Навукоўцы ў Мінску абмеркавалі Мэты ўстойлівага развіцця
У Мінску адбылася трэцяя сесія Міжнароднай школы-лабараторыі ўстойлівага развіцця і «зялёнай эканомікі». На ёй удзельнікі абмяркоўвалі, якім чынам беларускія ўніверсітэты рухаюцца ў накірунку Мэтаў. Сустрэча прайшла ў зале Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.
Каб абмяняцца досведам устойлівай дзейнасці ў ВНУ, на сесіі сустрэліся навукоўцы і грамадскія актывісты з Беларусі, Украіны і Нямеччыны. Нашы суайчыннікі распавялі пра беларускі шлях навукі да Мэтаў устойлівага развіцця (МУР). Метадалагічная база ў гэтай дзейнасці ў нас распрацавана яшчэ з 1990-х гадоў: рэй вяла цяперашні прафесар БДЭУ Вольга Шымава. Кароткі гістарычны агляд яна і зрабіла ў сваім дакладзе.
Выкладчыца ГрДУ Вольга Крамлёва распавяла пра досвед укаранення МУР у свае навучальныя праграмы. Пазнаёміла ўдзельнікаў Школы-лабараторыі з канкрэтнымі праектамі Гарадзеншчыны. Гэта і экалагічных рух GreenSun, што паспяхова змагаецца з пластыкавымі кветкамі ў наваколлі. І пабудова пляцовак для выгула сабак, і інш. Беларускі эксперт па МУР і адзін з арганізатараў мерапрыемства Алег Сівагракаў адзначыў: каб устойлівасць рабілася такой, як мае быць для нашай краіны, варта рабіць арыентацыю на вобраз жаданай будучыні. А потым улічваць эканамічныя абмежаванні: што мы дакладна не зможам выцягнуць. Пачынаць адразу з абмежаванняў – няправільна.
Госці сустрэчы распавялі пра свае падыходы ў працы з МУР. Навуковы супрацоўнік Універсітэта Брэмена Томас Нікалаус прывёў у прыклад Віртуальную акадэмію ўстолівага развіцця сваёй ВНУ. Праз онлайн-адукацыю Акадэмія на дабрачынным, але якасным узроўні, навучае ўсіх жадаючых тэорыі і прыктыцы ўстойлівасці. Пасля курсаў жадаючыя могуць здаць онлайн-іспыты і выкарыстаць атрыманыя балы для далейшых адукацыйных мэтаў. Калега Томаса Нікалауса – Мерле Тэгелер – пазнаёміла ўдзельнікаў з тым, як нямецкія ўніверсітэты разам ідуць да МУР. Аказалася, што за розныя 17 Мэтаў адказваюць розныя групы ВНУ. Прычым, між імі няма агульнапрынятай згоды па тэрміну “устойлівае развіцё”. Ці не кожны буйны ўніверсіэт – і, адпаведна, кожны нямецкі рэгіён – мае сваё бачанне на гэты конт. Магчыма, такі шматпоглядны падыход і робіць устойлівасць рэальнай. Да яго варта прыгледзецца і нам.
Мэты устойлівага развіцця (або МУР) – сямнаццаць накірункаў дзейнасці па паляпшэнню жыцця людзей, якія ААН абазначыла ў бягучым стагоддзі. Каб іх дасягнуць, трэба рабіць канкрэтныя справы. У Беларусі гэта, напрыклад, адукацыя людзей сталага веку, лічбавізацыя эканомікі, асобны збор смецця і інш. Але каб МУР былі дасягнуты насамрэч, іх неабходна ўкараніць не толькі ва ўніверсітэтатах, а і ў школах, і нават у дзіцячых садках.