Ці стане Беларусь кавуновым краем?

Травень — час, калі квітнеюць сады. У Беларусі гэта перадусім яблыні. Яблыкі — самая хадавая садавіна ў нас. Яны складаюць па вазе больш за 90% ад усёй пладова-ягаднай прадукцыі. Калі бульба — другі хлеб беларусаў, то яблыкі можна лічыць трэцім.

kavuny1_fota_1reg.by.jpg


Па травеньскай квецені ў нашых садах спрагназаваць ураджай пакуль немагчыма. Калі ён не змізарнее праз замаразкі, то шмат што ў руках гаспадара. Для шчодрага ўраджаю трэба правесці ад чатырох апрацовак дрэваў самымі рознымі прэпаратамі. Вясна ўвогуле вымагае багата розных працаў у садах і на ягадным кустоўі. Вось што раіць-нагадвае рабіць Інстытут пладаводства ягаднікавым і пладаводчым гаспадаркам. Хоць большасць працаў ужо зроблена, бо сёлета праз анамальна цёплы пачатак года давялося займацца імі раней за звычайны час, але тое-сёе зацеміць будзе карысна на будучыню, у тым ліку дачнікам.


Яблыневыя сакрэты

Самае першае — абразанне дрэваў і кустоў да распускання пупышак і зразанне галля. У першую чаргу такім чынам даглядаюць агрэст і парэчку, якія вызначаюцца раннімі тэрмінамі ўступлення ў вегетацыю. З суніцаў, напрыклад, трэба сарваць старое і хворае лісце. І спаліць, каб знішчыць перазімаваўшых на іх узбуджальнікаў розных інфекцый. На дрэвах залечваюць раны і трэшчыны на кары: іх чысцяць, дэзінфіцыруюць і замазваюць. Дрэвы досыць часта, як людзі, пакутуюць на рак. Гэтая зараза якраз патрапляе ў садовыя і не толькі дрэвы праз пашкоджанні кары. Таму пасля абрэзкі раны на дрэве абавязкова трэба закрываць. З цягам часу праз рак у яблыках меншае вітамінаў, псуецца іх смак, затым галіны папросту ўсыхаюць.

На абшарах, дзе плануецца закладка садоў ды ягаднікаў, адмысловым чынам падрыхтоўвацца глеба. На існых пасадках робіцца культывацыя міжраддзяў дзеля закрыцця вільгаці з адначасным унясеннем угнаенняў. Дадаткова для захавання вільгаці можна выкарыстаць такі земляробскі прыём, як мульчыраванне прыкустоўнай паласы — пакрыццё глебы нейкім рыхлым матэрыялам. Напрыклад, саломай альбо пілавіннем. Для барацьбы з расліннымі хваробамі ды шкоднікамі ўносяцца ў прыкустоўную паласу глебавыя гербіцыды.

Дымленне і дажджаванне — самыя распаўсюджаныя спосабы, якія раяць для абароны садоў і ягаднікаў ад замаразкаў адмыслоўцы ў галіне пладаводства. Для штучнага дымлення выкарыстоўваюцца дымавыя шашкі і аэразольныя агрэгаты. Можна раскласці вогнішча — так, каб яно тлела і дыміла. Мэта — стварыць цёплую дымавую заслону. Бывае, для гэтай мэты выкарыстоўваюць трактар з пераабсталяванай паліўнай сістэмай. Дымленне — больш затратны захад, чым дажджаванне, калі квітнеючыя галіны садовых дрэваў апырскваюцца за некалькі гадзін да меркаваных замаразкаў. Так ствараецца паравая абарончая заслона.

Уплывае на ўраджай і засуха. У выніку, калі глядзець статыстыку, ураджайны танаж у розныя гады можа адрознівацца вельмі істотна. А да ўсяго, вы ж ведаеце з дзяцінства, што тыя самыя яблыні звычайна плоданосяць праз год. Але не ўсе. Гэта залежыць ад гатунку. Прыкмеціць небатанікам гэта можна па ступені буяння квецені. Праз год даюць ураджай менавіта тыя яблыневыя гатункі, якія пышна квітнеюць. І наадварот, яблыні са сціплай квеценню плоданосяць штогод без перапынкаў. А бывае, што да неўраджаю спрычыняецца чалавек, які папросту падчас абрэзкі дрэваў возьме ды чыкане самыя пладавітыя галіны.


Народ-садоўнік

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, ураджай пладоў і ягад у 2018 годзе склаў 954 тысячы тонаў, у 2017-м удвая менш — 473 тысячы тонаў, у 2016-м былі багатыя 705 тысяч тонаў, у 2015-м атрымалася сабраць толькі 553 тысячы тонаў садавіны і ягадаў. Адпаведна скакала і ўраджайнасць: у 2018 годзе яна склала 110,5 цэнтнера з гектара, годам раней, у 2017-м, было толькі 56,9 ц/г. Для параўнання і разумення таго, як сягнула агракультура: у 1990 годзе ўраджайнасць была 31,9 ц/г, а валавы збор склаў 373 тысячы тонаў.

Адметна, што з пазалеташняга рэкорднага валавога збору пладоў і ягадаў у 954 тысячы тонаў толькі 155 прыпадае на сельгасарганізацыі, яшчэ 79 — на фермерскія гаспадаркі. Астатняя пераважная бальшыня — здабытак індывідуальных гаспадароў (у афіцыйнай статыстыцы — гаспадаркі насельніцтва). І яшчэ больш цікавыя лічбы па ўраджайнасці. Самая высокая яна ў фермераў — 155 цэнтнераў з гектара. У гаспадарках насельніцтва — 125 ц/г, а ў сельгасарганізацыях — 65 ц/г (то-бок, у два разы меншая!)

Як тут не згадаць, што дзяржава падчас перапісу насельніцтва ў мінулым 2019 годзе задавала сярод іншага пытанні пра колькасць садовых дрэваў і ягадных кустоў на нашых падворках і дачах. Паводле старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іны Мядзведзевай, спецыялізаванае агенцтва ААН па харчаванні і сельскай гаспадарцы FAO (Food and Agriculture Organization) патрабуе ад усіх краін свету праводзіць кожныя дзесяць гадоў сельскагаспадарчыя перапісы. Да мінулага года Беларусь, па словах чыноўніцы, заставалася адзінай постсавецкай краінай, дзе такога ўліку не праводзілася ані разу. Белстат мае 100% інфармацыі наконт працы сельскагаспадарчых арганізацый, фермерскіх гаспадарак, але датычна сельгасдзейнасці насельніцтва няма карэктнай статыстыкі. Па словах кіраўніцы ведамства, «гэта пытанні харчовай бяспекі і далейшага развіцця аграбізнесу». Яна паабяцала, што інфармацыя пра нашы яблыні і парэчкі, чаго многія спалохаліся, аніякім падатковым альбо кантрольным органам не паступіць. Пажывем — пабачым.

Калі браць рэгіёны, то праз кліматычныя ўмовы розніца паміж узроўнямі ўраджайнасці вельмі ўражвае. Напрыклад, у фермераў Брэсцкай вобласці яна складае 242 цэнтнеры з гектара, у той час як у Магілёўскай і Віцебскай абласцях фермерскія гаспадаркі маюць сціплыя 32 і 22 цэнтнеры з гектара садоў ды ягаднікаў.

Дзіва што! На поўдні Беларусі ўжо даўно перасталі быць экзотыкай бахчавыя. Летась адны толькі сельгасарганізацыі нашай краіны вырасцілі 700 тонаў кавуноў. Беларускія кавуны вытворцы-імпартазамяшчальнікі рэкламуюць як чысты прадукт з вельмі нізкім утрыманнем нітратаў — у адрозненне ад многіх прывазных і з больш высокім узроўнем цукраў. Але чым верыць на слова, давайце пры канцы жніўня — у пачатку верасня праверым-пакаштуем.


Супердаходная ягада

А пакуль прыгадаем школьную батаніку: правільна, кавун — гэта ягада. Хаця ў побытавым успрыняцці яго адносяць да садавіны. А расце ён на зямлі як гародніна. Аўтар гэтых радкоў некалькі гадоў таму спрабаваў пасадзіць кавуны на лецішчы пад Мінскам. Атрымаў задавальненне-трымценне ад эксперыментальнага працэсу, які скончыўся фіяска яшчэ да стадыі завязі. Натуральна, што цяперашні клімат дазваляе плённа займацца кавунаводствам у першую чаргу на цёплай Брэстчыне ці Гомельшчыне.

Адмыслоўцы кажуць, што пад плантацыі кавуноў варта адводзіць добра праграваныя і асветленыя сонцам, абароненыя ад вятроў участкі зямлі з паўднёвым, паўднёва-заходнім і паўднёва-ўсходнім схіламі. Лепшыя пасадкавыя папярэднікі для бахчавых — аднагадовыя бабовыя (гарох, лубін, соя, фасоля) і азімыя зерневыя. Неблагія папярэднікі — штосьці з гародніны, і гэта ўжо можа пасаваць дачнікам (капуста, цыбуля, аднак не пасуюць гуркі). Але ўмова — пад іх павінны былі ўносіцца арганічныя ўгнаенні. Зноў на тым самым месцы вырошчваць кавуны можна праз 4–5 гадоў. Асноўная памылка — часты паліў. Кавун гэтага не любіць, бо ў яго пачынае хварэць каранёвая сістэма.

Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Акадэміі навук распрацавала адмысловы тэхнічны рэгламент «Прамысловае вырошчванне кавуна ў адкрытым грунце». Адмыслоўцы раяць нідэрландскія гібрыды «Раманза F1», «Топ-ган F1». Дарэчы, менавіта іх вырошчвае на палетках сваіх рэзідэнцый і выхваляецца на ўсю краіну Лукашэнка.

Рэнтабельнасць вырошчвання кавуноў нашымі навукоўцамі разлічана ў дыяпазоне ад 70% пры пасадках насеннем да 150% пры выкарыстанні рассаднага спосабу! Чысты даход — да 3000 долараў з гектара. Хаця некаторыя адмыслоўцы-практыкі сцвярджаюць, што можна мець чысты прыбытак у памеры 6–7 тысяч долараў. Калі так, то ў хуткім часе, глядзіш, з бульбянога краю ператворымся ў кавуновы.