Пераацэнка каштоўнасцяў

Колькі коп’яў ламалі і ламаюць наконт беларускага экспарту ў Расію, колькі прадукцыі Рассельгаснагляд «завярнуў» у Беларусь! І вось зараз нам дзякуюць за тое, што мы бесперапынна, хоць тушкай, хоць пудзілам, спрабуем патрапіць на расійскі рынак.

Фота: Дзмітрыя БрушкоTUT.BY

Фота: Дзмітрыя БрушкоTUT.BY


Гэты парадокс на Маскоўска-беларускім форуме дзелавога супрацоўніцтва, які прайшоў у Мінску, агучыў мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін. Ён падзякаваў беларускіх сельгасвытворцаў за дапамогу ў пастаўках прадуктаў харчавання ў перыяд еўрапейскіх санкцый і расійскіх контрсанкцый. «Масква практычна не адчула праблем з наменклатурай і аб’ёмам харчовых паставак, у тым ліку дзякуючы сельгасвытворцам Беларусі, якія занялі тую нішу, з якой сышлі еўрапейскія пастаўшчыкі. Нягледзячы на тое, што ў доларавым выражэнні аб’ём узаемнага тавараабароту знізіўся, у фізічных аб'ёмах (тое, што тычыцца тавараў харчовай групы) павялічыўся», — звярнуў увагу мэр Масквы.
Нагадаем, што спачатку ўся Масква смяялася з беларускіх крэветак і «сыроў з цвіллю». А потым пакаштавалі, і аказалася смачна!
Пра тое ж казала і кіраўніца Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Матвіенка. «Я шмат езджу па рэгіёнах, і ўжо звычайнай карцінай стала, што ў кожным горадзе ёсць вялікая крама з беларускімі таварамі. Там не толькі прадукты, але і прадукцыя лёгкай прамысловасці. Усё гэта карыстаецца вялікім попытам у расіян і ў велізарных колькасцях пастаўляецца ў Расію», — зазначыла яна.
Канешне, такая ацэнка замежных гасцей можа і падняць пачуццё ўласнай вартасці. Але трэба неяк прымусіць, каб сказаўшы «а», гэтыя госці сказалі і «бэ». Хай яны ўжо зробяць нешта са сваім Рассельгаснаглядам. То гэты нагляд заверне 40 тон мяса для Масквы толькі з-за таго, што назва прадпрыемства вытворцы ў ветэрынарным сертыфікаце і на маркіровачнай этыкетцы не адпавядае найменню ў Рэестры арганізацый і асоб, якія ажыццяўляюць вытворчасць, перапрацоўку і (або) захоўванне падкантрольных тавараў. То ветэрынарны штамп на мясе «размыты і нечытэльны». То беларусы польскія грушы вязуць па дакументах на мінеральную ваду… Ну, паблыталі накладныя, што зробіш?
Зараз, калі Сабянін з Матвіенка возьмуцца за справу, пэўна, сітуацыя зменіцца. Акрыленая кампліментамі, Беларусь ужо падала дакументы на аднаўленне паставак у Расію рыбнай прадукцыі з чатырох прадпрыемстваў. Як сказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, сыравіна пастаўляецца з дазволу Рассельгаснагляду з атэставаных прадпрыемстваў. Беларусы рыбу перапрацоўваюць, і з ужо змененым гандлёвым кодам у новым выглядзе пастаўляюць на харчовы рынак Расіі. І, як бачым, нічога страшнага ў гэтым няма.
Кампліменты нашай краіне зрабілі на тыдні не толькі расіяне. Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Кшыштаф Юргель, які таксама завітаў у Беларусь на выставу «Белагра 2016», зазначыў, што экспарт польскіх прадуктаў харчавання ў Беларусь вырас на 56% у параўнанні з аналагічным перыядам у мінулым годзе. Кошт цяперашняга экспарту можа скласці 400 мільёнаў еўра.
Здавалася б, якая тут звязка, паміж Польшчай і Расіяй? Але ўсе мы ведаем, якая. Па дадзеных той жа шкоднай структуры, Рассельгаснагляду, значная частка польскіх прадуктаў затым рээкспартуецца ў РФ, дзе заходнія прадукты забаронены.
Ну і што? Як інакш нам забяспечыць харчамі Маскву, у якой насельніцтва больш, чым ва ўсёй разам узятай Беларусі? Тым больш, што гэтая шкодная расійская структура ў чарговы раз спрабуе давесці сваіх жыхароў да голаду.
Днямі намесніца кіраўніка Рассельгаснагляду Юлія Швабаускене паведаміла, што Расія можа ўвогуле забараніць рээкспарт гародніны і садавіны праз ЕС. Маўляў, няма доказаў перамяшчэння тавараў па Еўрасаюзу, таму «ёсць падазрэнні, што перамяшчаюцца толькі паперы, а грузы ідуць з санкцыйных краін. Можна, да прыкладу, узяць груз з Польшчы і адправіць яго з сертыфікатам, дапусцім, Камеруна».
А вось гэта ўжо ідэя! Тым больш, што ў ЕС, як высветлілася, увогуле няма такой паперкі, як фітасанітарны сертыфікат. Прынамсі, прадукцыя ў Еўропе перавозіцца без яго.
Таму ў хуткім часе Маскву чакае наплыў беларускіх ківі і бананаў. І ім добра — і нам прыбытак.
У гэтай сувязі выглядае вельмі дзіўным рэйтынг «добрых краін» — Good Country Index-2016. У ім Беларусь заняла 79-е месца з 163. У першай версіі рэйтынгу, апублікаваным у 2014 годзе, Беларусь была на 82-м месцы сярод 125 краін.
Краіны ацэньваюцца па 35 паказчыках у сямі катэгорыях: навука і тэхналогіі, культура, міжнародны мір і бяспека, сусветны парадак, планета і клімат, росквіт і роўнасць, здароўе і дабрабыт. Рэйтынг паказвае, што нацыянальная палітыка кожнай краіны прыўносіць у дабрабыт усяго чалавецтва і што адымае ў яго, зыходзячы з памеру краіны. Такім чынам, становіцца зразумела, ці з'яўляецца краіна ў сусветным маштабе «чыстым крэдыторам», «клопатам» ці чымсьці сярэднім.
Рэйтынг вызначыў, што самы важкі ўклад у глабальны дабрабыт Беларусь уносіць у навуцы і тэхналогіях (37 месца), самы нязначны — у росквіце і роўнасці (148 месца). Уклад у здароўе і дабрабыт ацанілі як сярэдні, па гэтым паказчыку Беларусь 52-я. Па паказчыку «планета і клімат» краіна апынулася на 69 месцы, па ўнёску ў сусветны парадак заняла 75 месца і ўнёску ў сусветную культуру — 125-е.
Эх, не слухалі стваральнікі рэйтынгу Сабяніна! Пэўна, мы б былі на больш вышэйшым месцы.
Як з Налібокамі, Белавежай і палескімі балотамі мы апынуліся на 69-м месцы ў «планеце і клімаце»? Як з Нобелем Алексіевіч мы занялі 125-е месца па ўнёску ў сусветную культуру? Гэты рэйтынг азначае толькі тое, што сінявокая проста не разрэкламаваная ў свеце.
Застаецца толькі падумаць, ці патрэбная нам такая рэклама, альбо мы і без яе добра пражывем.