Нафта таннее, грошы заканчваюцца
Беларускі рубель працягвае імклівае падзенне ўслед за расійскай валютай. Расійская валюта падае за цэнамі на нафту. А цэны на нафту дасягнулі ніжэйшай мяжы за 14 гадоў — $30 за барэль.
Самы час разабрацца, як кошт нафты ўплывае на Беларусь. Справа ў тым, што мы атрымліваем ад Расіі 24 мільёны тон гэтага прыроднага рэсурсу пры ўнутраным спажыванні толькі 6 мільёнаў тон. Усё астатняе перапрацоўваем і прадаём за мяжу. Танней нафта — танней і прадукты яе перапрацоўкі, што зніжае нашу валютную выручку. Гэта па-першае.
Па-другое, зараз, згодна дамове пра ЕАЭС, мы пакідаем у сябе экспартныя нафтапошліны, якія раней мы аддавалі той жа Расіі. Танней нафта — ніжэй пошліны. Калі падпісваўся ЕАЭСаўскі дакумент, мы разлічвалі на тое, што ў нас застануцца недзе $3 мільярды. Але рэаліі скарэктавалі гэтую суму да $1,3 мільярда ў 2015 годзе. З1 студзеня гэтага года экспартныя пошліны на нафту яшчэ раз знізіліся. Значыць, у 2016-м годзе мы не атрымаем і гэтага.
Варта зазначыць, што Мінфін у 2016 годзе ад экспартных пошлінаў на нафту разлічваў атрымаць недзе $1,3 — 1,5 мільярда — летуценікаў у гэтай структуры малавата. Але прагноз быў зроблены, зыходзячы з коштаў на нафту ў $57 за барэль. Зараз кошт нафты ўпаў удвая, і калі ён хаця б пратрымаецца на гэтым узроўні (не кажучы ўжо пра далейшае зніжэнне), то і прагноз па грошах трэба таксама распалавініць.
Па-трэцяе, беларускі бюджэт, услед за расійскім, звярстаны з разлікам $50 за барэль нафты. Расія, сыходзячы з новых рэаліяў, ужо пачала секвестраванне — то бок абразанне ў мэтах эканоміі, — свайго фінансавага дакумента. Нашы ж дэпутаты без пытанняў прынялі яго за адзін дзень, і са спакойнай душой раз’ехаліся да вясны, калі будзе новая сесія парламента. То бок, мы працягваем працаваць пры нерэальным бюджэце, і адназначна завалім ягонае выкананне.
Дарэчы, пра Расію. Кіраўнік яе Мінфіна Антон Сілуанаў заявіў, што імавернае далейшае падзенне коштаў нафты. А значыць, неабходна змена бюджэтнай стратэгіі, сказаў міністр. Паводле яго слоў, міністэрства і ведамствы павінны на 10% скараціць выдаткі зараз, і на 20% — да канца 2016-га. Змена бюджэтнай стратэгіі і маштабнае скарачэнне выдаткаў прыводзіць да адной простай думкі — сінявокай не варта разлічваць на крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Мы прасілі ў гэтага фонду $3 мільярды, а фонд усё зацягваў і зацягваў з рашэннем. Зараз, відавочна, сродкі з ЕФСР спатрэбяцца самой Расійскай Федэрацыі, і ў значна большай колькасці, чым Беларусі. Так што пытанне пра гэты ўнёсак у наш бюджэт можна лічыць закрытым, спадзевы толькі на МВФ.
Далейшае падзенне цэнаў на нафту імавернае, бо ў гэтым годзе на рынак выйдзе Іран, з якога былі знятыя міжнародныя санкцыі. А калі нафта ўпадзе далей… Нам салодка не прыйдзецца, бо расійскі «нафтавы ручаёк» спыніцца ўвогуле. Бо, як кажа спецыяліст кампаніі "Rusenergy" Міхаіл Круціхін, сярэдні сабекошт здабычы «чорнага золата», напрыклад, у «Раснафты» цяпер складае $35–37. То бок, кошт нафты ўжо ніжэй за сабекошт здабычы.
Нізкі кошт нафты мы пачынаем адчуваць ужо сёння. Улады адмовіліся ад свяцейшага са святых. Памятаецца, яшчэ ў першае паўгоддзе свайго кіраўніцтва Аляксандр Рыгоравіч, вярнуўшыся з нейкай замежнай вандроўкі, пабачыў, што падаражэў хлеб. І тады ён у першы раз загадаў адкруціць цэны назад. З гэтага і пайшла беларуская эканамічная мадэль ручнога кіравання эканомікай.
Зараз улады адпусцілі цэны на «сацыяльна значныя тавары»: хлеб, мяса, малако і дзіцячае харчаванне. Іх кошт больш не рэгулюецца дзяржавай, гаворыць пастанова Савета міністраў ад 11 студзеня.
«З улікам прадстаўленага шырокага асартыменту прадукцыі рознага цэнавага сегмента на рынку і канкурэнцыі сярод вытворцаў у цяперашні час адсутнічае неабходнасць у цэнавым рэгуляванні шэрагу харчовых тавараў (хлеб, мяса, яйка курынае, малочныя прадукты, дзіцячае харчаванне) на пастаяннай аснове», — пракаментавалі дакумент у прэс-службе ўрада. Рэгуляванне цэн на гэтыя тавары будзе ажыццяўляцца «пры неабходнасці ў мэтах выключэння значнага росту цэн» і на часовы тэрмін, але не больш за 90 дзён на працягу аднаго года.
Таксама пастановай выключаецца рэгуляванне тарыфаў на шэраг паслуг. Так, напрыклад, выключаецца рэгуляванне тарыфаў на прафілактычныя і абавязковыя медыцынскія агляды грамадзян, бо «аплату за іх праходжанне ў асноўным ажыццяўляюць суб’екты гаспадаркі».
А тое, што ў суб’ектах гаспадаркі таксама працуюць людзі, нікога не цікавіць? І чым больш суб’ект заплаціць за абавязковы і ўстаноўлены дзяржавай медагляд, тым менш ён выдасць заробку свайму працоўнаму.
Так што секвестраваць бюджэт давядзецца не толькі дзяржаве, але і яе грамадзянам. Прынамсі, гэты год пакажа, наколькі багатая ў беларусаў «валютная заначка».
Пра гэта сведчаць вынікі гандлю валютамі ў 2015-м. Мы памятаем, што ў мінулым годзе стаялі прадпрыемствы, людзей адпраўлялі ў «прымусовыя адпачынкі», рэзка ўпалі заробкі. Як вынік, людзі звярталіся да сваіх зберажэнняў.
Як піша Агенцтва фінансавых навінаў, у 2015-м беларусы рэзка адмовіліся ад куплі валюты. Асабліва гэта паказаў снежань ужо мінулага года, таму што працоўныя ў гэты перыяд традыцыйна атрымлівалі не толькі асноўны заробак, але і прэміі «да новага года», і «трынаццатую зарплату». Лішкі грошай мы канвертавалі ў надзейную замежную валюту.
Дык вось, за снежань 2015-га насельніцтва набыло рэкордна малую суму: ўсяго $7,97 мільёна. Па выніках усяго года баланс таксама дзівосны: насельніцтва прадало больш валюты, чым купіла, на $129,58 мільёна. Нагадаю, што гэта розніца паміж продажам і купляй валюты на карысць продажу, каб вас не заблытала яшчэ адна лічба.
$970,05 мільёна — столькі валюты насельніцтва прадало наяўнымі за год. Амаль мільярд долараў!
Гэта значыць, што ў мінулым годзе насельніцтва сур’ёзна падчысціла свае заначкі, а вось папаўняць іх сродкаў не было. Ці хопіць грошай у людзей на тое, каб пражыць 2016-ы, пра складанасць якога нас неаднаразова папярэджвалі і ўрад, і кіраўнік дзяржавы?