Грошы з яблычным водарам

Хтосьці робіць кар’еру ў IT-галіне з дапамогай «яблыка», а нехта працуе з жывым натурпрадуктам. Прычым гэта можа быць як складаная навуковая праца ў Акадэміі навук, так элементарная збіральніцкая ў «калгасным» садзе — выбірайце паводле сваіх уменняў і зацікаўленасці.

sad4.jpg


Дарэчы, пра навуку. Вывядзенне новага гатунку яблык увайшло ў Топ-10 вынікаў беларускіх вучоных за 2018 год. Адзначаны аўтарскі калектыў Інстытута пладаводства Акадэміі навук «за стварэнне арыгінальнага гібрыднага фонду яблыні з выкарыстаннем маркер-спадарожнай селекцыі, што дазволіла атрымаць выбітны гатунак сярэдняга тэрміну выспявання з павышанай ураджайнасцю, высокай зіматрываласцю і ўстойлівасцю да хваробаў».


«Крапач» ды іншыя

Гаворка пра гатунак «Крапач». Так нашы продкі называлі людзей, якія былі здольныя да выжывання ў складаных умовах. Ідэя належыць загадчыцы лабараторыі генетычных рэсурсаў пладовых, арэхаплодных культур і вінаграду Інстытута пладаводства Зоі Казлоўскай. Назва гатунку ўтворана ад вёскі Крапачы Баранавіцкага раёна, дзе яна вырасла.

«Крапач» — элітны гібрыд, прыдатны для вырошчвання экалагічнай прадукцыі. Ён паходзіць ад чэшскага гатунку «Атава» і беларускага «Вербны №1». «Крапач» уступае ў таварнае плоданашэнне на другі год пасля пасадкі. Сярэдняя ўраджайнасць — 30 тонаў з гектара. Памер пладоў — больш за сярэдні. Маса сягае за 160 грамаў. Мякаць сакавітая, хрумсткая, кіславата-салодкая. Таварнасць яблыкаў — 93%. Плады добра захоўваюцца пры натуральным ахалоджванні, без рэгуляванага газавага асяроддзя, цягам двух месяцаў. Паводле селекцыянераў, новы гатунак пераўзыходзіць найлепшы цяпер айчынны аналаг «Прамяністы», а таксама замежныя — украінскі «Слава пераможцам» і літоўскі «Аўксіс». Выснова адмыслоўцаў: укараненне ў вытворчасць новага гатунку «Крапач» пашырыць прамысловы асартымент яблыні і дазволіць павысіць ураджайнасць не менш як на 18%, выхад таварнай прадукцыі — на 3% і ўзровень рэнтабельнасці — на 25%. А яшчэ палепшыць экалагічную сітуацыю ў садах і дазволіць зэканоміць сродкі на хімабарону: «Крапачу» дастаткова двзюх прафілактычных апрацовак увесну і ўвосень.

А вось якія гатункі розных відаў садавіны, «правераныя часам», раяць у Інстытуце пладаводства Акадэміі навук. На любы густ, розных тэрмінаў выспявання, з трывалым імунітэтам да хваробаў. Гаворка пра гатункі, якія ўключаныя ў Дзяржаўны рэестр або знаходзяцца на выпрабаванні.

Такім чынам, гатункі яблыні: «Алеся», «Антэй», «Беларускі сінап», «Беларускі малінавы», «Беларускі салодкі», «Вербны», «Весяліна», «Дарунак», «Алена», «Заслаўскі», «Імант», «Каваленкаўскі», «Мінскі», «Надзейны», «Памяці Каваленкі», «Памяці Сікоры», «Памяці Сюбаравай», «Поспех», «Сябрына» «Чараўніца»; грушы: «Беларуская позняя», «Берэ лошыцкая», «Духмяная», «Забава», «Лагодная», «Проста Марыя», «Ясачка»; сліва: «Венера», «Віцебская позняя», «Далікатная», «Кромань», «Нарач», «Чарадзейка»; вішня: «Вянок», «Грыёт беларускі», «Жывіца», «Заранка», «Навадворская», «Сеянец»; чарэшня: «Віцязь», «Гасцінец», «Гронкавая», «Красуня», «Медуніца», «Народная», «Асалода», «Сюбараўская», «Паўночная».

Парада наконт гатункаў яблыкаў, якія могуць захоўвацца да вясны: напрыклад, «Імант», «Алеся», «Заслаўскае», «Памяці Сікоры», «Дарунак», «Беларускі малінавы». Шукайце ў кропках рэалізацыі саджанцаў. І зможаце забяспечваць сябе ўласнымі яблыкамі амаль на паўгода. А калі дазваляюць садаводчыя маштабы, то і зарабіць.


Што нападае з яблынь у гаманец?

Закупачныя кошты на гэты сезон яшчэ не вядомыя. Можна арыентавацца па мінулых гадах. Цэннік залежыць ад якасці прадукцыі, рэгіёна і, вядома, ураджайнасці. Прычым цягам сезона закупачная цана за кілаграм прадукцыі ў залежнасці ад аб’ёмаў попыту і прапановы можа або расці, або падаць. Напрыклад, у рэкордны па ўраджайнасці сезон 2018 года кошты знізіліся ўтрая — з 15 капеек да 10, а затым — да 5 за яблыкі-апад, а тое і па 3 капейкі ў некаторых мясцінах. То-бок, за мех можна было атрымаць усяго паўтара рубля. У мінулым годзе закупачны цэннік ападу, наадварот, рос — 10, 15 капеек і крыху вышэй. Гэта закуп яблыкаў на прамысловую перапрацоўку. За таварныя яблыкі, знятыя ўручную на продаж і захоўванне, давалі ад 60 капеек да 1 рубля 20 капеек за кілаграм.

Тут ужо зусім іншыя даходы. Як маеце жаданне і салідны капітал, падавайцеся ў садаводы-фермеры — закладайце новы сад на гектары або купляйце існы як гатовы бізнес. Натуральна, гэта дастаткова вялікія затраты — ад закупкі саджанцаў і адмысловай тэхнікі да ўсталявання агароджы, каб дрэвы не пашкодзілі зайцы, дый не толькі яны. А яшчэ ж яблыкі трэба не проста вырасціць, але і захоўваць ды прадаваць.

Вось, напрыклад, прапанова продажу яблынева-грушавага сада ў Стаўбцоўскім раёне. Дзесяць гатункаў яблыкаў і пяць грушаў. Трактар з прычэпамі, садовая касілка, плуг, культыватар, бур, апырсквальнікі, падборшчык галінак, гідраўлічныя цялежка для збору яблыкаў... Сховішча: праўда, у дадзеным выпадку яго будаўніцтва закансерваванае. Штат супрацоўнікаў падабраны. Сад на 34 гектарах, агароджаны. Кошт — 500 тысяч рублёў! Таму калі не маеце фінансаў і адмысловай аграадукацыі, зрабіцеся спачатку дробным эфектыўным садаводам на дачы ці ў вёсцы. Натуральна, гэта павінен быць сад хоць бы з некалькімі дзясяткамі дрэваў, каб выпрабаваць розныя тэхналогіі і гатункі. Прынамсі, забяспечыце свежай садавіной і сокамі з яе сваю сям’ю.


Выціснуць усе сокі

Спецыялізаваную адукацыю можна атрымаць у некалькіх нашых ВНУ. Напрыклад, у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце на агранамічным факультэце. Спецыяльнасць — «Плодаагароднінаводства», а сфера дзейнасці — ад праектавання закладкі садоў да селекцыі. Важны момант: пры ГДАУ летась дзякуючы тэхнічнай міжнароднай дапамозе ААН пачаў дзейнічаць Цэнтр навучання і развіцця аграпрамысловага парка.

Веды і ўменні тут могуць атрымаць не толькі студэнты, але і фермеры. Пачынаючы ад бізнес-планавання і заканчваючы перапрацоўкай садавіны і ягад. Тут прапануюць як курсы прадпрымальніцтва, так і кансультацыйныя паслугі па аграрнай справе. Па садаводстве — абгрунтаванне падбору ўчастка і размяшчэння на ім сада, вызначэнне паказчыкаў урадлівасці глебы, рэкамендацыі па гатунковым складзе ды іншае. Што да атрымання навыкаў па перапрацоўцы садавіны, то ў аграпарку маюцца інфрачырвоныя сушылкі, машыны для рэзкі і пакавання, лінія вытворчасці сокаў прамога выціскання.

Завод па вытворчасці соку — таксама дарагое задавальненне. А ўвогуле ідэальны варыянт — поўны цыкл, калі вытворца яблыкаў іх і перапрацоўвае на сок ці сухафрукты. Буйныя беларускія фермеры якраз так і ро­бяць. Тое самае і перапрацоўшчыкі. Напрыклад, Талачынскі кансервавы завод мае пад яблыні 300 гектараў. Сёлета тут рыхтуюцца сабраць першы ўраджай новага гатунку «Дыямент». Маецца пад 30 гектараў больш рэнтабельных грушаў. Сёлета плошчы пашырацца. Прычым саджанцамі з уласнага гадавальніка.

Бадай, самы даступны бізнес з садавіной, калі не лічыць вулічны гандаль з латкоў, — гэта адкрыццё фрэш-бара (з асартыментам свежавыціснутых садавінавых і гароднінавых сокаў) або гатаванне і продаж карамелізаваных яблыкаў (іх кухарская перапрацоўка). На абсталяванне, сыравіну, арэнду працоўнага месца спатрэбяцца некалькі тысяч долараў. Дэсерт «Карамельны яблычак» проста робіцца ў фармаце вулічнага выязнога гандлю ў людных месцах. Канечне, пасля каронавіруснай эпідэміі.

Сыравіна — яблыкі і карамельны сіроп. Яблыкі чысцяцца, нанізваюцца на адмысловыя палачкі і глазуруюцца (карамелізуюцца) сіропам. Калі той сцякае, яблык прасушваецца і кладзецца на сподак. Амаль гатова, бо яшчэ карамелізаваную садавіну можна пасыпаць арэшкамі, марцыпанамі ці нечым яшчэ. Пасыпкі могуць разнастаіць асартымент. Зразумела, што спатрэбяцца расходнікі — посуд, пакеты, сурвэткі... Магчыма, такі дэсерт — на аматара, але арыгінальна і відовішчна: людзі любяць, калі нешта спрытна гатуецца на іх вачах.

Вам толькі застаецца рашыцца і адтачыць спрытнасць рук.