Немцы цікавіцца беларускай прамысловасцю
На фоне палітычнага дыялогу з Захадам і эканамічнага крызісу еўрапейскія бізнесоўцы спрабуюць завязаць новыя і палепшыць старыя ўзаемадачыненні з дзелавымі коламі Беларусі. Наўпрост гэта не звязваецца з палітычнай адлігай, але ўскосныя рэплікі сведчаць пра адваротнае.
На фоне палітычнага дыялогу з Захадам і эканамічнага крызісу еўрапейскія бізнесоўцы спрабуюць завязаць новыя і палепшыць старыя ўзаемадачыненні з дзелавымі коламі Беларусі. Наўпрост гэта
не звязваецца з палітычнай адлігай, але ўскосныя рэплікі сведчаць пра адваротнае.
Мінск наведала дэлегацыя нямецкіх прадпрымальнікаў з Федэральнай зямлі Саксонія пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера, міністра Саксонскага дзяржаўнага міністэрства эканомікі і працы Томаса Юрка. У
Беларусі прадстаўнікі дэлегацыі мелі сустрэчы не толькі з кіраўнікамі прадпрыемстваў, але і з віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам, намеснікам міністра знешнепалітычнага ведамства.
Найперш бізнесоўцаў Саксоніі цікавіць айчынная аўтамабільная прамысловасць, вытворчасць камплектуючых для аўто, машынабудаванне і вытворчасць абсталявання. Узамен яны гатовыя прапанаваць інвестыцыі,
тэхналогіі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і энергазберажэння. Разглядаюцца варыянты заключэння партнёрскага пагаднення для працы банкаў-партнёраў.
Адразу па прылёце ў Беларусь госці накіраваліся ў Жодзіна, дзе наведалі БелАЗ. Таксама ў праграме значыліся сустрэчы з кіраўнікамі Мінскага трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Кіраўнік дэлегацыі
Томас Юрк пад уражаннем ад наведвання флагманаў беларускай прамысловасці нават падзяліўся сваімі падлеткавымі ўражаннямі ад трактара «Беларусь», які быў «сімвалам
гэдээраўскай сельскай гаспадаркі».
Томас Юрк адзначыў, што цяпер закладваецца падмурак для паслякрызіснага жыцця. «Ніхто не будзе рабіць выгляд, што крызіс да нас не дайшоў, — адзначыў віцэ-прэм’ер Германіі.
— Цяпер час паслаць правільны сігнал. Нам варта задумацца, як захаваць пазіцыі на рынку, падумаць пра інавацыйнасць». Разам з тым ён падкрэсліў, што Германія зацікаўлена ў
інвестыцыях з Беларусі: «Працэс не павінен прадстаўляць сабой вуліцу з аднабаковым рухам. Любы ўрад мусіць быць зацікаўлены ў падтрымцы сваёй эканомікі. Мы гэта робім у Саксоніі, вы
— у Беларусі. Мы закранаем пытанні палітыкі стымулявання інвестыцый, абмяркоўваем магчымыя формы падтрымкі. Нашая мэта — павялічыць гандлёвы абарот». Чыноўнік не назваў
канкрэтных пагадненняў, якія будуць падпісаныя па выніках візіту, спаслаўшыся на тое, што «для многіх з нас гэты візіт — прэм’ера, і чакаць падпісаных кантрактаў
цяжка». Плануецца, што ў чэрвені ў межах выставы «Белагра» Беларусь наведае вялікая дэлегацыя прадстаўнікоў дзелавых колаў Саксоніі.
Адказваючы на пытанні журналістаў спадар Юрк сказаў, што Еўрасаюз адзначае працэсы дэмакратызацыі ў Беларусі. У якасці прыкладу ён прывёў урэгуляванне канфлікту, звязанага з адпачынкам за мяжой
дзяцей з чарнобыльскіх рэгіёнаў. «Радуе, што дасягнуты дамоўленасці і вырашаны праблемы», — зазначыў чыноўнік. Што тычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, то
віцэ-прэм’ер Германіі назваў бізнесоўцаў больш дальнабачнымі за палітыкаў, спаслаўшыся на той факт, што яны першыя выступілі з ініцыятывай візіту, а яго папрасілі ўзначаліць дэлегацыю, каб
«выйсці на новы ўзровень».
У межах візіту быў зладжаны кааперацыйны форум, на якім былі прадстаўленыя магчымасці і прапановы бакоў. Намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур падрабязна расказаў пра выгоды і бюракратычныя
паслабленні, прывілеі для бізнесоўцаў, якія адкрываюць справу ў невялікіх гарадах. Пасля аптымістычнага дакладу пра сёлетні прырост ВУП і ўсё яшчэ «кіруемую» эканоміку, вольную ад
сур’ёзных алігархічных і карупцыйных тэндэнцый (шэраг скандальных карупцыйных спраў, у якіх фігуруюць чыноўнікі высокага рангу, відаць, таму пацвярджэнне), Андрэй Тур усё ж прызнаў, што
фінансавы крызіс у Беларусі ёсць, і ён прымушае «прымаць аператыўныя рашэнні».