«Наша Ніва»: Улады распячатваюць недатыкальны банкаўскі рэзерв на 2 мільярды рублёў

У Беларусі існуе Агенцтва па гарантаваным вяртанні банкаўскіх дэпазітаў. Усе банкі гадамі пералічваюць туды грошы і фарміруюць недатыкальны рэзерв, з якога павінны адбыцца выплаты ўкладчыкам, калі нейкі банк раптам спыніць дзейнасць і не зможа сам вярнуць дэпазіты. Гарантамі захаванасці сродкаў выступаюць Нацбанк і Міністэрства фінансаў.

bank_1936160521.jpg


Але нядаўна ў гэты спіс унесены яшчэ адзін гарант — Банк развіцця — рэсурсы якога часам выкарыстоўваюцца для фінансавання дзяржаўных праектаў. Лёс гарантаваных грошай пачаў выглядаць непрадказальным.

Навіна аб унясенні зменаў у закон «Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх дэпазітаў» незаўважна прамільгнула на БелТА 7 траўня, піша Арцём Гарбацэвіч у «Нашай Ніве».

Законапраектам прадугледжваецца магчымасць размяшчаць часова свабодныя грашовыя сродкі агенцтва ў аблігацыі Банка развіцця. Банк развіцця пры гэтым атрымае дадатковую ўстойлівую крыніцу фінансавых рэсурсаў.

Калі казаць простымі словамі, рэальныя грошы Агенцтва па гарантаваным вяртанні банкаўскіх дэпазітаў, якія знаходзяцца на рахунках Нацбанка і Мінфіна, абмяняюць на паперы Банка развіцця.

І вось тут паўстае пытанне: а куды Банк іх патраціць — можа быць, купіць акцыі Кока-Колы і Тэслы? Ці ўсё ж пусціць на падтрымку «калектыўнага БМЗ»?

У самім Банку развіцця «Нашай Ніве» з ходу не далі адказу, на што яны плануюць траціць гэтыя грошы і якая частка з гарантаванага фонду паступіць на рахункі. Мы напісалі ім запыт.

Па наяўнай інфармацыі, цяпер сума банкаўскага рэзерву блізкая да 2 мільярдаў беларускіх рублёў — прынамсі год таму ў фондзе было каля 1,7 мільярда. Дарэчы, гэта амаль роўна памеру дэфіцыту бюджэту за першы квартал 2021-га.

— Асабліва ўсё гэта выклікае непакой на фоне рыторыкі пра новы інвестыцыйны цыкл і ўзбуйненне ў яго межах ролі Банка развіцця, — каментуе сітуацыю эканаміст Дзмітрый Крук. — Цалкам дапускаю, што ўся гэтая гісторыя здзяйсняецца для таго, каб забяспечыць новай порцыяй грошай гэты самы «інвестыцыйны цыкл».

Па словах Крука, калі глянуць на сітуацыю з пазіцыі «як яно павінна быць», то грошы Агенцтва павінны захоўвацца ў максімальна ліквідных і надзейных інструментах, каб укладчыкі былі ўпэўнены, што ў выпадку неплацежаздольнасці нейкага банка яны атрымаюць свае грошы назад. І таму захаванне грошай у Нацбанку выглядае найбольш надзейным у беларускіх умовах.

Як лічаць эканамісты, пошукам «свабодных» грошай унутры краіны ўлады адтэрміноўваюць дэвальвацыю, здольную забіць усе эканамічныя схемы ў закрэдытаваным дзяржаўным сектары.

Нядаўна ў беларускай эканоміцы ўжо праводзілася маштабная аперацыя па выратаванні БМЗ, які стаў фактычна банкрутам і цяпер плаціць заробкі з банкаўскіх крэдытаў. У выніку гіганцкі доўг БМЗ стаў дзяржаўным.

А калі нейкі банк ляснецца, і грошы трэба будзе вяртаць, а ў Агенцтва іх не будзе?