Яблычная незалежнасць

«Новы Час» высветліў, ці хапае нам сваёй садавіны, чаму беларускіх яблыкаў мала ў крамах і яны даражэйшыя за польскія?

Фота www.rgazeta.by

Фота www.rgazeta.by

Пры канцы зімы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўхваліла рэкамендацыі па забеспячэнні выканання палажэнняў Дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі.
Харчовая незалежнасць ацэньваецца паводле 10 групаў прадуктаў — у тым ліку, паводле аб’ёмаў вырошчвання і перапрацоўкі садавіны і ягадаў.

Харчовая незалежнасць ацэньваецца паводле 10 групаў прадуктаў — у тым ліку, паводле аб’ёмаў вырошчвання і перапрацоўкі садавіны і ягадаў. «Новы Час» высветліў, ці хапае нам сваёй садавіны, чаму беларускіх яблыкаў мала ў крамах і яны даражэйшыя за польскія?

Смачная дактрына

Харчовая бяспека дзяржавы ацэньваецца па некалькіх узроўнях. Аптымістычны — дастатковы для забеспячэння патрэбаў унутранага рынка за кошт уласнай вытворчасці на 80–85%, імпарту — 15–20%. Недастатковы — узровень вытворчасці, які забяспечвае патрэбу ўнутранага рынка больш як на 60%, але менш чым на 80%. І ніжэй за недастатковы — крытычны, калі настае аслабленне эканамічнай бяспекі. Паводле эканамістаў, забеспячэнне нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі звязана з уздзеяннем знешніх і ўнутраных чыннікаў ды пагрозаў. Вонкавыя пагрозы — наступствы стану макраэканомікі і адкрытасці нацыянальнай эканомікі, у тым ліку змяненні кан’юнктуры сусветнага рынку (рост коштаў або зніжэнне аб’ёмаў прапановы), а таксама імпарт харчавання, які не адпавядае патрабаванням высокай якасці і здаровага харчавання. Унутраныя фактары — апярэджанне росту коштаў на спажывецкія тавары павышэння даходаў насельніцтва.

Дактрына нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі прадугледжвае зніжэнне долі харчовых тавараў замежнай вытворчасці ў аб’ёме продажаў у арганізацыях гандлю да 15% у 2020 годзе і да 14% — да 2030 года. Цяпер сітуацыя такая: па выніках мінулага 2019 года доля імпартаванага харчавання ў беларускіх гандлёвых кропках склала 22,5%. Але доля асобных прадуктаў, што завозяцца ў Беларусь, застаецца ў раздробавым гандлі вельмі высокай. І лідзіруюць тут якраз садавіна з ягадамі — 91,6%! Лічба ўражвае. Але гэта менавіта крамная рэчаіснасць. Агулам узровень харчовай самазабяспечанасці нашай краіны па пазіцыі «Садавіна і ягады» больш салідны, хаця і крытычны.

Варта здзяйсняць захады, каб крамны садавінна-ягадны асартымент быў больш прадстаўлены тым, што вырошчваецца ў нашай краіне. Вось што прапануе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Рэкамендавана забяспечыць размяшчэнне і выкладку беларускай прадукцыі ў візуальна і фізічна дасяжных месцах, а таксама абазначаць такія месцы спецыяльным надпісам «Зроблена ў Беларусі». Пры фарміраванні раздробавых коштаў кіравацца гранічнымі максімальнымі ўзроўнямі гандлёвых надбавак на сацыяльна значныя тавары на 2020 год. Сярод гэтых тавараў фігуруюць яблыкі. Для іх найвышэйшы памер гандлёвай надбаўкі — 30%. Павінен быць адзіны падыход да фарміравання адпускных коштаў на аналагічную прадукцыю пры пастаўках на ўнутраны рынак і ў дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза.

Апрача таго, МАРГ практыкуе абавязванне гандлёвых суб’ектаў мець у асартыменце пэўную колькасць гатункаў беларускіх яблыкаў. Але пакупнікам часцяком прапануюцца прывазныя яблыкі. Прычым іх цэннік — меншы за беларускую прадукцыю. Чыноўнікі з галіны гандлю так тлумачаць гэтую сітуацыю: маўляў, розніца ў коштах, часам істотная, утвараецца тады, калі на адным прылаўку ляжаць свежыя беларускія яблыкі і, скажам, польскія ўраджаю мінулага года. Адпаведна, яны таннейшыя.


«Хімія» для яблыкаў

Падаўжаць тэрмін захоўвання спосабаў хапае. Напрыклад, яблыкі ляжаць у адмысловых сховішчах, апрацоўваюцца ад усыхання і грыбкоў кансервантамі, антыакісляльнікамі, ахоўнымі газамі, глазуравальнікамі. Вы бачылі і куплялі такія яблыкі — ліпкія на вобмацак.

Яблыкі, якія доўга ляжаць, губляюць частку вітамінаў. Карыснасць яблык — доўгая гаворка. Для прыкладу скажам, што ў паўдзясятку зярнятак — суткавая патрэба чалавека ў ёдзе. А вось парада ад адмыслоўцаў і для здароўя, і для эканоміі: яблыкі малых і сярэдніх памераў больш каштоўныя, чым буйныя плады. Таму што ў кожным плодзе незалежна ад яго памеру прыкладна аднолькавая канцэнтрацыя карысных рэчываў. Груба кажучы, вялікія яблыкі «вадзяністыя».

Ужо цягам двух дзясяткаў гадоў у выдатках беларускіх сем’яў на харчаванне садавіна і ягады займаюць стабільныя 2,4–2,7%. Гэта прыкладна столькі, колькі грошай траціцца на грамадскае харчаванне і крыху менш, чым на алкаголь ды тытунь. Агульны гадавы аб’ём спажывання садавіны, ягадаў і прадуктаў іх перапрацоўкі на душу насельніцтва, паводле Белстату, быў з 2014-га па 2018-ы адпаведна 76, 79, 90, 89 і 92 кілаграмы.

А вось у сем’ях, што маюць дзяцей да 16 гадоў, ядуць толькі 58 кілаграмаў садавіны і ягадаў на кожнага на год. Дарэчы, чым больш дзяцей у сям’і, тым гэты паказчык меншы. У сем’ях з адным дзіцем — 62, з двума — 55, з трыма і болей — 42. Па гародніне, дарэчы, сітуацыя такая самая — 71, 62 і 53 кілаграмы на сям’ю ў залежнасці ад колькасці дзяцей у ёй. Тое самае па рыбе. Зрэшты, і па іншых катэгорыях прадуктаў. Адметна, што адваротная сітуацыя толькі па таннай бульбе. Заканамернасць па даступнасці паўнавартаснага здаровага харчавання відавочная.

Між тым, рацыянальныя нормы спажывання садавіны і ягадаў, якія падае Навукова-практычны цэнтр па харчаванні Акадэміі навук для дзяцей і падлеткаў, значна вышэйшыя. Хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце 11–16 гадоў павінны іх есці па 125 кілаграмаў на год. Дзеці, якім ад 4 да 10 гадоў, мусяць спажываць 93 кілаграмы. Нарэшце, малеча 1–3 гадоў павінна мець у гадавым рацыёне 76 кілаграмаў садавіны і ягад.


Каронавірусам — па бананах

Добра, што дзеці ядуць садавіну не толькі дома, але таксама ў школах і садках. У згаданым НПЦ па харчаванні праводзілі апытанне, каб высветліць стаўленне бацькоў, вучняў і настаўнікаў да арганізацыі школьнага харчавання. Асноўныя пажаданні бацькоў датычна меню былі наступныя: разнастаіць яго, замяніўшы каўбасныя вырабы на стравы з натуральных мясных прадуктаў, выключыць мучныя вырабы, чыпсы і газаваныя напоі і дадаць болей садавіны, салатаў з гародніны і сокаў. Прадказальна высветлілася, што ў садавінным рацыёне апытаных пераважаюць яблыкі (спажыванне 2–6 разоў на тыдзень) ды цытрусавыя. Натуральныя сокі з садавіны п’юцца 3–4 разы на месяц. Між тым, паводле дадзеных па імпарце садавіны, беларусы багата ядуць бананаў. Дарэчы, у апошнія месяцы па ўсім свеце спажыванне бананаў зменшылася. Маўляў, праз іх можа распаўсюджвацца каронавірус.

Гэта ўсё — панічныя чуткі, таму не ігнаруйце бананы, калі яны вам даспадобы. Якраз бананы ды іншая садавіна, якая не расце ў Беларусі, і павінна прадавацца ў нашых крамах. Ну а яблыкі з грушамі — грэх завозіць. Прынамсі, у такіх колькасцях, як гэта ёсць цяпер. Іншая справа, што селекцыянерам і пладаводам варта папрацаваць над разнастайнасцю і ўраджайнасцю канкурэнтных гатункаў. Тады і ў крамах імпартаванай садавіны будзе менш, і ўзровень самазабеспячэння ёй вырасце. Хаця, напрыклад, у 2018 годзе, дзякуючы выдатнаму ўраджаю, ён склаў салідныя 80%. У папярэднія гады вагаўся ад 43% да 63%. Натуральна, што многія беларусы рознай садавіной (ад яблыкаў да малінаў, у свежым выглядзе і ў «закатках») цалкам ці амаль цалкам забяспечваюць сябе самі.

Таму вышэй мы і адзначылі, што агромністая доля імпартаванай садавіны ў крамах — толькі на першы погляд трывожная статыстыка, якая, сярод іншага, на сумленні рытэйлу.