчык застанецца ў Латвіі, крыху падняўшыся з 74% да 75%. Дарэчы, лідар там — авіякампанія «Airbaltic», якая займае першае месца ў Еўропе і другое ў свеце па пунктуальнасці. У Літве доля лаўкостаў на рынку вырасце з 45% да 47%, у Польшчы — з 35% да 37%, ва Украіне — з 11% да 18%.

Па дынаміцы лідарам павінна стаць Эстонія — 30% супраць цяперашніх 20%. Што да Беларусі, то добры прагноз — 3%, сярэдні — 1%. Цяпер — 0%. Гэта самы дрэнны прагнозны паказчык. Мы — адзіная краіна ў Еўропе з вялікім міжнародным аэрапортам, у якую і з якой не лятаюць лаўкосты.

Лаўкостамі (ад англійскіх словаў: low — «нізкі», cost — «кошт») называюць бюджэтныя кампаніі, якія прапануюць палёты за нізкую плату з выключэннем з цаны квітка большасці традыцыйных пасажырскіх паслугаў — ад харчавання да правозу багажу.

Якім чынам яны эканомяць? Выкарыстанне аднатыпных самалётаў эканом-класу кшталту «Airbus A320» і «Boeing 737», што дазваляе скарачаць выдаткі на падрыхтоўку персаналу і абслугоўванне тэхнікі; мінімалістычнае самалётнае абсталяванне; спрошчаная схема продажу квіткоў з тэндэнцыяй пераходу на электронныя; павелічэнне колькасці сядзенняў за кошт скарачэння адлегласці паміж імі; адносна кароткія, да 3 гадзінаў, палёты; выкарыстанне перыферыйных і, адпаведна, больш танных у паслугах аэрапортаў; раннія і познія палёты дзеля нізкіх аэрапортных збораў; выкананне адным самалётам некалькіх рэйсаў на дзень; дадатковыя даходы праз продаж тавараў і паслугаў на борце; сумяшчэнне персаналам некалькіх функцыяў — сцюардэсы могуць таксама прыбіраць салон і рэгістраваць пасажыраў на рэйс. Ну і, само сабой, маркетынгавыя хады — напрыклад, акцыі ранняга рэзервавання квіткоў па нізкіх коштах без магчымасці адмены.

Дык чаму ўсё гэта не могуць рабіць тыя самыя папулярныя лаўкосты «Ryanair» і «Wizz Аir» у нас?


Лаўкост прызямліцца ў Гародні?

Самі лаўкост-кампаніі наракаюць на малы пасажырапаток. Прычым, ён павінен быць сталы і кругласезонны. Пакуль у Беларусі добра запатрабаваным можна назваць толькі рэйс Мінск — Масква, які выконвае «Белавія» і на якія даволі недарагія квіткі.

Фота Traveling.by

Фота Traveling.by

Другі момант — памеры аэрапортавых тарыфаў. Расійскі лаўкост «Победа» некалькі разоў спрабаваў зайсці на беларускі рынак, у прыватнасці арганізаваць рэйс з Санкт-Пецярбургу да Мінска, але ў выніку не змог дамовіцца з Нацыянальным аэрапортам «Мінск» на спрыяльныя для сябе тарыфы па абслугоўванні. Для замежных авіякампаніяў яны вышэйшыя, чым для сваёй «Белавія». Расійскі бок кажа, што акурат «Белавія» як манапаліст і супраць іх зніжэння для канкурэнтаў.

Не хочуць улады пакуль і даваць бюджэтныя датацыі на авіяперавозкі. Дырэктар Дэпартамента авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Арцём Сікорскі нядаўна заявіў, што не мае сэнсу датаваць замежнага перавозчыка, калі ёсць уласны: «Ёсць інтарэс захаваць свайго нацыянальнага перавозчыка, са сваімі лётчыкамі, са сваімі інжынерамі. Многія краіны адмовіліся ад свайго нацыянальнага перавозчыка — і чым цяпер займаюцца? Просяць: «Прыйдзіце хоць хто-не­будзь, злятайце да нас». Мы змаглі сваю нацыянальную авіякампанію не толькі захаваць — яна абсалютна канкурэнтаздольная. І вельмі магутна глядзіцца на рынку. Сапраўды, нацыянальны перавозчык — гэта элемент гонару!»

Разам з тым, ён прызнае, што пытанне датацыяў спецыфічнае і дыскусійнае: «Лаўкост-кампаніі просяць не толькі зніжкі, але і пэўны працэнт ад продажаў у дзьюці-фры. І з нашага боку перамовы таксама могуць закранаць пэўныя пытанні. Напрыклад: вы можаце лятаць, не плацячы за абслугоўванне ў аэрапорце, але тады прывязіце нам 10 тысяч турыстаў. Мы ў гэтым зацікаўленыя. Тады ў працэс павінна ўступаць Міністэрства спорту і турызму. Калі рэгіён зацікаўлены — можна дамаўляцца. Добры прыклад: «Белавія» лятае ў курортныя гарады краінаў Балтыі, дзе мясцовыя ўлады прымяняюць датацыі».

У Міністэрстве транспарту Беларусі які ўжо год даво­дзяць, што былі б радыя прыходу лаўкостаў і гатовыя весці з імі перамовы. Па коштавай палітыцы і не толькі: хаця ў Беларусі няма рэжыму «Адкрытае неба», зацікаўленым перавозчыкам гатовыя прадаставіць пэўныя паветраныя свабоды.

Міністр транспарту і камунікацыяў Аляксей Аўраменка кажа, што прыход лаўкостаў прадугледжаны нават праграмай развіцця рэгіянальных аэрапортаў, якія цяпер актыўна мадэрнізуюцца: «Мы прапрацоўваем пытанне базавага абласнога аэрапорта для лаўкост-кампаніяў, якія могуць прыйсці ў Беларусь».

Паводле яго словаў, канкрэтны горад для гэтага пакуль не абраны. Але раней чыноўнікі найчасцей разважалі, што гэта можа быць Гродна, бо гэта дазволіць перавабіць частку беларускага пасажырапатоку з Вільні. Хаця пераважная большасць беларусаў, якія лятаюць са сталіцы Літвы, — гэта жыхары Мінску. Ім хіба зручней і хутчэй дабрацца датуль, чым да Гродна? Затое Гродна з аэрапортам можа зацікавіць палякаў з Беласточчыны, дзе няма свайго аэрапорта.

У прадпрыемстве «Белаэранавігацыя», на балансе якога знаходзяцца нашы рэгіянальныя аэрапорты, кажуць: «Калі разглядаць сітуацыі на прыкладзе аэрапорта «Гродна», то ў «загружаны» дзень ён прымае да трох самалётаў. Але рэальная магутнасць яго разлічаная на пасажырапаток у 200 чалавек на гадзіну!» Паведамлялася нават, што вядуцца перамовы са згаданай латвійскай «AirBaltic». Праўда, эксперты кажуць, што гэта не чысты лаўкост, а, хутчэй, гібрыдная авіякампанія.

Разглядаюцца як варыянты і аэрапорты ў Брэсце, Магілёве і Гомелі, які, дарэчы, мог бы быць папулярным у расійскіх і ўкраінскіх падарожнікаў. А вось для беларусаў любых рэгіёнаў, канешне, найбольш зручна было б лятаць лаўкостамі з Мінску. Выглядае на тое, што самым слушным рашэннем тут было б аддаць усё на самарэгуляцыю рынку. Хай бы пасажырапаток фармаваўся натуральным чынам: спажывец вырашаў бы сам, як яму ляцець — «Белавія» з багажом і харчаваннем ці лаўкостам з адным заплечнікам ды пляшкай вады.

belavia_4.jpg


Гібрыдная «Белавія»

Але, гледзячы па ўсім, Нацыянальны аэрапорт прынцыпова не збіраецца працаваць з таннымі авіякампаніямі. «Мы абралі іншы кірунак. У нас усё ж Нацыянальны аэрапорт «Мінск». Ён павінен развівацца па класічных узорах. А лаўкост-кампанія прывезла ў канчатковы пункт — і далей твае праблемы. У Парыжы некалькі аэрапортаў, але лаўкост-кампаніі ляцяць не ў «Шарль дэ Голь», а за 90 кіламетраў ад сталіцы Францыі», — гэта пазіцыя гендырэктара аэрапорта Дзмітрыя Мелікяна.

У 2018 годзе ў галоўным аэрапорце Беларусі былі абслужаныя больш за 4,5 мільёна пасажыраў — на 10% болей, чым пазалетась. Колькасць самалётавылетаў — больш за 26 тысяч, што амаль на 7% болей, чым у 2017 годзе. Мяркуецца, што сёлета паказчыкі палепшацца.

Абмяркоўваецца пытанне дазволіць продаж безбагажных квіткоў на рэйсы «Белавія», як гэта зробіць з красавіка «Аэрафлот». Цяпер увесці такія білеты немагчыма, бо патрэбна ўнесці адпаведныя змены ў Паветраны кодэкс. Паводле папярэдніх разлікаў, у такім разе квіток на самалёт можа патаннець на 10–15 еўра. Зважаючы на намеры і на тое, што пачасціліся акцыйныя распродажы, можна зрабіць выснову, што «Белавія» ўзяла курс на эвалюцыянаванне ў гібрыдную кампанію. Пры з’яўленні ж яшчэ і лаўкоста ў нейкім абласным цэнтры беларусаў могуць чакаць — як вынік канкурэнцыі — вельмі прывабныя кошты на палёты.