Каронавірус — як дарунак нябёсаў для «мудрых людзей»

Нішто нас так не радуе, як гора таварыша. А што тады казаць пра гора ворага? Дык гэта ж імяніны сэрца!

gazirouka_1_logo.gif

Чытаю на старонках самай саліднай газеты краіны: «Пандэмія выявіла тыя заганы палітычнага ладу ЕС, якія былі відавочныя і без усялякіх форс-мажораў: рыхласць і слабасць яго структураў кіравання, канкурэнцыя паміж нацыянальнымі і еўрапейскімі органамі ўлады. Аднак калі ў “мірны” час гэтыя недахопы можна было ігнараваць і адкладаць іх ліквідацыю ў доўгую скрыню, дык ва ўмовах крызісу яны могуць стаць фатальнымі».

Гэты букет заганаў пачалі заўважаць нават неспецыялісты на фоне поспехаў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Апошні поспех (у чарзе, але не па значэнні) адзіны палітык (АП) абмеркаваў з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам 14 траўня. Для тых, хто ўважліва не сочыць за інтэграцыйнай сагай двух брацкіх народаў, варта патлумачыць.

«Наша Расія» прадае газ у Еўропу па кошце $ 70 за 1000 кубаметраў, а аднаму з заснавальнікаў «Саюзнай дзяржавы» — за $ 127. І гэта ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі!

Зразумець шчодрасць у дачыненні да Еўрасаюза нескладана. Ён і без каронавірусных форс-мажораў дыхаў на ладан, а прадажныя палітыкі сваімі спробамі стрымаць распаўсюджванне эпідэміі толькі пагоршылі сітуацыю. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць: мільёны людзей засталіся без сродкаў да існавання.

Іншая справа — Беларусь, чый курс чвэрць стагоддзя таму АП выбудаваў «ад жыцця»! Крыху свежай статыстыкі: «Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Рэспублікі Беларусь у І квартале 2020 года склалі 107,1% да ўзроўню І квартала 2019 года».

І каму ў такім разе «наша Расія» павінна была падставіць плячо? Тым, хто сумняваецца ў правільнасці выбару ўсходняга суседа, патлумачу: датуючы Еўрасаюз, «Газпрам» тым самым падтрымлівае і беларускіх экспарцёраў.

Арыфметыка тут простая. У 2019 годзе Беларусь экспартавала тавараў на 32 936,5 мільёна долараў. Доля экспарту ў краіны Еўрасаюза склала 25,5% ($8 396,0 мільёна). Да жаданай траціны дацягнуць не ўдалося, але і чацвёртая частка — варты павагі вынік. Цяпер зразумела: калі б «Газпрам» не падтрымаў еўрапейскіх небаракаў, беларускія экспарцёры пазбавіліся б чвэрці сваіх даходаў. Але гэта яшчэ паўбяды! Хаос у Еўропе спародзіць хвалю бежанцаў, і першай краінай, якая пацерпіць ад чарговага Вялікага перасялення народаў, будзе Беларусь. Ці нам гэта трэба?!


Вопыт не падвёў

Ёрнічаць на тэму каронавіруса можна бясконца. Эпідэміі прыходзяць і сыходзяць, а праблемы, якія вызначаюць лёсы народаў, застаюцца. Яны фарміруюцца гадамі, калі не дзесяцігоддзямі. Адну з такіх праблем, дакладней, рэакцыю на яе, ілюструе табліца, скла­дзеная з дапамогай пошукавіка самай саліднай газеты краіны.

tablica_patryjot_sb.jpg

Здавалася б, слова «патрыёт» і вытворныя ад яго павінны праходзіць па разрадзе вечных каштоўнасцяў. Дэвальвацыя ім не пагражае. Асобныя ўсплёскі магчымыя, бо палітычныя крызісы, здольныя перарасці ў баявыя супрацьстаянні, яшчэ ніхто не адмяняў. Таму і даводзіцца трымаць порах сухім.

На першы погляд, 2016 год нічым асаблівым беларусам не запомніўся. Аднак усплёск цікавасці штатных прапагандыстаў не быў выпадковым. Аналагічная гісторыя адбылася і са словамі «суверэнітэт» і «незалежнасць». Калі за перыяд 2001–2015-га артыкулы, якія змяшчаюць гэтую «салодкую парачку», публікаваліся ў «СБ. Беларусь сегодня» ў сярэднім 3 разы на год, то за 2016-ы такіх артыкулаў я налічыў 69! Далей панеслася: 2017 год — 126, 2018 год — 102 і 2019 год — 188.

Сярод афарыстычных выказванняў пісьменніка Салтыкова-Шчадрына ёсць і такое: «Нешта занадта на патрыятызм напірае, напэўна, пракраўся».

Што ж прымусіла напіраць на патрыятызм «залатыя пёры» самай саліднай газеты краіны? Зразумела, што не па ўласнай ініцыятыве яны, нібы афрыканскія грыфы, накінуліся на асваенне святых для беларусаў слоў.

Вопыт — сын памылак цяжкіх — мне падказаў, што артыкулы, якія змяшчаюць словы з коранем «патрыёт», да 2016 года павінны былі размяркоўвацца нераўнамерна. Вопыт мяне не падвёў. Не, я не валодаю талентам прафесійных варажбітак, папросту раней ужо даводзілася рабіць аналагічныя падлікі са словамі «суверэнітэт» і «незалежнасць».

За студзень-травень такіх артыкулаў было ўсяго 6, а за астатнія сем месяцаў — аж 106! Якая ж навала напаткала беларусаў у чэрвені?


Дзякуй Уладзіміру Салаўёву

Імя гэтай навале — «Усебеларускі народны сход». У 2016 годзе ён быў пятым па ліку. Але, у адрозненне ад папярэдніх, упершыню народнаму сходу не наканавана было стаць фінальным акордам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Чацвёртая пяцігодка з трэскам правалілася. Ва ўмовах новай рэальнасці лагічна было лішні раз не нагадваць пра гэта электарату, таму правядзенне «Усебеларускага народнага сходу» было перанесена на год.

Ідэалагічная праца не церпіць пустаты. Нездарма ж амерыканскі лінгвіст Ноам Холмскі яшчэ ў мінулым стагоддзі прапанаваў 10 спосабаў кіравання грамадскай думкай. «Адцягненне ўвагі» займае ў яго спісе ганаровае першае месца.

Цытую па кнізе «Ціхая зброя для спакойных войнаў»: «Пастаянна адцягваць увагу грамадзян ад сапраўдных сацыяльных праблем, пераключаць яе на тэмы, якія не маюць рэальнага значэння. Дамагацца таго, каб грамадзяне пастаянна былі чымсьці занятыя, і ў іх не заставалася часу на разважанні; з поля — у загон, як і ўсе іншыя жывёлы».

Пасля «Крымнаш» і вайны на ўсходзе Украіны знайсці тэму для адцягнення ўвагі беларусаў было не вельмі складана. Ужо ў віншаванні АП з надыходам новага 2015 года праблема захавання міру стала цэнтральнай: «Ад расколу грамадства — адзін крок да ўсеагульнай нянавісці. А ад яе — адзін крок да вайны. І калі людзі забываюць пра каштоўнасці міру і згоды, то ўсе гэтыя тры крокі яны робяць у адно імгненне».

Так незаўважна цішком адбылася падмена ранейшага сацыяльнага кантракту «лаяльнасць у абмен на рост даходаў» на новы кантракт — «лаяльнасць у абмен на выжыванне».

У год пятых прэзідэнцкіх выбараў новы кантракт спрацаваў. Тэлевізар перамог халадзільнік. Не без дапамогі расійскіх прафесіяналаў. Дзякуй Уладзіміру Салаўёву. Сваю вілу на беразе італьянскага возера Кома ён зарабіў «ў поце твару свайго». Пытанняў на гэты конт да яго няма і быць не можа.

Паспяховы абмен лаяльнасці на выжыванне магчымы толькі ва ўмовах надзвычайнага становішча. У 2015 годзе рэальныя грашовыя даходы беларусаў скараціліся на 6%, а ў 2016 годзе — на 7%. Аднак у пытаннях утрымання ўлады палітычны клас Беларусі здольны даць фору ўсім сваім калегам на еўрапейскім кантыненце. Таму і не стаў пяты «Усебеларускі сход» прахадным. Ён даў старт новай палітычнай парадыгме (ад грэчаскага παράδειγμα — узор, прыклад, мадэль), якой АП прытрымліваецца да гэтага часу.


Дзякуй таварышу Сі

Адштурхнуўшыся ад дна ў 2016-м, рост рэальных грашовых даходаў беларусаў працягнуўся: у 2017 годзе — на 3%, у 2018 годзе — на 8%, у 2019 годзе — на 6% і за першы квартал 2020 года — на 7,1%.

Атракцыён нечуванай шчодрасці! Бяда прыйшла, адкуль не чакалі. Зрэшты, яна заўсёды так прыходзіць. Кітайскі таварыш Сі Цзіньпін дапамог.

У 2016 годзе правал пяцігадовага плана з трыбуны «ўсенароднага веча» быў растлумачаны неспрыяльнымі знешнімі фактарамі: «...на вашых вачах упаў валавы ўнутраны прадукт у Еўрасаюзе. Знізіліся тэмпы развіцця эканомікі нашага асноўнага партнёра — Расіі. Гэта істотна абмежавала магчымасці Беларусі нарошчваць аб’ёмы экспарту і вытворчасці. У гэтым асноўная прычына адставання ў выкананні прагнозных паказчыкаў».

Эпідэмія каронавіруса — дарунак нябёсаў, а ў краіне, населенай мудрымі людзьмі, гэты бонус ад нечаканага дарунку можна смела памнажаць на два. Не верыце? Тады дазволю сабе яшчэ адну цытату з таго ж лёсавызначальнага дакумента: «Беларусы — людзі мудрыя, яны выдатна бачаць, што адбываецца ў свеце, разумеюць сапраўдныя прычыны і цяжкасці. І разумеюць, што ў цяперашніх умовах самыя галоўныя, самыя дарагія нашы каштоўнасці — гэта мір у краіне, незалежнасць, бяспека кожнага. Будзе гэта — усе астатнія праблемы мы вырашым».

Гэта на этапе росту эканомікі размовы пра праблемы беларускай мадэлі можна было замяніць навінамі спорту, шоу-бізнесу, містыкі, ходу пасяўных і ўборачных. Масавы чалавек на такога кшталту навіны актыўна рэагуе. Толькі паспявай нажыўляць і закідваць вуду.

Але да лета 2016 года спецыялістам па кіраванні (маніпуляванні) грамадскай думкай стала канчаткова зразумела, што на такім інфармацыйным дробнатэм’і рэйтынг АП не ўтрымаць. Давялося задзейнічаць «цяжкую артылерыю» — незалежнасць, суверэнітэт, патрыятызм. Актуальнасць абстрэлаў з тых часоў не знізілася. Але жыццё не стаіць на месцы. Да гэтага спісу дадаўся каронавірус.