Расійскія газеты правядуць флэшмоб супраць прапаганды на тэлебачанні
Расійскія газеты ладзяць флэшмоб супраць НТВ. Пачынаючы з 8 чэрвеня, дзясяткі рэгіянальных выданняў у праграме тэлеперадач будуць папярэджваць чытачоў аб ілжывых звестках у эфіры канала, паведамляецца ў сераду, 8 чэрвеня, на сайце Альянсу незалежных рэгіянальных выдаўцоў («АНРИ»).

Фота: старонка Туяры Гаўрыльявай ў Facebook
Ахвочым далучыцца да акцыі прапануецца размяшчаць побач з лагатыпам канала ў газеце наступнае папярэджанне: «Будзьце асцярожныя! Пад выглядам журналісцкіх матэрыялаў на канале НТВ вы можаце атрымаць скажоную інфармацыю або прапаганду». Гэтую фармулёўку юрысты прызналі карэктнай, паведамляюць у «АНРИ».
Перасцярогу ўжо апублікавалі некалькі выданняў, у тым ліку «Городские вести» (горад Рэўда) і «Омутнинские вести +». Ініцыятар акцыі — галоўны рэдактар «Городских вестей» Валер Беспятых — распавёў, што ўдзел у флэшмобе пацвердзілі яшчэ некалькі рэгіянальных газет. Большасць выдаўцоў, якія ўваходзяць у «АНРИ», далучацца да яго на наступным тыдні.

Фота: старонка Валерыя Бяспятых ў Facebook
Упершыню аб магчымых скажэннях і фальшывых звестках ў эфіры НТВ (а таксама «России») чытачоў папярэдзіла газета «Якутск вечерний» ў нумары ад 27 траўня. Такім чынам галоўрэд выдання адрэагаваў на выхад на тэлеканале фільма «Должники госдепа», у якім сцвярджалася, што яго газета атрымлівала грошы ад замежных крыніц, звязаных з дзярждэпартаментам ЗША. У фільме згадваліся і іншыя СМІ з рэгіёнаў, да прыкладу, газета «Челябинский рабочий» і томскі канал «ТВ-2».

Фота: старонка Ігара Ходырава ў Facebook
Пасля выхаду «Должников госдепа» Грамадская калегія па скаргах на прэсу назвала фільм «ілжывым даносам, які ганьбіць аўтараў і кідае цень на расійскі медыяцэх ў цэлым». У рашэнні калегіі адзначалася, што ў карціне выкарыстоўваліся «маніпулятыўныя спосабы ўздзеяння на свядомасць гледачоў».
Паводле lenta.ru